thumb|300px|right|Помнік Арміі Краёвай і падпольнай Польскай дзяржаве, Варшава

Армія Краёва () — узброеная падпольная арганізацыя, якая дзейнічала на акупіраванай у 1939 годзе Нацыстскай Германіяй і СССР тэрыторыі міжваеннай Польшчы (у тым ліку на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы і Украіны). Ставіла мэту аднаўлення Польшчы ў межах да 1 верасня 1939 года.

Польскае супраціўленне ў верасні 1939 — чэрвені 1941 гадоў Пасля паражэння Польшчы ў Абарончай вайне 1939 года за межамі краіны быў створаны польскі эміграцыйны ўрад на чале з Уладыславам Сікорскім, які ажыццяўляў кіраўніцтва дзейнасцю падпольных ваенных арганізацый на тэрыторыі былой Польскай дзяржавы, у тым ліку ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне.

Пасля таго, як 17 верасня 1939 года савецкія войскі перайшлі ўсходнюю мяжу Польшчы (гл. Паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну 1939), СССР падаваўся як другі акупант, хаўруснік Трэцяга Рэйху. Урад Сікорскага не прызнаваў законнасці дамоваў паміж Германіяй і СССР адносна Польшчы, а таксама ўключэнне тэрыторый Заходняй Беларусі, Віленшчыны і Заходняй Украіны ў склад СССР. Адпаведна з гэтым будавалася і дзейнасць арганізацый і груп, якія падпарадкоўваліся ўраду Сікорскага.

Да канца чэрвеня 1941 года эміграцыйны ўрад Польшчы і падначаленыя яму падпольныя ваенныя арганізацыі Галоўнага камандавання Саюзу ўзброенай барацьбы (СУБ) знаходзіліся ў стане вайны як з Германіяй, так і СССР, хоць маштабных баявых дзеянняў яны не прадпрымалі.

thumb|250px|Знак «Польшча змагаецца» Першачарговай задачай СУБ з’яўлялася падрыхтоўка кадраў для ўсенароднага паўстання, якое павінна было ўспыхнуць у момант набліжэння войск саюзнікаў. Пачалася актыўная работа па злучэнні вайсковых фарміраванняў, якія былі створаны пасля вераснёўскай кампаніі і вялі незалежную падпольную дзейнасць. Афіцэры арганізоўвалі тайную вайсковую падрыхтоўку, пад іх кіраўніцтвам збіралася зброя, ажыццяўлялася разведвальная дзейнасць на карысць саюзнай Вялікабрытаніі. Моладь шырока ўжывала дробны сабатаж, адной з найбольш папулярных акцый было маляванне на сценах надпісу «Польшча змагаецца» — у выглядзе якара.

Польскае супраціўленне ў ліпені 1941 — студзені 1942 гадоў Напад Германіі на СССР 22 чэрвеня 1941 года змяніў сітуацыю ў Еўропе. Значная частка польскай эміграцыі разлічвала, што ў такіх умовах СССР пойдзе на саступкі адносна ўсходняй мяжы Польскай дзяржавы.

12 ліпеня 1941 года ў Маскве было падпісана першае афіцыйнае англа-савецкае пагадненне, у якім урады абедзвюх краін абавязваліся аказваць узаемную дапамогу ў вайне і не заключаць сепаратнага міру ці перамір’я. Зразумела, што ў гэтых умовах таксама павінен быў вызначыць сваю пазіцыю эміграцыйны польскі ўрад, які ў гэты час знаходзіўся ў Англіі. 30 ліпеня 1941 года была падпісана дамова паміж СССР і Польшчай аб устанаўленні дыпламатычных адносін і аб супрацоўніцтве ў вайне. У першым пункце пагаднення адзначалася: СССР прызнае, што нямецка-савецкая дамоўленасць 1939 адносна тэрытарыяльных змен у Польшчы страціла сілу. Такая фармулёўка, аднак, давала магчымасць для розных яе інтэрпрэтацый, што адразу выклікала ўрадавы крызыс. У знак пратэсту супраць падпісання дамовы без дакладнага вырашэння пытання аб Заходняй Украіне і Заходняй Беларусі ў адстаўку падалі міністры замежных спраў А.Залескі, юстыцыі М.Сейда, галоўнакамандуючы СУБ К.Сасноўскі. Нягледзячы на гэта і негатыўнае стаўленне да дамовы прэзідэнта У.Рачкевіча, яна ўвайшла ў сілу.

Тым часам польскім эміграцыйным урадам у жніўні 1941 года была прынятая пастанова аб стварэнні падраздзялення пад кодавай назвай «Вахляж». Задачай падраздзялення была разведвальна-дыверсійная дзейнасць на акупаваных немцамі заходніх тэрыторыях СССР.

Армія Краёва ў лютым 1942 — красавіку 1943 гадоў У лютым 1942 года на базе Саюзу ўзброенай барацьбы загадам Сікорскага была ўтворана Армія Краёва, у якую ўвайшлі раней створаныя арганізацыі, што падтрымлівалі эміграцыйны ўрад у Лондане. Зыходзячы з указанняў і інструкцый лонданскага ўраду, кіраўніцтва АК правяло вялікую працу па стварэнні структуры падпольнай ваеннай арганізацыі, здабыцці зброі, ваеннай падрыхтоўцы, палітычным забеспячэнні, разведкі і г.д. Камандаванне АК і падпольны ўрад мелі ў сваім распараджэнні ўзброеныя аддзелы, склады зброі і боепрыпасаў, радыёперадатчыкі, падпольныя друкарні, а таксама значныя грашовыя сродкі.

Уся тэрыторыя Польшчы, у тым ліку і заходнія вобласці Беларусі і Украіны, была падзелена на абшары на чале з камандуючымі (дэлегатамі ўраду). Вакол дэлегатаў ствараліся дэлегатуры з прыцягненнем мясцовых палітычных партый і арганізацый. Абшары падзяляліся на акругі, якія ўзначальваліся камендантамі, акругі на інспектараты, а апошнія на абводы. Найменшую арганізацыйную і ваенную адзінку ўтварала дружына, якая камплектавалася з дзвюх-трох вёсак. Дружыны аб’ядноўваліся ва ўзводы (плютоны), а 2-3 узводы ў роту (кампанію).

Структура СУБ-АК была перш за ўсё скіраваная на падрыхтоўку ўзброеннага паўстання і таму ня ў поўнай меры адпавядала надзённым патрэбам барацьбы з акупантамі. Меркавалася, што для дасягнення галоўнай мэты трэба было прайсці праз тры этапы: фармаванне сіл у падполлі; агульнае паўстанне ці ўзброенная барацьба з мэтай захопу цэнтральнай Польшчы; аднаўленне ўзброеных сіл.

Пазіцыя польскага ўраду не змянілася і пасля таго, як саюзнікі дамовіліся на міжнародным ўзроўні аб усходняй мяжы Польшчы. Як вядома, на Тэгеранскай канфэрэнцыі (лістапад-снежань 1943 года) была прынята прапанова Чэрчыля аб тым, што прэтэнзіі Польшчы на землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны будуць задаволены за кошт Германіі, а ў якасці мяжы на ўсходзе павінна быць лінія Керзана.

Армія Краёва ў красавіку 1943 — студзені 1945 гадоў Лонданскі эмігранцкі ўрад і Галоўнае камандаванне АК у Варшаве зыходзілі са сваіх планаў вызвалення Польшчы. Сярод шматлікіх варыянтаў, якія прадугледжваліся пры падрыхтоўцы агульнага паўстання, найбольш пажаданым уяўляўся наступны: заходнія саюзнікі адкрываюць Другі фронт, захопліваюць значную частку Заходняй Еўропы, а нямецкія войскі капітулююць, калі лінія фронту будзе далей усходніх межаў Польшчы. Саюзнікі падтрымліваюць агульнапольскае паўстанне, урад і армія Андэрса вяртаюцца ў Польшчу.

З канца 1943 года пачалося актыўнае фармаванне аддзелаў AK для задач будучага паўстання. Камандаванне АК прытрымлівалася тактыкі «чакання» і «неправакавання немцаў», асцерагаючыся, што фашысцкі тэрор выкліча «лавіну заўчасных выступленняў», над якімі немагчыма будзе ўстанавіць кантроль. Дырэктывы Галоўнага камандавання АК сваім нізавым арганізацыям прадпісвалі наступнае: дзейнічаць самастойна супраць немцаў; перад савецкімі партызанамі выступаць як аддзелы АК, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Рэчы Паспалітай і падпарадкоўваюцца польскаму ўраду; дазваляецца часовае супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі, больш працяглае павінна ўзгадняцца з камандаваннем акругі і нават з ГК АК; у выпадку, калі савецкія партызаны прымусова пачнуць далучаць да сябе аддзелы АК, усяляк пазбягаць гэтага, а ў выпадку спробы знішчэння аддзелу — абараняцца.

Падкрэслівалася, што барацьба з «саветамі» ёсць непажаданай крайнасцю.

У 1944 годзе дзейнічалі злучэнні АК «Наднёманскае», «Поўнач», «Усход», «Захад», «Стоўбцы».

У ходзе наступлення савецкіх войск АК пачала ажыццяўляць аперацыю «Бура». План аперацыі быў распрацаваны ў кастрычніку 1943. Ён прадугледжваў, што пасля таго, як Чырвоная Армія пяройдзе ўсходнюю мяжу Польшчы, атрады АК выйдуць з падполля і разам з савецкімі злучэннямі будуць змагацца з гітлераўцамі, а структуры цывільнай улады падпольнай Польскай дзяржавы пачнуць адкрыта ажыццяўляць свае функцыі, успрымаючы СССР як «саюзніка сваіх саюзнікаў» і «гаспадара вызваленых зямель». На практыцы ўдалося рэалізаваць толькі першую частку гэтага плана. Фарміраванні АК, якія налічвалі па некалькі тысяч байцоў, узгоднена з савецкім камандаваннем атакавалі адступаючых немцаў у Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне. Так былі вызвалены, між іншым гарады Вільня і Львоў.

Адразу пасля гэтага пачалася ліквідацыя аддзелаў АК. Частка іх членаў уступіла ў Войска Польскае, іншыя адступілі на захад, дзе працягвалі барацьбу з нацыстамі, многія былі арыштаваныя савецкімі органамі бяспекі.

Польскі эмігранцкі ўрад і кіраўніцтва Арміі Краёвай узнялі 1 жніўня 1944 года Варшаўскае паўстанне, якое было жорстка задушана гітлераўцамі.

19 студзеня 1945 года Армія Краёва афіцыйна распушчана эмігранцкім урадам.

Кіраўніцтва АК Камендант АК — польская назва командуючага АК.

14 лютага 1942 — 30 чэрвеня 1943 — генерал Стэфан Равецкі (мянушка — «Грот») 30 чэрвеня 1943 — 2 жніўня 1944 (да канца Варшаўскага паўстання) — генерал Тадэвуш Камароўскі (мянушка — «Бур», Bór) 2 жніўня 1944 — 19 студзеня 1945 — генерал Леапольд Акуліцкі (мянушка — «Niedźwiadek»)

Польскае ўзброенае супраціўленне з 1945 да пачатку 1950-х гадоў Пасля вызвалення ўсходніх рэгіёнаў Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў значная частка членаў АК уступіла ў армію генерала З.Берлінга, якая дзейнічала супольна з Чырвонай Арміяй, частка адступіла на захад. На тэрыторыі, падкантрольнай Чырвонай Арміі, органы НКВД арыштавалі большую частку афіцэраў АК і прадстаўнікоў цывільнай улады. Разам з афіцэрамі значная колькасць шэраговых членаў АК была таксама інтэрнавана і вывезена ў глыбіню СССР, або змешчана ў турмы і лагеры на тэрыторыі Польшчы.

Загад аб роспуску Арміі Краёвай на практыцы быў выканана толькі часткова. Асцерагаючыся рэпрэсій, шматлікія члены АК засталіся ў падполлі, перайшлі да яшчэ больш глыбокай канспірацыі. У многіх раёнах (Беластоцкая акруга, Кельцкая зямля, Падгалле) ствараліся моцныя ўзброеныя атрады, якія нярэдка ўступалі ў баі з войскамі НКВД і сфарміраваным вясной 1945 Корпусам унутранай бяспекі.

У сакавіку 1945 галоўны камендант АК генерал Л.Акуліцкі і дэлегат польскага эмігранцкага ўраду Я.-С. Янкоўскі атрымалі запрашэнне на перамовы з урадам СССР. Але як толькі польская дэлегацыя з 16 чалавек паднялася на борт савецкага самалёта, каб ляцець на перамовы ў Маскву, усе яе члены былі арыштаваныя і адпраўлены ў турму НКВД на Лубянцы. Генерал Л.Акуліцкі на радзіму не вярнуўся, ён загінуў у савецкай турме.

Пасля разгрому Германіі працягвалася падпольная барацьба супраць камуністычных уладаў, якія класіфікавалі аддзелы АК як звычайны бандытызм.

У жніўні 1945 новы органы ўлады аб’явілі амністыю для салдатаў, якія хаваліся ў лясах. З падполля выйшла каля 40 тыс. чалавек, большая ж частка працягвала заставацца ў канспірацыі.

Да пачатку 1947 атрады НКВД пры падтрымцы падраздзяленняў Міністэрства грамадскай бяспекі Польшчы і арміі ліквідавалі большасць ачагоў супраціўлення. Камандзіры падпольных узброеных атрадаў гінулі ў баях і турмах Упраўлення бяспекі.

Другая амністыя, у лютым 1947, прывяла амаль да поўнай ліквідацыі падполля.

Пацыфікацыя апошніх значных злучэнняў «лясных» атрадаў скончылася ў 1948. Мяркуецца, што ў канцы 1949 — пачатку 1950 ў лясах хавалася ўжо толькі каля 500 чалавек.

Аднак новыя акты тэрору з боку ўладаў, страх арыштаў прывялі да таго, што зноў з’яўвіліся людзі, якія рашаліся ісці «ў лес». Так працягвалася аж да сярэдзіны 1950-х гг.

Усяго ва ўзброеных сутыкненнях за гэтыя гады загінула звыш 100 тыс. чалавек.

Армія Краёва на Беларусі

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 органы дзяржаўнай бяспекі СССР і БССР вялі актыўную барацьбу з польскім падполлем. Паводле звестак НКУС БССР за перыяд з кастрычніка 1939 па ліпень 1940 у заходніх абласцях БССР было выяўлена і ліквідавана 109 розных паўстанцкіх арганізацый, якія аб’ядноўвалі 3221 удзельніка, з якіх: 2904 палякі, 184 беларусы, 37 літоўцы і 106 чалавек іншых нацыянальнасцей. Адначасова вялася кампанія па высяленні ў Сібір, Казахстан і іншыя аддаленыя раёны краіны з заходніх абласцей Беларусі асаднікаў, служачых лясной аховы, польскіх афіцэраў, паліцэйскіх, служачых дзяржаўных устаноў, землеўласнікаў, прадпрымальнікаў і г.д. У выніку дзейнасці органаў бяспекі і знешняй разведкі СССР, польскаму падполлю на тэрыторыі Беларусі, у асноўным актыўнай яго частцы, былі нанесены значныя страты.