Андрэй Хачатуран (нар. , ) — беларускі футбаліст, паўабаронца віцебскага «Макслайна». Ігрок нацыянальнай зборнай Беларусі (2012—2020).
Клубная кар’ера
«Мінск» Выхаванец мінскай школы «Змена», гуляў за аднайменны клуб (пазней пераўтвораны ў «Мінск»). У студзені 2010 года падпісаў кантракт з барысаўскім БАТЭ, але на медаглядзе выявіліся праблемы, у выніку Хачатуран вярнуўся ў мінскі клуб. У жніўні 2010 года перайшоў у сочынскую «Жамчужыну», а ў сезоне 2011 зноў стаў іграком «Мінска».
«Шахцёр» У верасні 2011 года ў якасці свабоднага агента перайшоў у салігорскі «Шахцёр», дзе хутка замацаваўся ў аснове на пазіцыі цэнтральнага паўабаронцы. У пачатку 2012 года выкарыстоўваўся як правы абаронца, а пазней стаў гуляць у апорнай зоне. У чэрвені 2013 года атрымаў цяжкую траўму, вярнуўся ў строй толькі ў кастрычніку таго ж года. У студзені 2014 года пакінуў «Шахцёр» з патрабаваннямі аплаты за лячэнне траўмы.
«Нёман» Пасля «Шахцёра» спрабаваў працаўладкавацца ў расійскіх «Балтыцы» і «Уфе», але абодва разы бакі не дамовіліся аб умовах кантракта. У выніку ў сакавіку 2014 года стаў іграком гродзенскага «Нёмана». Пачынаў сезон 2014 у апорнай зоне, але неўзабаве быў пераведзены на пазіцыю правага паўабаронцы. Стаў адным з лідараў гродзенскага клуба, але ў чэрвені 2014 года атрымаў траўму, з-за якой выбыў да канца сезона. У студзені 2015 года кантракт з «Нёманам» быў разарваны.
У студзені 2015 года быў на праглядзе ў малдаўскай «Дачыі», але кантракт так і не быў заключаны. Таксама цікавасць да Хачатурана праяўлялі расійскі «Сокал» і розныя беларускія клубы. У выніку, аднак, вярнуўся ў гродзенскі «Нёман», з якім у сакавіку 2015 года падпісаў новы кантракт.
У другой палове красавіка не гуляў з-за траўмы, а пазней вярнуўся на поле і стаў адным з ключавых ігракоў гродзенцаў. З-за недахопу выканаўцаў стаў часам выступаць на пазіцыі нападніка. Быў прызнаны аматарамі клуба найлепшым футбалістам «Нёмана» мая 2015 года.
У чэрвені 2015 года па заканчэнні кантракта не здолеў дамовіцца з «Нёманам» аб яго падаўжэнні па фінансавых прычынах і пакінуў клуб.
«Тарпеда-БелАЗ» Пасля зыходу з «Нёмана» некаторы час падтрымліваў форму з першалігавай «Іслаччу». 10 ліпеня 2015 года падпісаў кантракт з жодзінскім «Тарпеда-БелАЗ». У складзе жодзінцаў замацаваўся на пазіцыі цэнтральнага паўабаронцы.
У студзені 2016 года па заканчэнні кантракта пакінуў жодзінскі клуб, маючы намер працаўладкавацца ў замежжы.
«Белшына» У студзені 2016 года далучыўся да складу «Белшыны». Разглядаўся ў якасці асноўнага іграка бабруйскай каманды, але ў пачатку сезона атрымаў траўму, з-за якой прапусціў амаль увесь красавік, пазней вярнуўся на поле. У чэрвені 2016 года разарваў кантракт з «Белшынай» і неўзабаве зноў далучыўся да складу «Тарпеда-БелАЗ».
Вяртанне ў «Тарпеда-БелАЗ» У складзе «Тарпеда-БелАЗ» у другой палове сезона 2016 быў асноўным цэнтральным паўабаронцам, гуляў у Лізе Еўропы. У студзені 2017 года падоўжыў кантракт з аўтазаводцамі. У 2017 годзе замацаваўся ў якасці аднаго з лідараў каманды, правёўшы 27 матчаў у чэмпіянаце Беларусі. У лістападзе 2017 года падпісаў новы двухгадовы кантракт з «Тарпеда-БелАЗ».
