Афана́сій Кі́рхер (; 1601 ці 1602, Гайза каля Фульды, Свяшчэнная Рымская імперыя — 1680, Рым, Папская вобласць) — нямецкі езуіцкі даследчык і ўніверсал, які выдаў каля 40 навуковых прац па розных галінах, найбольш значныя з якіх у арыенталізме, геалогіі і медыцыне. За сваю бязмежную сферу інтарэсаў Кірхер параўноўваўся з Руджэрам Бошкавічам і Леанардам да Вінчы, а таксама атрымаў тытул «Майстра сотні мастацтваў»Woods, p 108. У апошнія дзесяцігоддзі ў навуковых колах адбываецца ўзнаўленне зацікаўленасці да Кірхера.
Кірхер таксама сцвярджаў, што расшыфраваў старажытнае егіпецкае іерагліфічнае пісьмо, аднак пазней большасць яго прыпушчэнняў і перакладаў на гэтай глебе былі прызнаны бессэнсоўнымі. Тым не менш, ён слушна ўтварыў сувязь паміж старажытнай егіпецкай і сучаснай копцкай мовамі, і асобныя навукоўцы называюць яго заснавальнікам егіпталогіі. Таксама Кірхер захапляўся сіналогіяй і склаў энцыклапедыю Кітая, у якой адзначыў раннюю прысутнасць там нестарыянскіх хрысціян, адначасна паспрабаваўшы звязаць гэты факт з егіпецкай цывілізацыяй і хрысціянствам; сучасныя даследчыкі лічаць апошняе малаверагодным.
Працы Кірхера па геалогіі ўключалі вывучэнне вулканаў і акамянеласцей. Кірхер адным з першых выкарыстаў мікраскоп для выяўлення мікробаў і выказаў меркаванне, што чума была выклікана заразнымі мікраарганізмамі, а таксама прапанаваў эфектыўныя меры дзеля запабягання распаўсюджванню хваробы. Таксама навуковец меў глыбокую зацікаўленасць да тэхналогій і механічных вынаходніцтваў; яму прыпісваюць вынаходства магнітнага гадзінніка, разнастайных аўтаматаў і першага мегафона. Часта яго памылкова называюць і вынаходцам чароўнага ліхтара, але ў яго працы «Ars Magna Lucis et Umbrae» сапраўды сустракаецца вывучэнне прынцыпаў працы падобнага аб'екту.
Пад канец жыцця Кірхерава зорка была заслонена рацыяналізмам Рэнэ Дэкарта і іншых. Аднак у канцы XX стагоддзя эстэтычныя якасці яго працы ізноў былі ацэнены. Сучасныя даследчыкі называюць яго «гігантам сярод вучоных XVII стагоддзя», «адным з апошніх мысляроў, які правамоцна мог абвясціць усе веды сваімі ўладаннямі»Cutler, p 68 , «апошнім чалавекам Адраджэння».
Біяграфія Кірхер нарадзіўся 2 мая, аднак сам не ведаў, ці то 1601, ці то 1602 года ў Гайзе, Бухонія, каля Фульды (цяпер у Гесэне, Германія). Быў наймаладзейшым з дзевяці дзяцей у сям'і. У 1614—1618 навучаўся ў езуіцкім каледжы ў Фульдзе, па сканчэнні якога ўступіў у навіцыят Ордэна.
Яшчэ ў школе захапляўся вулканамі, дадаткова вывучаў іўрыт у рабіна. У Падэрборне навучаўся філасофіі і багаслоўю, але ў 1622 быў вымушаны ўцякаць у Кёльн у сувязі з набліжэннем пратэстанцкіх войскаў. Падчас вандроўкі ледзь не загінуў, праваліўшыся пад лёд на Рэйне. Гэта быў толькі адзін з мноства эпізодаў, калі яго жыццё вісела на валаску. Іншым разам, па дарозе ў Хайлігенштат, яго спаймалі і ледзь не павесілі пратэстанты.
