Мінскае ваеннае губернатарства (1812—1815), Мінскае часовае ваеннае губернатарства (1831—1832, 1861—1862, 1863—1864) — шэраг ваенных губернатарстваў у Расійскай Імперыі, якія ствараліся ў час дзеяння ў Мінскай губерні ваеннага становішча ў сувязі з верагоднымі ці рэальнымі ваеннымі дзеяннямі на яе тэрыторыі. Складаліся толькі з адной Мінскай губерні. Мінскае ваеннае губернатарства існавала з 13 сакавіка 1812 па 15 сакавіка 1815 г. А Мінскае часовае ваеннае губернатарства стваралася тры разы: 1) з 30 красавіка 1831 па 22 студзеня 1832 г.; 2) з 14 лістапада 1861 па 16 жніўня 1862 г.; 3) з 12 мая 1863 па 2 ліпеня 1864 г. Цэнтрам быў Мінск.

Мінскае ваеннае губернатарства (1812—1815) Мінскае ваеннае губернатарства было створана 13 сакавіка 1812 г. напярэдадні вайны з Францыяй (вайна 1812 года) і распачатымі ў Мінскай губерні сялянскімі хваляваннямі, а галоўнае — ростам прафранцузскіх настрояў мясцовага карэннага дваранства (у сваёй большасці — каталіцкага). На пасаду мінскага ваеннага губернатара быў прызначаны камендант Бабруйскай крэпасці генерал-маёр атрылерыі Гаўрыіл Аляксандравіч Ігнацьеў (1758—1852), які павінен быў назіраць за мясцовай адміністрацыяй, палітычнымі настроямі мясцовага насельніцтва, падаўляць сялянскія выступлені, чыніць ваенны суд. Ён падпарадкоўваўся Галоўнакамандуючаму Дзеючай арміяй. У пачатку вайны з французамі летам 1812 г. камандзір II расійскай арміі генерал Пётр Баграціён прызначыў Гаўрыіла Ігнацьева на пасаду бабруйскага ваеннага губернатара (1812), улада якога распаўсюджвалася на Бабруйск і акругу. Пасля вайны Ігнацьеў працягваў быць мінскім ваенным губернатарам. Пасада і мінскае ваеннае губернатарства было скасавана 15 сакавіка 1815 г.Минская губерния: государственные, религиозные и общественные учреждения... С. 14; Бригадин, П.И. Минские губернаторы... С. 63.

Мінскае часовае ваеннае губернатарства (1831—1832, 1861—1862, 1863—1864)

Упершыню Мінскае часовае ваеннае губернатарства было створана 30 красавіка 1831 г. у сувязі з Лістападаўскім паўстаннем (1830—1831). Яшчэ 1 снежня 1830 г. Мінская губерня была аб'яўлена на ваенным становішчы, а 8 студзеня 1831 г. уключана ў склад Віцебскага генерал-губернатарства. Аднак 13 красавіка 1831 г. паводле ўказу Сената Мінская губерня была вылучана са складу Віцебскага генерал-губернатарства і стала вярхоўна падпарадкоўвацца Галоўнакамандуючаму Рэзервовай арміяй (да 31 ліпеня 1831 г.), а з 31 ліпеня 1831 па 6 кастрычніка 1831 г. — Галоўнакамандуючаму Дзеючай арміяйБригадин, П.И. Минские губернаторы... С. 10.. І паралельна з 30 красавіка 1831 г. Мінская губерня была пад кантролем мінскага часовага ваеннага губернатара, які падпарадкоўваўся Галоўнакамандуючаму Дзеючай арміяй. Першым на пасаду мінскага часовага ваеннага губернатара быў прызначаны генерал-ад'ютант, генерал-маёр князь Мікалай Андрэевіч Далгарукаў (1792—1847). Указам ад 23 жніўня 1831 г. Далгарукаў быў прызначаны на пасаду віленскага часовага ваеннага губернатара, а на пасаду мінскага часовага ваеннага губернатара 15 верасня 1831 г. быў прызначаны генерал-маёр граф Сяргей Рыгоравіч Строганаў (1794—1882)Минская губерния: государственные, религиозные и общественные учреждения... С. 14..

