Сафо́кл (; каля 496 да н.э., Калон, Атыка — 406 да н.э.) — старажытнагрэчаскі драматург.

Нарадзіўся ў 495 годзе да н. э., у афінскім прадмесці Калон. Месца свайго нараджэння, здаўна праслаўленае святынямі і алтарамі Пасейдона, Афіны, Еўменід, Дэметры, Праметэя, паэт апеў у трагедыі «Эдып ў Калоне». Паходзіў з заможнай сям'і Сафіла, атрымаў добрую адукацыю.

Пасля Саламінскай бітвы (480 год да н. э.) удзельнічаў у народным свяце як кіраўнік хору. Двойчы быў абраны на пасаду стратэга і адзін раз выконваў абавязкі члена калегіі, якая ведала саюзнай казной. Афіняне абралі Сафокла ў стратэгі ў 440 годзе да н. э. падчас Самоскай вайны пад уражаннем яго трагедыі «Антыгона», пастаноўка якой на сцэне прыпадае, такім чынам, да 441 года да н. э.

Галоўным яго заняткам было складанне трагедый для афінскага тэатра. Першая тэтралогія, пастаўленая Сафоклам у 469 годзе да н. э., прынесла яму перамогу над Эсхілам і адкрыла сабой шэраг перамог, атрыманых на сцэне ў спаборніцтвах з іншымі трагікамі. Крытык Арыстафан Візантыйскі прыпісваў Сафоклу 123 трагедыі.

Сафокл адрозніваўся вясёлым, таварыскім характарам, не цураўся радасцяў жыцця, як відаць са слоў нейкага Кефала ў Платонавай «Дзяржаве» (I, 3). Быў блізка знаёмы з гісторыкам Герадотам. Памёр Сафокл на 90-м годзе жыцця, у 406 г. да н. э. у горадзе Афіны. Гараджане збудавалі яму ахвярнік і штогод ўшаноўвалі як героя.

Сын Сафокла — Іяфон сам стаў афінскім трагікаў.

Біяграфічныя звесткі Граў важную ролю пры ўвядзенні ў Афінах культу Асклепія (420—419 да н.э.), і за гэта, відаць, атрымаў і рэлігійнае ўшанаванне — пасля смерці, як паўбог, атрымаў імя Дэксій.

Сын Сафіла; ані разу не пакідаў Афінаў. Меў спакойны, ураўнаважаны характар, карыстаўся агульнай любоўю; сябраваў з Перыклам.

18 разоў перамагаў са сваімі творамі на конкурсах, усе іншыя разы браў другое месца. Аўтар трагедый. Буйнейшую трагедыю «Цар Эдып» напісаў у семдзесят пяць гадоў. А ў дзевяноста зноў вярнуўся да любімага героя ў п'есе «Эдып у Калоне», каб усё ж высветліць для сябе, чаму багі караюць невінаватага.

Творчасць Крытык Арыстафан Візантыйскі прыпісваў Сафоклу 123 трагедыі. Да нашага часу дайшлі поўныя тэксты сямі трагедый: «Цар Эдып» («Эдып-цар»), «Антыгона», «Электра», «Філактэт», «Аякс», «Трахінянкі», «Эдып у Калоне».

Сюжэт трагедыі «Цар Эдып» наступны. Эдып забівае бацьку, не ведаючы, што гэта бацька, і бярэ шлюб з маці, зноў-такі не ўяўляючы ісціны. Багі караюць яго, хоць усё было прадвызначана імі ж яшчэ да з’яўлення Эдыпа на свет. У маладосці, даведаўшыся пра сваю небяспечную будучыню ў Дэльфійскага аракула, Эдып робіць усё, каб пазбегнуць такога лёсу, але кожны яго крок толькі садзейнічае запланаванаму на Небе развіццю падзей. Удары Року, здаецца, знішчаюць чалавека: маці-жонка Іакаста заканчвае жыццё самагубствам, сам Эдып асляпляе сябе і пакідае Фівы. І ўсё ж у кашмарнай сітуацыі застаецца нешта нявыяўленае, нявытлумачанае. Высакародны чалавек ідзе на злачынствы па волі багоў, і яны ж вінавацяць яго ў гэтым. Эдып адчувае, што багі адступіліся ад яго, і адзінае яго імкненне — зноў яму, злачынцу, наблізіцца да багоў.

