Рэспубліка Індыя, Індыя (; ) — дзяржава ў Паўднёвай Азіі на паўвостраве Індастан, у басейне Індыйскага акіяна. Сёмая краіна свету па плошчы і другая па колькасці насельніцтва. Тэрыторыя — 3,29 млн кв. км., насельніцтва складае больш за 1,3 млрд чалавек. Індыя мяжуе з Пакістанам і Афганістанам на паўночным захадзе (частка індыйскага штата Джаму і Кашмір, якая прымыкае да Афганістана находзіцца пад кантролем Пакістана), з Кітаем, Бутанам і Непалам на поўначы, з Бангладэш на паўночным усходзе, з М’янмай на ўсходзе; марскія межы ў Індыйскім акіяне з Мальдывамі, Шры-Ланкай (аддзеленыя Полкскім пралівам) і Інданезіяй.

На поўначы тэрыторыя Індыі абмежавана Гімалаямі, на захадзе яе берагі абмываюцца водамі Аравійскага мора, на ўсходзе — Бенгальскага заліва. У склад Індыі ўваходзяць Лакадыўскія і Аміндыўскія астравы ў Аравійскім моры, Андаманскія і Нікабарскія астравы ў Бенгальскім заліве. Працягласць берагавой лініі перавышае 7 тыс. км, працягласць марскіх меж — звыш 5,5 тыс. км, сухапутных — каля 15 тыс. км. Па багаццю расліннага і жывёльнага свету Індыя не мае роўных на планеце.

Індыйскі субкантынент — радзіма адной з самых першых цывілізацый чалавецтва — Індскай; рэгіён вякамі слынны сваім культурным і эканамічным багаццем. Насычанае духоўнае жыццё індыйцаў парадзіла чатыры ўплывовыя рэлігіі — індуізм, будызм, джайнізм і сікхізм, а распаўсюджанне ў першым тысячагоддзі н.э. ісламу, хрысціянства, зараастрызму і іншых рэлігій завяршыла фарміраванне поліканфесійнай карціны індыйскага грамадства. У першым тысячагоддзі да н.э. сфарміравалася каставая сістэма. Палітычны і культурны ўплыў Сярэдніх Індыйскіх царстваў прасціраўся ажно да Паўднёва-Усходняй Азіі. У другім тысячагоддзі самымі значнымі індыйскімі дзяржавамі былі Дэлійскі султанат і Імперыя Вялікіх Маголаў. Паступова — з пачатку XVIII стагоддзя — намаганнямі Брытанскай Ост-Індскай кампаніі захопленая і далучаная ў пачатку XIX стагоддзя ў якасці калоніі да Вялікабрытаніі. Дзякуючы негвалтоўнаму супраціўленню пад кіраўніцтвам Махатмы Гандзі, Індыя атрымлівае незалежнасць у 1947.

Сённяшняя Індыя — самая вялікая дэмакратыя свету, парламенцкая федэратыўная рэспубліка. Складаецца з 28 штатаў і 8 саюзных тэрыторый, уключаючы нацыянальную сталічную тэрыторыю Дэлі. У Індыі пражывае чатыры сотні народаў, што робіць яе найбольш мультыэтнічнай краінай планеты. Афіцыйныя мовы — хіндзі, англійская. Рэлігія — індуізм. Сталіца — Нью-Дэлі ў складзе агламерацыі Дэлі (больш за 25 млн чалавек).

Уваходзіць у лік ключавых краін з тых, што развіваюцца. Часта разглядаецца як новая індустрыяльная краіна. Па агульным аб’ёме ВУП па ППЗ займае трэцяе месца ў свеце пасля Кітая і ЗША, па намінальным — шостае. Эканамічныя рэформы, распачатыя ў 1991 забяспечылі пераход да рынкавай эканомікі і хуткі эканамічны рост. Тым не менш, Індыя працягвае пакутваць ад карупцыі, беднасці, голаду, недасканалай сістэмы аховы здароўя. Грашовая адзінка — індыйская рупія, 1 рупія = 100 пайс.