У другі раз Мінскае часовае ваеннае губернатарства было створана 5 жніўня 1861 г. па прычыне неабходнасці падаўляць сялянскія хваляванні, якія пачаліся пасля пачатку рэалізацыі сялянскай рэформы на падставе маніфеста 19 лютага 1861 г. аб адмене прыгона. У губерню былі ўведзены войскі, якія, як атрымалася, заставаліся тут да канца падаўлення Студзеньскага паўстання (1863—1864). Губернатар атрымаў статус ваеннага губернатара. На кароткі час з 4 лістапада 1861 г. ім стаў генерал-ад'ютант, генерал-лейтэнант Мікалай Мацвеевіч Яфімовіч (1804—1874)Бригадин, П.И. Минские губернаторы... С. 193.. Пасады грамадзянскага губернатара Мінскай губерні ў 1861—1862 гг. не было: толькі 15 чэрвеня 1862 г. быў прызначаны грамадзянскі губернатар у Мінскую губерню — Андрэй Львовіч Бажэўнікаў. А 14 лістапада 1861 г. быў прызначаны новы мінскі часовы ваенны губернатар генерал-маёр Сяргей Ягоравіч Кушалёў (1821—1890)Бригадин, П.И. Минские губернаторы... С. 195., які атрымаў неабмежаваныя паўнамоцтвы ў губерні: права аб'яўляць ваеннае становішча як цалкам у губерні, так і ў асобных паветах ці гарадах; права звальняць з пасад ненадзейных і нелаяльных асоб; права заключаць у турмы і крэпасці нелаяльных і высылаць нежаданых асоб у аддаленыя губерні імперыі; права ўжываць ваенную сілу для падаўлення паўстанняў, чыніць ваенна-палявы суд і г.д. Указам Сената ад 16 жніўня 1862 г. пасада часовага ваеннага губернатара была скасавана, а Мінская губерня ўвайшла ў склад Віленскага ваеннага генерал-губернатарства (1832—1864) і Віленскай ваеннай акругіМинская губерния: государственные, религиозные и общественные учреждения... С. 14—15..

У трэці раз Мінскае часовае ваеннае губернатарства было створана паводле царскага ўказу ад 12 мая 1863 г. у сувязі з пачатым Студзеньскім паўстаннем (1863—1864). На пасаду часовага ваеннага губернатара быў прызначаны генерал-лейтэнант Васіль Іванавіч Забалоцкі (1802—1877), які падпарадкоўваўся віленскаму ваеннаму генерал-губернатаруБригадин, П.И. Минские губернаторы... С. 199.. Яго пасада афіцыйна менавалася як «часовы ваенны губернатар Мінскай губерні і камандуючы войскамі, у гэтай губерні знаходзячыхся». Пры часовым ваенным губернатары было створана праўленне з трох аддзелаў (ваеннага, палітычнага і судовага), а таксама — мінская следчая камісія па палітычным справам (для вядзення следства над удзельнікамі паўстання)Минская губерния: государственные, религиозные и общественные учреждения... С. 15..

Пасада скасавана 2 ліпеня 1864 г. пасля прапановы віленскага ваеннага генерал-губернатара, калі было вырашана, што паўстанне ўжо канчаткова падаўлена. Усё кіраванне Мінскай губерняй вярталася грамадзянскаму губернатару, а сама губерня да 22 снежня 1870 г. уваходзіла ў склад Віленскага генерал-губернатарства (1864—1912).

