Вячаслаў Антонавіч Чамярыцкі (нар. , в. Рабкі, Дзятлаўскі раён, Гродзенская вобласць) — беларускі літаратуразнаўца-медыявіст, крытык, культуролаг, перакладчык, пісьменнік. Спецыяліст па старажытнай беларускай літаратуры. Кандыдат філалагічных навук (1967). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1994).
Біяграфія Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў у 1958 годзе беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1958—1959 гадах працаваў настаўнікам Слабадской сямігадовай школы Вілейскага раёна, у 1959 годзе карэктарам маладзечанскай абласной газеты «Чырвоны сцяг», у 1959—1962 гадах інспектарам аддзела народнай асветы Маладзечанскага раёна.
Скончыў у 1965 годзе аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР.
З 1965 года працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР: навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела старажытнай і новай беларускай літаратуры, галоўны навуковы супрацоўнік. Цяпер на пенсіі.
Сябра Саюза пісьменнікаў СССР (1983), Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Навуковая дзейнасць Напрамкі даследаванняў: пісьмовая спадчына Беларусі, старажытная беларуская літаратура XI—XVIII стагоддзяў, беларускае летапісанне, творчасць Францыска Скарыны.
Дэбютаваў вершамі ў 1952 годзе (навагрудская раённая газета «Новае жыццё»). З рэцэнзіямі, літаратурна-крытычнымі артыкуламі, даследаваннямі па старажытнай літаратуры выступае з 1959 г. Аўтар манаграфіі «Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літаратурная гісторыя першых зводаў» (1969), брашуры «Беларускі тытан эпохі Адраджэння» (1990), аўтар кнігі «Францыск Скарына» (з Г. Галенчанкам і В. Шматавым, на французскай мове — 1979 і на англійскай — 1980, Парыж), аўтар дакладу на IX Міжнародны з’езд славістаў «Традыцыі літаратуры старажытнай Русі ў беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд» (з А. Коршунавым, А. Лойкам, 1982), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. I, 1968), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977), «Истории всемирной литературы» (т. 3, 1985; т. 4, 1987), падручніка для ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд» (1985).
Перакладае са старажытнарускай і старабеларускай моў. Прымаў удзел у выданні «Поўнага збору рускіх летапісаў» (т. 32 і 35), складальнік зборніка «Слова пра паход Ігаравы» (1986).
Узнагароды і прэміі Медаль Францыска Скарыны. Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (1994, у аўтарскім калектыве) — за цыкл прац «Скарына і беларуская культура». Імя В. А. Чамярыцкага ўнесена ў Кнігу Славы Навагрудскага раёна (2009).
Бібліяграфія Жыватворная спадчына. Мінск, 2017. Беларускі тытан эпохі Адраджэння (да 500-годзя з часу нараджэння Францыска Скарыны). Мінск, 1990. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літаратурная гісторыя першых зводаў. Мінск, 1969. Удзел у падрыхтоўцы да выдання помнікаў даўняга пісьменства Беларусі Летапісы і хронікі Вялікага Княства Літоўскага (XV—XVII стст.). Мінск, 2015. Беларускія летапісы і хронікі. Мінск, 1997. Полное собрание русских летописей. Т. 35: Летописи белорусско-литовские. Москва, 1980. Полное собрание русских летописей. Т. 32. Хроники: Литовская и Жмойтская, Быховца. Летописи: Баркулабовская, Аверки и Панцырного. Москва, 1975. Дыярыушы XVII стагоддзя (1594—1707 гады): Самуэль Маскевіч, Багуслаў Маскевіч, Піліп Абуховіч, Міхал Абуховіч, Тэадор Абуховіч. Мінск, 2016. Рэлігійнае пісьменства кірылічнай традыцыі XI—XV стст. Мінск, 2013. Літаратура XVII—XVIII стагоддзяў. Мінск, 2012. Літаратура XI—XVI стагоддзяў. Мінск, 2011; 2012. Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст. Мінск, 2011. Беларуская літаратурная спадчына, XI—XX стст. [Электронны рэсурс]: [хрэстаматыя]. Мінск, 2007. Анталогія даўняй беларускай літаратуры: XI — першая палова XVIII стагоддзя. Мінск, 2003. Францыск Скарына. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія. Мінск, 1990. Удзел у калектыўных працах Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў: у 2 т. Мінск, 2006—2007; 2007—2010. Францыск Скарына: энцыклапедыя. Мінск, 2017. Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд. Мінск, 1985; 1996. Скарына і яго эпоха. Мінск, 1990. Францыск Скарына і яго час: Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1988. История всемирной литературы. Т. 3, 4. Москва, 1985; 1987. Францыск Скарына (1979, на францускай мове; 1980, на англійскай мове). История белорусской дооктябрьской литературы. Мінск, 1977. Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мінск, 1968
Літаратура
Катэгорыя:Нарадзіліся ў Дзятлаўскім раёне Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Кандыдаты філалагічных навук Катэгорыя:Мовазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Супрацоўнікі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ Катэгорыя:Даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага