Іван Юр’евіч (; зг. 1170) — князь з дынастыі Ізяславічаў Тураўскіх.
Біяграфія Сын тураўскага князя Юрыя Яраславіча і Ганны, дачкі гарадзенскага князя Усеваладкі.
Належаў да першага пакалення тураўскіх князёў удзельнага часу, які пачаўся пасля смерці Юрыя Яраславіча паміж 1167 і 1174 гадамі, з крыніц вядомы Тураўскае, Пінскае і Дубровіцкае княствы.
Іван толькі аднойчы згадваецца Іпацьеўскім летапісам пад 1170 годам як «Юр’евіч Іван з Турава», калі дапамагаў князю Мсціславу Ізяславічу вярнуць кіеўскі сталец, з якога той быў сагнаны вялікім князем уладзімірскім Андрэем Багалюбскім. У тым самым 1170 годзе ён удзельнічаў і ў паходзе супраць полаўцаў. На думку Алега Рапава, такая згадка не значыць, што Іван быў уладаром уласна Тураўскага княства або старэйшым князем Тураўскай зямлі, ён мог быць і ўладальнікам адной з тураўскіх валасцей. Пётр Лысенка трымаецца супрацьлеглага меркавання, што згадка кажа пра Івана як уласна тураўскага князя ў 1170 годзе.
Сярод пяці сыноў Юрыя Яраславіча трое згадваюцца крыніцамі як «Тураўскі» і «з Турава» — Святаполк, Іван і Глеб. Іван у гэтых згадках другі пасля Святаполка, які згаданы як «Тураўскі» ў 1162 годзе, яшчэ пры жыцці бацькі і да падзелу на ўдзелы, і памёр толькі ў 1190 годзе. Глеб жа ў 1183 годзе названы князем дубровіцкім. Таму меркаванні пра княжанні сыноў Юрыя ў Тураве і іх парадак могуць быць толькі гіпатэтычнымі.
Таксама Іван згадваецца ў пазнейшым Васкрасенскім летапісе пад 1167 годам, і ў яшчэ пазнейшым Густынскім — пад 1168 годам, калі разам з іншымі князямі выступіў супраць полаўцаў, якія рабавалі на Дняпры купецкія караваны, што плылі з Візантыі.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1100-я гады Катэгорыя:Ізяславічы Тураўскія