У 1622—1624 Кірхер пачаў свой рэгенцкі перыяд у Кобленцы, працуючы настаўнікам. Пасля гэтага быў прызначаны ў Гайлігенштат, дзе выкладаў матэматыку, іўрыт і сірыйскую мову. Падчас візіту курфюрста-архібіскупа Майнца ён зладзіў феерверкі і рухомыя дэкарацыі, выявіўшы сваю зацікаўленасць механічнымі прыладамі.
У 1628 годзе Афанасій Кірхер пасвечаны ў святары і стаў прафесарам этыкі і матэматыкі Вюрцбургскага ўніверсітэта, дзе выкладаў таксама іўрыт і сірыйскую мову. З гэта пары ён таксама пачаў даследаваць егіпецкія іерогліфы.
У 1631 Кірхер выдаў першую кнігу «Ars Magnesia», дзе выклаў вынікі сваіх даследаванняў па магнетызме. У гэтым самым года з прычыны Трыццацігадовай вайны ён быў вымушаны з'ехаць у папскі Авіньёнскі ўніверсітэт у Францыі.
У 1633 імператар Фердынанд II запрасіў Кірхера ў Вену на пасаду прыдворнага матэматыка замест Іагана Кеплера. Афанасій Кірхер выправіўся ў шлях на караблі, аднак у гэты час Нікала-Клод Фабры дэ Пейрэск дабіўся анулявання дагавора з Габсбургамі і вырашыў накіраваць вучонага ў Рым дзеля працягу яго даследаванняў. Гэты загад не здолелі перадаць Кірхеру, аднак яго карабель па дарозе збіўся з курсу і замест Вены прыбыў у Рым. Тут навуковец і застаўся да канца свайго жыцця. Выкладаў у Collegio Romano матэматыку, фізіку і арыентальныя мовы цягам сямі гадоў, пасля чаго прысвяціў сябе даследніцкай працы. Вывучаў малярыю і чуму, сабраў калекцыю акамянеласцей, якія выставіў разам з уласнымі механізмамі ў Кірхерыянуме.
У 1661 Афанасій Кірхер адкрыў рэшткі царквы, меркавана збудаванай імператарам Канстанцінам на месцы прывіду святым Яўстахіем Хрыста сярод аленіх рагоў. Ён заняў грошы дзеля адбудовы царквы пад назвай Santuario della Mentorella, і пасля смерці ў гэтым храме было пахавана яго сэрца.
Працы Кірхер выдаў вялікую колькасць грунтоўных прац па розных тэмах, такіх як егіпталогія, геалогія, тэорыя музыкі. Яго сінкрэтычны падыход абвяргаў межы паміж дысцыплінамі, якія цяпер агульнапрынятыя: так, яго праца «Magnes» была нібыта прысвечаная магнетызму, а насамрэч вывучала і іншыя формы прыцягнення, такія як гравітацыя і каханне. Верагодна, найбольш вядомым творам Кірхера з'яўляецца «Œdipus Ægyptiacus» (1652-54), вялізнае вывучэнне егіпталогіі і параўнання рэлігій«Kircher, Athanasius.» Encyclopædia Britannica from Encyclopædia Britannica 2007 Ultimate Reference Suite. (2008)..
Лінгвістыка і культуралогія Егіпталогія
thumb|Копцкі алфавіт з «Prodromus coptus sive aegyptiacus». Да XIX стагоддзя, калі Томас Юнг і Жан-Франсуа Шампальён не расшыфравалі егіпецкія іерогліфы, галоўным знаўцам у гэтай галіне лічыўся грэчаскі граматыст Гарапалон, асноўным дасягненнем якога было памылкова ўяўленне, што іерогліфы былі «піктаграфічнымі напісамі» і будучыя перакладчыкі павінны адшукаць у гэтых малюнках сімвалічнае значэннеFrimmer, p 37-39. Апошні вядомы прыклад егіпецкіх іерогліфаў датаваны 394 годам, пасля чаго ўсе веды пра іх былі страчаны.
