Аранжавая рэвалюцыя (Майдан, ) — кампанія агульнанацыяльных пратэстаў, мітынгаў, пікетаў, страйкаў і іншых акцый грамадзянскага непадпарадкавання ва Украіне, арганізаваная і праведзеная прыхільнікамі Віктара Юшчанкі, асноўнага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах у лістападзе-снежні 2004 года, пасля абвяшчэння Цэнтральнай выбарчай камісіяй папярэдніх вынікаў, згодна якіх перамог яго супернік — Віктар Януковіч. Акцыя пачалася 22 лістапада 2004 года.
Асноўнай базай аб'яднанай апазіцыі сталі заходнія і цэнтральныя рэгіёны краіны, у той час як Віктара Януковіча падтрымаў усход і поўдзень Украіны. Грамадская думка заходніх краін была пераважна на баку ўкраінскай апазіцыі.
Асноўным вынікам рэвалюцыі было прызначэнне судом паўторнага другога туру прэзідэнцкіх выбараў (не прадугледжанага наўпрост заканадаўствам). У выніку кампрамісу, дасягнутага фракцыямі Вярхоўнага Савета, пасля прызначэння паўторнага другога туру выбараў былі прыняты змены да Канстытуцыі, якія атрымалі назву Канстытуцыйная рэформа. Канстытуцыйная рэформа зменшыла паўнамоцтвы прэзідэнта, і, такім чынам, знізіла ўзровень значнасці спрэчных прэзідэнцкіх выбараў.
Па выніках галасавання ў паўторным другім туры выбараў перамогу атрымаў Віктар Юшчанка.
Змена кіруючай эліты Украіны, што адбылася ў выніку «Аранжавай рэвалюцыі», і звязаная з гэтым радыкальная пераарыентацыя ўнутранага і знешнепалітычнага курсу краіны далі падставу шматлікім назіральнікам казаць аб чарзе «каляровых» рэвалюцыяў, якая пачалася са змены ўлады ў Сербіі і працягнулася ў Грузіі, Украіне і Кыргызстане, спрабаваць знайсці аналогіі паміж імі і вызначыць тыя дзяржавы, у якіх магчымы паўтор «каляровых» рэвалюцыяў. Са свайго боку, улады краін, якія называліся як патэнцыйныя аб'екты скарыстання «рэвалюцыйнага досведу», пачалі пэўныя контрзахады для недапушчэння гэтага (у тым ліку і Беларусь).
Галоўным лозунгам рэвалюцыі стала выслоўе «Разом нас багато, Нас не подолати!» ()
Гл. таксама Еўрамайдан Прэзідэнцкія выбары ва Украіне, 2004 Палітычны крызіс ва Украіне, 2004 Дзень свабоды, Украіна Каляровая рэвалюцыя
Спасылкі
Фотаархіў Аранжавай рэвалюцыі
Катэгорыя:Гісторыя Украіны Катэгорыя:Палітыка Украіны Катэгорыя:Акцыі пратэсту ва Украіне 22 Катэгорыя:2004 год ва Украіне Катэгорыя:Рэвалюцыі XXI стагоддзя
Катэгорыя:Снежань 2004 года