Індыя — сябра ААН, Вялікай 20, ШАС, Руху недалучэння, Садружнасці нацый, рэгіянальнай арганізацыі СААРК і інш.

Этымалогія Бха́рат — афіцыйная назва Рэспублікі Індыя на мове хіндзі. Паходзіць ад «Бхарата́варша» — «краіна (ці царства) бхаратаў» — этноніма, які ўжываўся ў старажытнай Індыі і зафіксаваны ў старажытнаіндыйскім эпасе «Махабхарата».

Геаграфічнае становішча

Прырода

Будова паверхні

Індыя размешчана ў межах трох буйных араграфічных абласцей: Гімалайскіх гор, Інда-Гангскай раўніны і пласкагор’я Дэкан на п-ве Індастан. Дэкан уяўляе сабой шырокі старажытны масіў сушы, складзены дакембрыйскімі крышталічнымі пародамі, пераважна гнейсамі, гранітамі і сланцамі. Значная частка паверхні перакрытая вулканічнай лавай, прычым найбольшая магутнасць лававага полага — на паўночным захадзе. Дэкан уваходзіў у склад старажытнага мацерыка Гандваны, які каля 200 млн гадоў назад распаўся на некалькі блокаў. Паміж Дэканам і Гімалаямі распасціраецца шырокая Інда-Гангская раўніна.

Клімат

Клімат Індыі субэкватарыяльны і трапічны, з працяглым перыядам мусонаў — сезонам дажджоў. Яскрава выяўленыя кантрасты ў размеркаванні цеплыні і вільгаці.

У шматлікіх раёнах Індастана сярэднія тэмпературы паветра самога халоднага месяца — студзеня 18-24 °C, а летніх месяцаў — 24-29 °C. Аднак часта тэмпература днём падвышаецца да 32 °C. На паўночных раўнінах, ад Заходняй Бенгаліі да мяжы з Пакістанам, улетку вельмі горача, і сярэднія тэмпературы ў Бенгаліі дасягаюць 29 °C; яны паступова павышаюцца па меры руху на паўночны захад і ў маі ў Дэлі дасягаюць 33 °C. Сярэдняя летняя тэмпература ў Амрытсары (шт. Пенджаб) 34 °C, у пустыні Тар ад 32 °C да 38 °C, сярэднія зімовыя тэмпературы там 7-16 °C. Вышынны фактар абумовіў халодны клімат высокіх гор на поўначы Індыі, тады як на нізкіх схілах гэтых гор і на плато пераважае ўмераны клімат. Курорты Паўночнай Індыі размешчаныя ў вышынным поясе ад 1500 да 2300 м, дзе ўмовы камфортныя на працягу ўсяго года.

Гадавая сума ападкаў вагаецца ад менш чым 100 мм у пустыні Тар да 10770 мм на станцыі Чарапунджы ў гарах Кхасі, адным з самых вільготных месцаў на Зямлі. Цэнтральная Індыя атрымлівае ў сярэднім 650—1300 мм ападкаў у год. Дажджы ў Індыю прыносіць з боку Індыйскага акіяна летні мусон, які ўзмацняецца ў пачатку чэрвеня на заходнім узбярэжжы і прыкладна ў сярэдзіне чэрвеня на ўсходнім узбярэжжы — у Бенгаліі. З лістапада па сакавік з боку сушы дзьме сухі паўночна-ўсходні мусон. З ім звязанае прахалоднае яснае надвор’е.

На аснове ўліку дадзеных аб тэрмічным рэжыме, ападках і вятрах каляндарны год у Індыі можна падзяліць на тры асноўных і два прамежкавых кліматычных сезону. У лістападзе — лютым, калі пануе паўночна-ўсходні мусон, прахалодна, сонечна і суха. У сакавіку тэмпература паступова павышаецца. З канца сакавіка па чэрвень доўжыцца гарачы сухі сезон. Да канца чэрвеня вільготнасць узрастае, і на раўнінах Індыі надвор’е становіцца невыносна гарачым і дажджлівым. З ліпеня да сярэдзіны верасня трымаецца вільготнае гарачае надвор’е; спякота трохі спадае, калі неба зацягнута аблокамі і льюць праліўныя дажджы, аднак у цэлым паўднёва-заходнія вятры спалучаюцца з высокімі тэмпературамі. Кастрычнік — пераходны час; вільготнасць паветра высокая з-за выпарэння з паверхні палёў, але дажджы спыняюцца.

