Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны — музейны комплекс, створаны на падставе рашэння Аршанскага гарвыканкама ад 10.12.1993 і Віцебскага аблвыканкама ад 20.04.1994 г. Музейны комплекс з’яўляецца навукова-даследчай і асветніцкай установай культуры, якая выконвае функцыі навуковага, культурна-адукацыйнага, выхаваўчага і метадычнага цэнтра музейнай справы г. Орша і Аршанскага раёна. Асноўнай мэтай комплексу з’яўляецца навуковае камплектаванне, вывучэнне, экспанаванне, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. 3 2007 г. узначальвае яго І. У. Ліпінская.
Асноўны фонд музейнага комплексу і яго філіялаў (2008) налічвае 28 671 адз. захоўвання, навукова-дапаможны — каля 4 тыс. адзінак. Агульная плошча музейных будынкаў 2106 м², экспазіцыйна-выставачная плошча 1123 м², плошча памяшканняў для захоўвання фондаў 220 м².
У склад комплексу на правах філіялаў уваходзяць:
Ваенна-гістарычны музей імя Героя Савецкага Саюза К. С. Заслонава Музей гісторыі і культуры горада Орша Музей драўлянай скульптуры разьбяра С. С. Шаўрова Аршанскі музей У. С. Караткевіча Аршанская гарадская мастацкая галерэя В. А. Грамыкі Аршанскі этнаграфічны музей «Млын»
Музейны комплекс валодае багатай калекцыяй каштоўных матэрыялаў, аб’яднаных у 35 калекцый. Гэта рэдкія і цікавыя прадметы і дакументы, якія адлюстроўваюць шматвяковую гісторыю горада, расказваюць пра гераічныя падзеі, знакамітых людзей Аршаншчыны: пісьменнікаў, паэтаў, навукоўцаў, мастакоў, дзяржаўных дзеячаў.
Літаратура Ліпінская, І. У. Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны / І. У. Ліпінская // Музеі Беларусі = Музеи Беларуси / рэд. Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа, М. Г. Нікіцін. — Мн., 2008. — С. 435—436.
Катэгорыя:Музеі Оршы