Афанасій Кірхер стаў найбольш вядомым з нямногіх даследчыкаў-егіптолагаў паміж старажытнасцю і нашым часамFrimmer, p 38. У сваёй працы «Lingua Aegyptiaca Restituta» (1643) ён назваў іерогліфы «моваю, дагэтуль невядомай у Еўропе, дзе малюнкаў столькі ж, колькі літар, загадак столькі ж, колькі гукаў, карацей, столькі лябірынтаў, з якіх трэба выбрацца, сколькі і гор, на якія трэба ўскараскацца». Пазней некаторыя з яго ўяўленняў былі абвергнуты, аднак гэтая праца ўяўляе каштоўнасць для пазнейшых даследчыкаў, і Кірхер лічыцца першапраходцам у егіпталогіі як галіне сур'ёзнай навукі.
Зацікаўленасць Кірхера ў егіпталогіі з'явілася ў 1628, калі ён зацікавіўся знойдзенымі ў бібліятэцы Шпаера іерогліфамі. У 1633 ён вывучыў копцкую мову, а ў 1636 выдаў яе першую граматыку, «Prodromus coptus sive aegyptiacus». Пасля гэтага Кірхер абвергнуў Гарапалонава ўяўленне пра іерогліфы ў сваёй працы «Lingua aegyptiaca restituta». Ён зразумеў, што копцкая мова захавала апошнюю стадыю развіцця егіпецкайWoods, p 109. За гэта Кірхера лічаць сапраўдным «заснавальнікам егіпталогіі», паколькі яго праца была праведзена задоўга да выяўлення Разецкага каменя. Ён таксама ўсталяваў сувязь паміж іератычным і іерагліфічным пісьмом.
Oedipus Aegyptiacus|thumb|Франтыспіс «Œdipus Ægyptiacus» Кірхера У 1650—1654 у кантэксце ўласных копцкіх даследаванняў Кірхер выдаў чатырохтомныя «пераклады» іерогліфаў, якія, аднак, «нават аддалена не адпавядалі арыгінальным тэкстам». У «Œdipus Ægyptiacus» Кірхер пад уплывам «Hieroglyphica» Гарапалона даводзіў, што Адам і Ева размаўлялі па-егіпецку, што Гермес Трысмегіст быў Майсеем і што іерогліфы былі акультнымі сімваламі, якія «ня могуць быць перакладзеныя словамі, а выражаныя толькі знакамі, сімваламі і фігурамі». Ён дайшоў да таго, што просты іерагліфічны тэкст, які цяпер чытаецца dd Wsr («Асірыс кажа»), ён пераклаў як «Тыфонава здрада сканчаецца ля трону Ісіс; вільготнасць прыроды аберагаецца пільнасцю Анубіса».
Нягледзячы на тое, што падыход Кірхера да расшыфроўкі егіпецкіх тэкстаў грунтаваўся на фундаментальным памылковым поглядзе, сучасныя навукоўцы лічаць яго піянерам у сур'ёзным вывучэнні іерогліфаў. Сабраныя ім звесткі пазней былі ўзяты пад увагу Шампальёнам пры расшыфроўцы пісьмёнаў. Кірхер выказаў меркаванне, што асобныя іерогліфы могуць складаць алфавіт, і вылучыў (памылкова) 21 іерогліф, ад якіх нібыта быў створаны грэчаскі алфавіт.
Кірхер таксама актыўна ўдзельнічаў ва ўсталяванні абеліскаў на рымскіх плошчах, дапісваючы на іх уласныя «іерогліфы», якія дадалі нямала клопату сучасным даследчыкам.
Сіналогія thumb|350px|Карта Кітая з «China Illustrata». Кірхер рана зацікавіўся Кітаем, паведаміўшы ў 1629 годзе вышэйшаму чыну ордэну 1629 пра сваё жаданне зрабіцца місіянерам у гэту краіну.
У 1667 Афанасій апублікаваў трактат, поўная назва якога гучала «China monumentis, qua sacris qua profanis, nec non variis naturae and artis spectaculis, aliarumque rerum memorabilium argumentis illustrata», цяпер болей вядомы як «China Illustrata», гэта значыць «Ілюстраваны Кітай». Гэта была праца энцыклапедычнае шырыні, якая камбінавала матэрыялы рознай якасці, ад дакладных картаграфічных да міфічных элементаў, такіх як драконы. Збольшага праца грунтавалася на паведамленнях езуітаў, якія дзейнічалі ў Кітаі, у прыватнасці Міхала Бойма і Марціна Марціні.