Глебы Традыцыйна глебы Індыі падзяляюць на 4 тыпы: алювіяльныя на Інда-Гангскай раўніне; рэгуры, або «чорныя бавоўнавыя глебы», на лавах Дэкана; чырвоназёмы на большай частцы тэрыторыі Індастана; латэрытныя глебы на перыферыі паўвострава.

Раслінны і жывёльны свет

Індыя размешчаная ў Індамалайскай эказоне, якая характарызуецца надзвычайнай біялагічнай разнастайнасцю. Як адна з сямнаццаці мегаразнастайных краін (па вызначэнні Праграмы ААН па навакольным асяроддзі), Індыя ёсць домам для 7,6 % усіх відаў сысуноў, 12,6 % відаў птушак, 6,2 % відаў рэптылій, 4,4 % відаў амфібій, 11,7 % відаў рыб, 6,0 % відаў кветкавых раслін свету. 33 % відаў раслін Індыі — эндэмічныя.

Гісторыя

Дзяржаўны лад

Індыя — федэратыўная рэспубліка. Канстытуцыя (увайшла ў сілу ў 1950) вызначае Індыю як суверэнную, сацыялістычную, секулярную, дэмакратычную рэспубліку.

Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (Драўпадзі Мурму, з 25 ліпеня 2022 года), які выбіраецца на пяцігадовы тэрмін калегіяй выбаршчыкаў, што складаецца з усіх выбарных членаў парламента і заканадаўчых сходаў штатаў. Прэзідэнт надзелены шырокімі паўнамоцтвамі: прызначае прэм’ер-міністра, іншых членаў урада, членаў Вярхоўнага суда; можа распускаць ніжнюю палату парламента, выдаваць у перыяд паміж парламенцкімі сесіямі надзвычайныя ўказы, абвяшчаць надзвычайнае становішча; з’яўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым узброенымі сіламі.

Парламент — вышэйшы орган заканадаўчай улады, складаецца з дзвюх палат: верхняй — Савета штатаў (, хіндзі: Rajya Sabha) і ніжняй — Народнай палаты (, хіндзі: Lok Sabha). У Савеце штатаў 250 членаў (12 прызначаюцца прэзідэнтам, астатнія выбіраюцца заканадаўчымі сходамі штатаў і тэрыторый на аснове прапарцыянальнага прадстаўніцтва), тэрмін паўнамоцтваў 6 год, кожныя 2 гады Савет штатаў абнаўляецца на 1/3. У Народнай палаце 545 дэпутатаў, якія выбіраюцца на пяць год прамым усеагульным тайным галасаваннем па мажарытарнай сістэме.

Выканаўчая ўлада складаецца з прэзідэнта, віцэ-прэзідэнта і ўрада — Савета міністраў, на практыцы засяроджаная ў руках прэм’ер-міністра, якім, як правіла, становіцца лідар парламенцкай фракцыі партыі, якая карыстаецца падтрымкай большасці дэпутатаў у Народнай палаце. Члены ўрада павінны быць членамі любой з палат парламента. Фактычна, урад фарміруе партыя ці кааліцыя, якая займае большасць месцаў ніжняй палаты парламента. У індыйскай палітычнай сістэме выканаўчая ўлада падпарадкавана заканадаўчай, прэм’ер-міністр і Савет міністраў адказныя перад ніжняй палатай парламента.

Судовая сістэма складаецца з Вярхоўнага суда (які ёсць таксама органам канстытуцыйнага нагляду), вышэйшых судоў штатаў і судоў ніжэйшых інстанцый у акругах.