У першай палове 2018 года адсутнічаў з-за траўмы. Вярнуўся на поле ў жніўні і неўзабаве зноў замацаваўся ў стартавым складзе каманды. У 2019 годзе стаў капітанам «Тарпеда-БелАЗ». У 2020 годзе забіў шэсць галоў у Вышэйшай лізе і аддаў шэсць галявых перадач, чым дапамог камандзе заваяваць бронзавыя медалі чэмпіянату.
У студзені 2021 года падоўжыў кантракт з жодзінскім клубам. У 2021—2022 гадах стаў радзей з’яўляцца на полі з-за траўм. У пачатку 2023 года быў адхілены ад асноўнай каманды, аднак адмовіўся разрываць кантракт і пераходзіць у іншы клуб, у выніку застаўся ў «Тарпеда-БелАЗ» на кантракце, аднак толькі трэніраваўся з рэзервовай камандай, у афіцыйных матчах не гуляў ні за аснову, ні за дубль. Пакінуў жодзінскі клуб у канцы 2023 года.
«Макслайн» У студзені 2024 года стаў трэніравацца з віцебскім «Макслайнам» і ў лютым афіцыйна папоўніў склад каманды.
Міжнародная кар’ера Гуляў за юніёрскую зборную Беларусі (да 19 гадоў). 15 жніўня 2012 года дэбютаваў за нацыянальную зборную ў таварыскім матчы супраць Арменіі. Пасля лютага 2013 года не прыцягваўся да зборнай, зноў быў выкліканы на матчы ў верасні 2020 года.
Дасягненні Срэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі (3): 2011, 2012, 2013 Бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі: 2020 Уладальнік Кубка Беларусі: 2023 Пераможца Першай лігі чэмпіянату Беларусі (2): 2006, 2008 Пераможца Другой лігі чэмпіянату Беларусі: 2004 У спісе 22 найлепшых ігракоў чэмпіянату Беларусі: 2012
Статыстыка выступленняў СезонДывізіёнКлубКраінаМатчыГалы 2004 Д3 Змена 7 2 2005 Д2 Змена 30 4 2006 Д2 Мінск 24 3 2007 Д1 Мінск 19 1 2008 Д2 Мінск 16 3 2009 Д1 Мінск 26 4 2010 (1) Д1 Мінск 20 2 2010 (2) Д2 Жамчужына 13 0 2011 (1) Д1 Мінск 16 3 2011 (2) Д1 Шахцёр 9 2 2012 Д1 Шахцёр 24 5 2013 Д1 Шахцёр 18 0 2014 Д1 Нёман 13 1 2015 (1) Д1 Нёман 7 0 2015 (2) Д1 Тарпеда-БелАЗ 12 2 2016 (1) Д1 Белшына 5 0 2016 (2) Д1 Тарпеда-БелАЗ 15 1 2017 Д1 Тарпеда-БелАЗ 27 2 2018 Д1 Тарпеда-БелАЗ 12 2 2019 Д1 Тарпеда-БелАЗ 25 0 2020 Д1 Тарпеда-БелАЗ 26 6 2021 Д1 Тарпеда-БелАЗ 11 1 2022 Д1 Тарпеда-БелАЗ 12 0 2023 Д1 Тарпеда-БелАЗ 0 0
Грамадзянская пазіцыя Пасля жорсткага разгону акцый пратэстаў, выкліканых масавымі фальсіфікацыямі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, разам з 92 іншымі беларускімі футбалістамі выступіў з асуджэннем гвалту ў Беларусі.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі зборнай Беларусі па футболе Катэгорыя:Ігракі ФК Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Жамчужына Сочы Катэгорыя:Ігракі ФК Шахцёр Салігорск Катэгорыя:Ігракі ФК Нёман Гродна Катэгорыя:Ігракі ФК Тарпеда-БелАЗ Катэгорыя:Ігракі ФК Белшына Катэгорыя:Ігракі ФК Макслайн