Сярге́й Анато́левіч Во́лкаў (нар. , ) — беларускі мастак-графік, акварэліст.
Біяграфія Нарадзіўся 18 сакавіка 1942 года ў Мінску. Сын мастака Анатоля Волкава, унук мастака Валянціна Волкава. У 1962 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а ў 1970 годзе — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, дзе вучыўся ў Л. Асецкага, П. Любамудрава і А. Кашкурэвіча.
Удзельнічае ў мастацкіх выставах з 1971 года. У 1962—1982 гадах працаваў у часопісе «Вожык», а з 1968 года — у часопісе «Вясёлка».
Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1973 года, старшыня секцыі графікі ў 1984—1989 гадах. З 1989 года ўваходзіць у склад секцыі Беларускага саюза мастакоў «Верасень», старшыня ў 1989—1992, 1999—2019 гадах.
Сябра праўлення Саюза мастакоў СССР у 1985—1990 гадах.
Член КПСС, быў сакратаром партыйнай арганізацыі Саюза мастакоў БССР.
Творчасць Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі, у тэхніках акварэлі, малюнка, літаграфіі, шаўкаграфіі. З’яўляецца аўтарам станковых серый «Спартыўныя суддзі» (1971), «Працоўны Мінск» (1977), «Армейскія будні» (1979), «Абаронцы роднай зямлі» (1980, 1984), «Начныя палёты» (1982), «Будучыя алімпійцы» (1988) і інш. Аформіў больш за 140 кніг, у тым ліку «Палескія рабінзоны» Я. Маўра (1981), «Спех — курам на смех» Э. Валасевіча (1982), «Пра нашу Дашу» П. Кавалёва, «Беларускія народныя загадкі» (1982), «На двары Алімпіяда» Э. Агняцвет (1984), «Дзед і ўнучка» М. Маляўкі (1984), «Кыонг і яго сябры» У. Карызны (1984), «Казкі для дзяцей Беларусі» (1995).
Стварыў больш за сто плакатаў і некалькі серый сяброўскіх шаржаў, сярод якіх выявы Н. Гілевіча, В. Зуёнка, А. Грачанікава, І. Навуменкі, Р. Барадуліна, І. Чыгрынава.
Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у фондах БСМ, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, а таксама ў фондах Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі.
Прызнанне Удастоены звання Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі (1989). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2017). Лаўрэат прэміі імя Васіля Віткі (2004).
Літаратура
Катэгорыя:Мастакі Беларусі XX стагоддзя Катэгорыя:Мастакі Беларусі XXI стагоддзя Катэгорыя:Графікі Беларусі Катэгорыя:Мастакі-ілюстратары Беларусі Катэгорыя:Члены КПСС Катэгорыя:Мастакі-плакатысты Беларусі Катэгорыя:Мастакі-карыкатурысты Беларусі Катэгорыя:Акварэлісты Беларусі