Спіс ваенных губернатараў Мінскі ваенны губернатар (1812—1815) 13 сакавіка 1812 — 15 сакавіка 1815 — Гаўрыіл Аляксандравіч Ігнацьеў (1758—1852), генерал-маёр Мінскія часовыя ваенныя губернатары (1831—1832, 1861—1862, 1863—1864) 30 красавіка 1831 — 23 жніўня 1831 — князь Мікалай Андрэевіч Далгарукаў (1792—1847), генерал-ад'ютант, генерал-маёр 15 верасня 1831 — 22 студзеня 1832 — граф Сяргей Рыгоравіч Строганаў (1794—1882), генерал-маёр 4 лістапада 1861 — 14 лістапада 1861 — Мікалай Мацвеевіч Яфімовіч (1804—1874), генерал-ад'ютант, генерал-лейтэнант 14 лістапада 1861 — 16 жніўня 1862 — Сяргей Ягоравіч Кушалёў (1821—1890), генерал-маёр 12 мая 1863 — 2 ліпеня 1864 — Васіль Іванавіч Забалоцкі (1802—1877), генерал-лейтэнант

Гл. таксама Мінскае, Ізяслаўскае і Брацлаўскае генерал-губернатарства (і яго пераемнікі Мінскае, Валынскае і Брацлаўскае генерал-губернатарства; Мінскае, Валынскае і Падольскае ваеннае губернатарства) (1793—1801) Кіеўскае ваеннае губернатарства (1801—1832) Беларускае генерал-губернатарства (1772—1796) Беларускае ваеннае губернатарства (1801—1823) Дынабургскае часовае ваеннае губернатарства (1830—1832) Літоўскае генерал-губернатарства (1794—1801) Літоўскае ваеннае губернатарства (1801—1830) Віленскае часовае ваеннае губернатарства (1830—1832) Беластоцкае часовае генерал-губернатарства (1905—1907) Паўночна-Заходні край Заходні край

Літаратура Большакова, О.В. Российская империя: система управления. Современная зарубежная историография: аналитический обзор / О.В. Большакова ; Центр социал. науч.-информ. исслед. Отд. отеч. и зарубеж. истории; Отв. ред. В.М. Шевырин. — М., 2003. — 92 с. Бригадин, П.И. Минские губернаторы: история власти / П.И. Бригадин, А.М. Лукашевич. — Минск : БГУ, 2009. — 351 с. (фрагмент кнігі гл. тут ) Зайончковский, П.А. Правительственный аппарат самодержавной России в XIX в. / П.А. Зайончковский. — М. : Мысль, 1978. — 288 с. Лукашевич, А. М. Политическая ситуация в белорусских губерниях накануне войны 1812 г. в оценке российских служб политического сыска и контрразведки // Российские и славянские исследования, Выпуск 4, 2009 год Лысенко, Л.М. Губернаторы и генерал-губернаторы Российской империи (XVIII – начало XX века) / Л.М. Лысенко. — М. : МПГУ, 2001. — 2-е изд. — 358 с. Минская губерния: государственные, религиозные и общественные учреждения (1793—1917) / Сост. Т.Е. Леонтьева. — Мн : Бел НИИДАД, 2006. — 392 с. Тепляков, С. Оборона Бобруйской крепости в 1812 году Бобруйская крепость // Міністэрства абароны Расійская Федэрацыі

Спасылкі Полное собрание законов Российской Империи. Собрание Первое // Руниверс Полное собрание законов Российской Империи. Собрание Второе // Руниверс\

Катэгорыя:Генерал-губернатарствы Расійскай імперыі Катэгорыя:Адміністрацыйны падзел Расійскай імперыі Катэгорыя:Мінская губерня Катэгорыя:З’явіліся ў 1812 годзе Катэгорыя:1812 год у Мінску Катэгорыя:XIX стагоддзе ў Мінску Катэгорыя:Паўстанне 1830—1831 гадоў Катэгорыя:Паўстанне 1863—1864 гадоў Катэгорыя:Французска-руская вайна 1812 года