А́фікс (ад  — прымацаваны) або фарма́нт (ад  — які ўтварае) — службовая марфема, якая перадае дадатковае лексічнае і граматычнае значэнне слова або вызначае адносіны слова да іншых слоў у сказе.

Афіксы валодаюць багатымі стылістычнымі магчымасцямі: надаюць словам нейтральны, кніжны або размоўны характар.

Класіфікацыя афіксаў Да афіксаў адносяцца: флексія, або канчатак, — вызначае граматычную форму слова і служыць для сувязі з іншымі словамі ў сказе; прэфікс, або прыстаўка (перад коранем); суфікс (пасля кораня); конфікс (з абодвух бакоў кораня); постфікс (пасля суфікса ці флексіі) — служаць для ўтварэння новых слоў або формаў слова; інтэрфікс — выкарыстоўваецца для злучэння пэўных марфем у слове.

Афіксы адрозніваюць паводле функцыі: словаўтваральныя: пра-дзед, сад-ов-ы; формаўтваральныя: гавары-ў, пры-йсці; словаформаўтваральныя: кум-а, госц-я.

Паводле характару ўзнаўлення: рэгулярныя — сустракаюцца ў вялікай колькасці слоў, характарызуюцца паўтаральнасцю, утвараюць цэлыя словаўтваральныя або формаўтваральныя рады: сін-і, рак-а; нерэгулярныя — сустракаюцца ў невялікай колькасці слоў і не ўтвараюць вытворных: люб-оў.

Паводле здольнасці ўтвараць новыя словы: прадуктыўныя — актыўна выкарыстоўваюцца пры ўтварэнні новых слоў: ня-праўда, пад-бор-шчык; малапрадуктыўныя: праблем-атык-а, рат-унак; непрадуктыўныя — не ўтвараюць новых слоў: ветр-азь, зна-ўц-а.

Нерэгулярныя афіксы заўсёды непрадуктыўныя. Рэгулярныя — прадуктыўныя і непрадуктыўныя.

Паводле спосабу афармлення: фармальна выражаныя: з-на-ход-к-а, папк-а; нулявы: кніг, брат.

Паводле семантычных адносін паміж сабой афіксы падзяляюцца на: сінанімічныя — маюць блізкае або аднолькавае значэнне, але па-рознаму гучаць; антанімічныя — маюць супрацьлеглае значэнне; полісемічныя/мнагазначныя — могуць мець некалькі розных значэнняў; аманімічныя — супадаюць па форме, але адрозніваюцца па значэнні.

Паводле паходжання афіксы падзяляюцца на: спрадвечнабеларускія: пры-, -н-, -ск-, -асць і інш.; запазычаныя: анты-, -ірава-, -ізм і інш.

Крыніцы

Катэгорыя:Марфемы