Ра́бчык, арабок, рабок — у крыніцы пад назвай , народная назва арабак (Tetrastes bonasia, або Bonasa bonasia) — птушка сямейства фазанавых атраду курападобных.

Апісанне Даўжыня цела 35-40 см, размах крылаў 48-56 см, маса да 580 грам. Апярэнне рабое (адсюль назва), рыжавата-шэрае з пярэсцінамі. У самцоў чорнае горла, на галаве чубок. Крылы кароткія. Палёт ціхі і вельмі манеўраны; рэдка вылятае вышэй дрэў, пры ўзлёце і прызямленні выдае часам гучны «фуркат», які называюць бурчаннем.

Пашырэнне Пашыраны ў лясной зоне Еўропы і Азіі. Аддае перавагу вялікім па плошчы старым шыракалістым або змешаным лясам (асабліва з прымессю елак, піхтаў і лістоўніц), з добра развітым падростам, падлескам і групамі ягадных кусцікаў. Жыве ў тайзе, далінах лясных рэк або ручаёў; у гарах даходзіць да вышыні 2000 м.

На Беларусі найбольш трапляецца ў паўночных раёнах. Селіцца ў вільготных лясах, асабліва па далінах рэк.

Асаблівасці біялогіі Аселая расліннаедная птушка. Селіцца парамі.

Гняздуецца на зямлі. Гняздо звычайна ў прасеках альбо на палянах у неглыбокай ямцы пад прыкрыццем густых галін; высцілка скупая, з сухой травы, лісця, часам з сухіх галінак. Адкладвае 6—10, зрэдку да 15 яек. Яйкі крыху падоўжаныя з тупым вузейшым канцом, бела-ржавыя альбо карычнева-жоўтыя з рыжаватым адценнем. Глыбокія плямы больш светлыя i меншыя, паверхневыя — больш інтэнсіўныя, іржава-бурыя, часам без плям.

Значэнне і выкарыстанне

Аб’ект палявання.

Мае вельмі далікатнае мяса і ў адрозненне ад большасці іншых дзікіх птушак (курапатак, цецерукоў, глушцоў) не патрабуе шпігавання і бардзіравання пры прыгатаванні. У мясе адчуваецца выразны смалісты прысмак і лёгкая «гарчынка», якія можна часткова выдаліць, вымачыўшы тушку ў халодным малаку на працягу 1—2 гадзін. Рабчык паспявае зварыцца ў кіпячым малаку за 3 — 4 хвіліны, пасля чаго яго можна тушыць у масле або смятане, з садавіной і іншым. Можна тушыць і без адварвання, а таксама запякаць, папярэдне абсмажыўшы на масле або шмальцы.

Высока цаніўся і ў польскай, і асабліва ў рускай кулінарыі, у якой да пачатку XX стагоддзя лічыўся адным з сімвалаў (напрыклад, рабчык «па-астраханску» — смажаныя на патэльні рабчыкі падаваліся халоднымі з чырвонай ікрой; катлеты Пажарскага з рабчыка і г.д.)

Літаратура Арабок // Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X

Спасылкі

Катэгорыя:Цецеруковыя Катэгорыя:Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе