Мажэйскае — возера ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Мядзелка, за 4 км у напрамку на паўночны захад ад горада Паставы, каля вёскі Мажэйкі.

Назва Назва Мажэйскага возера ад назвы вёскі Мажэйкі. Тапонім Мажэйкі — ад балцка-літоўскага антрапоніма (даўнейшага імя) Mažeika / Mažeikis, якое ад літоўскага mažas «малы».

Корань Maž- нярэдкі і ў балцкай гідраніміі, ад яго літоўскія рачныя назвы тыпу Maž-upis, MažiklisA. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 208., назвы рэк Можа (прыток дняпроўскага Бабра), Мажа (у басейне Прыпяці), Мажанка і Мажайка (прытокі Бярэзіны)В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 195, 196., назва ракі Мажая, ад якой назва падмаскоўнага Мажайска.

Гідраграфія Плошча паверхні 0,66 км². Даўжыня 1,42 км, найбольшая шырыня 0,66 км. Даўжыня берагавой лініі 3,19 км. Найбольшая глыбіня 3,9 м, сярэдняя 2,5 м. Аб’ём вады 1,68 млн м³. Плошча вадазбору 10,7 км².

Катлавіна возера рэшткавага тыпу, выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Схілы катлавіны вышынёй 2—4 м, на паўночным захадзе і паўднёвым усходзе пераходзяць у забалочаную нізіну. Берагавая лінія слабазвілістая. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, у паўночнай і паўднёвай частках возера сплавінныя. На паўночным захадзе і ўсходзе забалочаная пойма шырынёй 100—200 м. Дно ілістае, плоскае. Возера эўтрофнае. Зарастае да глыбіні 2—2,3 м і на адлегласці 10—70 м ад берага. У возера ўпадаюць некалькі меліярацыйных каналаў. Каналам злучана з ракой Альшанка.

У возеры водзяцца шчупак звычайны, акунь, плотка, краснапёрка, лінь і іншыя віды рыб.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Иванов-Смоленский В. Г. Все озёра Беларуси. Популярная иллюстрированная энциклопедия. Т. 3-2.

Катэгорыя:Басейн Мядзелкі Катэгорыя:Азёры Пастаўскага раёна