Весяло́ўка, Басалаўка, Бейсалаўка, Басіялаўскае прадмесце — гістарычная мясцовасць і колішняя вёска Мінска, размешчаная ў паўночнай частцы горада на правым беразе Свіслачы.
На паўднёвым захадзе ад Басіялаўкі месціцца прадмесце Людамонт, на паўночным захадзе — Кальварышкі і Крупцы, на ўсходзе — Пярэспа«План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // C. 196—197«Формирование территории г. Минска (1800 — 2004)» // C. 550—551.
Гісторыя Фальварак Басіялаўка вядомы з гістарычных крыніц XVIII ст.. У 1703 годзе ксёндз М. Круковіч набыў яго ў валоданне Менскага кляштара бенедыкцінаў.
Назва мясцовасці мае татарскае паходжанне — гістарычна гэту мясціну насялялі беларускія татары. Праз складанасць назвы менскія ўраднікі штораз называлі фальварак па-рознаму: Бейсалаўка, Басалаўка, Басіялаўка, Бесіялаўка. Пазней гэту мясцовасць пачалі называць Весялоўкай С. 229—230. У чэрвені 1875 года ферму ў Весялоўцы выкупіў прускі садавод Ю. І. Голаш, які ўзяўся за арганізацыю штучнага садаводства. Увосень таго ж года былі збудаваныя жылы дом, аранжарэя, цяпліца і заведзеныя парнікі, гадавальнікі пладовых ды іншых парод дрэў, кустарнікаў і да т.п. У 1883 годзе ферма займала 36 дзесяцін, была адкрытая лаўка на Захар'еўскай вуліцы ў доме Кругліка. У пачатку XX ст. да Весялоўкі далучаныя Кальварышкі.
У красавіку 1919 года ў былым лецішчы банкіра Браўдэ ў Весялоўцы была заснаваная адна з першых у БССР моладзевых камун. З ініцыятывы гаркама камсамола тут распачала працу калонія працоўнай моладзі імя Г. Фейгіна, якая налічвала каля 500 чалавек. За савецкім часам вёска, цэнтр калгаса Савецкая Беларусь Ждановіцкага сельсавета Мінскага раёна. Вёска мела вуліцы Алейную (па далучэнні да горада пераназваная ў Садовы завулак), Крывую, Набярэжную і Садовую. У 1970 годзе 192 двары, 800 жыхароў. У 1972 годзе ўключаная ў межы горада Мінска, Цэнтральны раён. У пачатку 1980-х у часе будаўніцтва развязкі Арлоўская — Паркавая магістраль і выставачнага цэнтра Белэкспа вёска была знесеная.
Сучаснасць Пра колішняе прадмесце да 2006 года нагадвалі два Басіялаўскія завулкі з некалькімі вясковымі дамамі. Апошнія дамы па Басіялаўскіх завулках былі знесеныя ў часе рэканструкцыі Парка Перамогі. На поўнач ад іх, вакол выставачнага комплексу Белэкспа на вуліцы Арлоўскай, знаходзіцца другая частка раёна, які і ў наш час мае народную назву Весялоўка.
Літаратура
Куркоў І. М. Мінск незнаёмы. 1920—1940. — Мн.: Ураджай, 2002. — 240 с. ISBN 985-04-0533-X
Спасылкі Шпацыраванне па Бейсалаўцы
Катэгорыя:Гістарычныя раёны Мінска Катэгорыя:Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Мінска