У трагедыі «Эдып у Калоне» апісваецца дзіўная смерць Эдыпа: ён проста знікае ў ззянні святла, нібы багі, як бы кампенсуючы сваю несправядлівасць у адносінах да чалавека, прымаюць яго да сябе. Нямецкі філосаф Ф. Ніцшэ (XIX ст.) выказаў меркаванне, што сваёй незвычайнай смерцю Эдып заслужыў свет, дзе не дзейнічае Рок. Для іншага буйнейшага філосафа і псіхолага — аўстрыйца 3. Фрэйда — сюжэт пра Эдыпа стаў асновай яго тэорыі псіхааналізу.

Надзвычай глыбокая па змесце яшчэ адна трагедыя Сафокла — «Антыгона». Яна распавядае пра дзяцей Эдыпа, бо Рок звычайна карае ўвесь род. Сыны героя Этэокл і Палінік не маглі падзяліць уладу пасля смерці бацькі. Палінік вядзе ворагаў на горад Фівы. Абодва сыны Эдыпа гінуць. Функцыі ўладара бярэ на сябе брат Іакасты — Крэонт. Ён з пашанай хавае Этэокла, які адстойваў родны горад, а труп здрадніка Палініка кідае на спажыву сабакам і драпежным птушкам. Пад пагрозай смяротнага пакарання сястра абодвух загінулых Антыгона хавае Палініка. Крэонт жорстка карае сваю пляменніцу, замураваўшы яе жывою. У склепе Антыгона заканчвае жыццё самагубствам. Ад адчаю закалоў сябе яе жаніх Гемон — сын Крэонта. Маці Гемона, жонка Крэонта, таксама выбірае смерць. Крэонт застаецца адзін, расплаціўшыся адзінотай за сваю вернасць літары закону.

Сафокл не асуджае ніводнага са сваіх герояў. Учынак Антыгоны, безумоўна, выклікае захапленне. Але і Крэонт мае рацыю на ўзроўні палітычнай неабходнасці, цяжкага ваеннага становішча горада. Ён лічыць, што ўшанаваць мёртвага здрадніка Палініка — значыць пакрыўдзіць памяць патрыёта Этэокла. Вобраз Крэонта ўвасабляе сабою дзяржаўны парадак і грамадзянскае права, юрыдычны закон. Космас Антыгоны больш шырокі. Яна адстойвае пераважнае права няпісаных законаў, якімі заўсёды кіруецца народ, над законамі афіцыйнымі. Антыгона спакойна прымае смерць, даючы ўрок перавагі свабоднай душы над палітычным парадкам.

Усведамленне абмежаванасці чалавечых магчымасцей пад уладай вечных багоў (законаў Космасу) не пазбаўляе герояў Сафокла актыўнасці, свабоды волі, адказнасці за свае дзеянні. У той жа час тут усё ж сцвярджаецца ўсёмагутнасць волі багоў, прытым, што маральна-этычны сэнс іх імкненняў застаецца загадкай для людзей. Няпісаныя законы, якімі кіруецца Антыгона, устаноўленыя, на думку аўтара, багамі, а Крэонт, які іх парушае, ва ўсім церпіць паразу. Імкненне змагацца з Рокам у Эдыпа непазбежна заканчваецца расплатай ад Рока — тых жа Законаў. Воля багоў усёмагутная, але ж людзі, якія супрацьстаяць ёй, — Эдып, Крэонт — таксама надзеленыя магутнай воляй. Таму гэтыя вобразы атрымаліся такія яркія, незвычайныя. Праўда, велічныя, моцныя духам і тыя, хто змагаецца за свае правы кіравацца няпісанымі законамі ў жорстка рэгламентаваным соцыуме — як Антыгона. Героі Сафокла, што самастойна выбіралі свой шлях, сведчылі пра ўсё большае значэнне індывідуальнага пачатку ў літаратуры Антычнасці.