«China Illustrata» надавала асаблівае значэнне хрысціянскім элементам у гісторыі Кітая, як сапраўдным, так і ўяўным: у кнізе было зазначана ранняе з'яўленне нестарыянскіх хрысціян (з лацінскім перакладам Нестарыянскай стэлы ў Сіяні, зробленым Боймам і яго кітайскім паплечнікам Андрэем ДзенгамChina Illsutrata ; Modern English translation and preface by Dr. Charles D. Van Tuyl), і ў той жа час сцвярджалася, што кітайцы былі нашчадкамі Хамавых сыноў, што Канфуцый быў Гермесам Трысмегістам/Майсеем, і што кітайскія іерогліфы паходзяць ад егіпецкіх.
Паводле сістэматыкі Кірхера ідэаграмы былі ніжэйшы за іерогліфы, бо яны азначалі толькі асобныя ідэі замест загадкавых комплексаў ідэй, а сімвалы цывілізацый мая і ацтэкаў былі яшчэ больш ніжэйшымі піктаграмамі, якія абазначалі толькі аб'екты.
Біблеістыка і экзегетыка У 1675 Афанасій Кірхер выдаў «Arca Noë», вынік яго даследаванняў біблейскага каўчэга Ноя — пасля Контррэфармацыі алегарычная інтэрпрэтацыя сярод даследчыкаў Пісання саступала вывучэнню Старога Запавету як літаральнай ісціне. Кірхер, прааналізаваўшы памеры каўчэгу і колькасць вядомых яму відаў жывёл (за выняткам насякомых і іншых формаў, якія лічыліся здольнымі зараджацца адвольна), разлічыў, што ў каўчэгу не магло быць перанасялення. Ён таксама абмеркаваў лагістыку падарожжа каўчэга, мяркуючы, што для харчавання драпежнікаў на борт магла быць узятая дадатковая скаціна, а таксама апісаў, які мог быць штодзённы рацыён жывёл і парадак іх догляду.
Іншыя культуралагічныя працы Ян Марак Марці ў 1666 годзе даслаў Кірхеру рукапіс Войніча спадзеючыся на тое, што апошніі здолее яго расшыфраваць. Рукапіс насамрэч захоўваўся ў Collegio Romano да анексіі Папскай вобласці ў 1870 Віктарам Эмануэлем II, аднак праўдзівасць гісторыі пад пытаннем.
У працы «Polygraphia nova» (1663) Кірхер прапанаваў ідэю штучнай міжнароднай мовы.
Фізічныя навукі Геалогія thumb|250px|Кірхерава мадэль унутраных вагнёў Зямлі з «Mundus Subterraneus». Наведаўшы ў 1638 Паўднёвую Італію, дапытлівы Кірхер спусціўся ў кратар Везувія, які на той час ужо быў на краі вывяржэння, каб даследаваць яго ўнутранасці. Ён таксама цікавіўся падземным грукатам, чутным ля Месынскай пратокі. Свае геалагічныя і геаграфічныя даследаванні Афанасій Кірхер выклаў у працы «Mundus Subterraneus» (1664), дзе выказаў меркаванне, што прылівы і адлівы былі выкліканы рухам вады ў падземным акіяне.
Кірхер таксама клапаціўся праблемай акамянеласцей. Ён усведамляў, што гэта рэшткі жывёл. Ён прыпісваў вялікія косці гіганцкім расам людзейPalmer, Douglas (2005) Earth Time: Exploring the Deep Past from Victorian England to the Grand Canyon. Wiley, Chichester. ISBN 978-0-470-02221-4. Не ўсе аб'екты, якія ён спрабаваў апісаць, насамрэч былі акамянеласці, адсюль разнастайнасць тлумачэнняў. Ён называў горныя хрыбты костнай сістэмай Зямлі, выкрытай у выніку эрозііThe Earth — Richard Fortey, Harper Perennial 2004.