Кожны штат мае заканадаўчы сход, які складаецца з губернатара і адной ці двух палат, што выбіраюцца насельніцтвам на пяць год. Губернатар прызначаецца прэзідэнтам на пяць год і ёсць кіраўніком выканаўчай улады штата. Выкананне паўнамоцтваў губернатара ажыццяўляецца ўрадам штата — Саветам міністраў, які складаецца з галоўнага міністра і міністраў. Урады фарміруюцца таксама ў дзвюх саюзных тэрыторыях — Пандышэры і Нацыянальнай сталічнай тэрыторыі Дэлі. У астатніх пяці саюзных тэрыторыях кіруюць прызначаныя цэнтрам адміністратары — галоўныя камісары.

Усе штаты і саюзныя тэрыторыі падзяляюцца на акругі. Цэнтральнай уладай у акругі прызначаюцца чыноўнікі — камісары ці калектары, у вёсках — старасты. Выбарныя органы ў акругах — акружныя саветы, у гарадах — муніцыпальныя саветы, у вёсках — панчаяты.

Унутраная палітыка З часу атрымання Індыяй незалежнасці, яе федэральны ўрад часцей за ўсё фарміраваўся Індыйскім нацыянальным кангрэсам (ІНК). У палітычным жыцці штатаў дамініравалі некалькі вялікіх агульнанацыянальных партый, у т.л. ІНК, Бхаратыя джаната парты, Камуністычная партыя Індыі і некаторыя рэгіянальныя партыі. З 1950 па 1990 за выключэннем двух кароткіх перарываў парламенцкая большасць належала ІНК. На кароткі час да ўлады прыходзілі Джаната парты і вялікая кааліцыя Левага фронту і Нацыянальнага фронту.

У 1990-я федэральны ўрад фарміравалі шматлікія кааліцыі з кароткай працягласцю існавання. Толькі ў 1998 Бхаратыя джаната парты здолела стварыць з некалькімі рэгіянальнымі партыямі адносна трывалую структуру Нацыянальны дэмакратычны альянс і стаць першай партыяй пасля ІНК, якая ўтрымалася ва ўладзе поўны пяцігадовы тэрмін. У 2004 ІНК выйграў парламенцкія выбары і разам з Аб’яднаным прагрэсіўным альянсам сфарміраваў урад, які падтрымліваюць левыя партыі і апазіцыйныя Бхаратыя джаната парты сілы.

Індыйскі нацыянальны кангрэс (ІНК) — адна з найбольш уплывовых партый краіны. ІНК быў створаны ў 1885 і стаў вядучай палітычнай сілай у барацьбе за незалежнасць. Традыцыйна абапіраецца на шырокую сацыяльную базу. Вышэйшы орган партыі — з’езд.

На ўсеагульных парламенцкіх выбарах у красавіку—маі 2004 года ўзначаленая ІНК кааліцыя здолела атрымаць перамогу і сфарміраваць урад. Старшыня партыі (2008) — Соня Гандзі (удава Раджыва Гандзі).

Бхаратыя джаната парты (БДП) — асноўная апазіцыйная партыя. Створана ў 1980 групай членаў былой Бхаратыя джан сангх. БДП — кадравая партыя з адладжанай арганізацыйнай структурай, якая карыстаецца ўплывам у цэлым шэрагу індыйскіх штатаў. У маі 1996 упершыню сфарміравала ўрад, які не атрымаў тады вотуму даверу. З сакавіка 1998 па май 2004 узначальвала ўрадавую кааліцыю Нацыянальны дэмакратычны альянс. Старшыня БДП (2008) — Раджнатх Сінгх.

Існуе значная колькасць рэгіянальных партый рознай сацыяльнай арыентацыі. Да найбуйнейшых адносяцца АІАДМК і ДМК (штат Тамілнад), «Шырымані акалі дал» (штат Панджаб), «Тэлугу дэсам парты» (штат Андхра-Прадэш), «Шыў сена» (штат Махараштра), Нацыянальная канферэнцыя (штат Джаму і Кашмір).