На беларускую мову творы Сафокла перакладалі Ю. Дрэйзін, Л. Баршчэўскі.

thumb|Пітэр Паўль Рубенс,Сафокл, 1638 Змены ў пастаноўцы дзеяння Адпаведна поспехам, якімі трагедыя была абавязаная Сафоклу, ім зробленыя новаўвядзенні ў сцэнічнай пастаноўцы п'ес. Так, ён павялічыў колькасць акцёраў да трох, а колькасць харэўтаў з 12 да 15, скараціўшы ў той жа час харавыя часткі трагедыі, удасканаліў дэкарацыі, маскі, наогул бутафорскі бок тэатра, унёс змену ў пастаноўку трагедый у выглядзе тэтралогіі, хоць не вядома ў дакладнасці, у чым гэтая перамена выяўлялася. Нарэшце, ён жа ўвёў ва ўжыванне размаляваныя дэкарацыі. Усе перамены мелі мэтай надаць дзеянню драмы на сцэне больш руху, узмацніць ілюзію і ўражанне, якое атрымлівае глядач ад трагедыі. Захоўваючы за імпрэзай характар ўшанавання боства, святога дзейства, якім была трагедыя першапачаткова, па самым паходжанні сваім з культу Дыяніса, Сафокл ачалавечыў яго значна больш, чым Эсхіл. Ачалавечванне легендарнага і міфічнага свету багоў і герояў пайшло следам непазбежна, як толькі паэт засяродзіў сваю ўвагу на больш глыбокім аналізе душэўных станаў герояў, якія былі вядомыя публіцы да гэтага часу толькі па знешніх зменнасцях іх зямнога жыцця. Адлюстраваць душэўны свет напаўбагоў магчыма было няйначай, як рысамі простых смяротных. Пачатак такому абыходжанню з легендарным матэрыялам пакладзены быў бацькам трагедыі Эсхілам: дастаткова нагадаць створаныя ім вобразы Праметэя або Арэста; Сафокл пайшоў далей па слядах папярэдніка.

Характэрныя рысы драматургіі

Сафокл любіў сутыкаць паміж сабой герояў з рознымі жыццёвымі прынцыпамі (Крэонт і Антыгона, Адысей і Неапталем і інш.) або супрацьпастаўляць людзей з аднолькавымі поглядамі, але з рознымі характарамі — дзеля падкрэслення сілы характару аднаго пры яго сутыкненні з іншым, слабахарактарным (Антыгона і Ісмена, Электра і Хрысафеміда). Ён любіць і ўмее адлюстроўваць перапады ў настроі герояў — пераход ад вышэйшага запалу да стану заняпаду сіл, калі чалавек прыходзіць да горкага ўсведамлення сваёй слабасці і бездапаможнасці. Гэты пералом можна назіраць і ў Эдыпа ў фінале трагедыі «Цар Эдып», і ў Крэонта, які даведаўся пра смерць жонкі і сына, і ў Аякса (у трагедыі «Аякс»). Для трагедый Сафокла характэрныя рэдкія па майстэрстве дыялогі, дынамічнасць дзеяння, натуральнасць у развязванні складаных драматычных вузлоў.

Сюжэты трагедый

Ледзь не ва ўсіх трагедыях, якія дайшлі да нас, не шэраг палажэнняў ці знешніх падзей прыкоўвае да сябе ўвагу гледачоў, але паслядоўнасць душэўных станаў, перажываных героямі пад уплывам адносін, адразу ясна і канчаткова пастаўленых у трагедыі. Зместам «Эдыпа» служыць адзін момант з ўнутранага жыцця героя: выяўленне злачынстваў, ім зробленых, да пачатку трагедыі.

У «Антыгоне» дзеянне трагедыі пачынаецца з таго моманту, калі царская забарона хаваць Палініка абвешчана фіванцам праз вяшчальніка і Антыгона беспаваротна вырашыла гэту забарону парушыць. У абедзвюх трагедыях глядач сочыць за развіццём матываў, вызначаных на самым пачатку драмы, і знешняя развязка той ці іншай драмы можа быць лёгка прадбачаная гледачом. Якіх-небудзь нечаканасцяў, заблытаных ускладненняў аўтарам не ўводзіцца ў трагедыю. Але пры гэтым Сафокл дае нам не абстрактнае ўвасабленне той ці іншай жарсці або схільнасці; героі яго — жывыя людзі з уласцівымі чалавечай прыродзе слабасцямі, са знаёмымі кожнаму пачуццямі, адсюль непазбежныя ваганні, памылкі, злачынствы і г. д. Іншыя асобы, якія ўдзельнічаюць у дзеянні кожная надзеленая індывідуальнымі рысамі.

У «Эанце» душэўны стан героя вызначаны падзеяй, якая папярэднічае дзеянню трагедыі, і тое, што складае яе змест, гэта — рашучасць Эанта на самагубства, калі ён адчуў усю ганьбу дзеяння, учыненага ім у стане вар'яцтва.