Музейна-паркавы комплекс «Перамога» або Парк Перамогі — буйнейшы парк г. Мінска. Размешчаны ў Цэнтральным раёне Мінска побач з вадасховішчам Камсамольскае возера. Абмежаваны праспектамі Пераможцаў і Машэрава, вуліцамі Арлоўская і Старавіленскім трактам. Плошча парка — 200 га. З’яўляецца часткай водна-зялёнага дыяметра сталіцы.

Закладзены ў 1945 г. у гонар Перамогі над фашысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне. Функцыяніраваў як гарадская зона адпачынку ў раёне Камсамольскага возера, з 1975 г. парк культуры і адпачынку. Плошча складала больш за 100 га, у тым ліку воднага люстра 40 га. Было высаджана каля 33 тыс. дрэў (ліпа, клён, вярба, ясень, таполя і інш.), 25 тыс. кустоў. Уязная алея пракладзена з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Пасадкі згрупаваны па перыметры парку і яго ўзгоркавых участкаў, вакол возера больш рэдкія і нізкія, што садзейнічае раскрыццю яго ландшафтных карцін. На воднай роўнядзі возера вылучаюцца астравы з паркавымі курцінамі. Дамінантныя акцэнты ў сілуэце парку ствараюць хвойныя пароды дрэў (елка звычайная і серабрыстая, піхта і інш.). На беразе возера размешчаны лодачная станцыя, водна-вяслярная база, створана дзіцячая зона з пляцоўкамі для гульняў і заняткаў спортам, Палац піянераў і школьнікаў. Развіваўся як цэнтральны шматпрофільны парк культуры і адпачынку ўздоўж праспекта Машэрава (уключае вадасховішча Дразды) да в. Ждановічы (плошча каля 1000 га).

Адкрыты пасля рэканструкцыі ў 2010 г.

На невялікім пагорку ў пачатку парку Перамогі, на перакрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава размяшчаецца комплекс Мінск — горад-герой. У красавіку 2010 года за комплексам пачалося будаўніцтва новага будынка Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які быў адкрыты 2 ліпеня 2014 года..

20 верасня 2013 парку была прысвоена назва Музейна-паркавы комплекс «Перамога» Аб прысваенні найменняў састаўным часткам г. Мінска. Рашэнні 26-га склікання № 359/25/26 — 20 верасня 2013 .

Літаратура

Республика Беларусь : энциклопедия. [В 7 т.]. Т. 5. — Минск, 2007. Парк Победы: синтез монументального и паркового искусства / Анна Аксенова // Архитектура и строительство: научно-технический журнал. — 2010. — № 6. — С. 34—39. Сычева А. В. Охрана природы и архитектура.— Мн. 1976.

Спасылкі

Катэгорыя:Паркі Мінска Катэгорыя:Цэнтральны раён (Мінск) Катэгорыя:З’явіліся ў 1945 годзе Катэгорыя:1945 год у Мінску

Катэгорыя:Праспект Пераможцаў (Мінск) Катэгорыя:Праспект Машэрава (Мінск) Катэгорыя:Арлоўская вуліца (Мінск)