Ту́раў () — горад раённага падпарадкавання ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці, адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі.

Геаграфія Стаіць на правым беразе Прыпяці, на яе надпоймавай тэрасе. Размешчаны за 25 км на паўднёвы захад ад Жыткавічаў, 258 км ад Гомеля. Аўтадарогамі злучаны з Давыд-Гарадком, Жыткавічамі, Лельчыцамі.

У тэктаніцы рэгіёна выдзяляецца Тураўскі купал Прыпяцкага прагіну, разведана Тураўскае радовішча гаручых сланцаў. Належыць да Прыпяцкага Палесся. Рэльеф плоскі, на паніжэннях забалочаны, месцамі трапляюцца пясчаныя грады. Палеапоймавыя глебы належаць да найбольш урадлівых на Беларусі, утварэнне іх звязана з дзейнасцю старажытных водных патокаў, якія са схілаў Валынскага ўзвышша прыносілі прадукты эрозіі чарназёмных глеб. На ўсход ад горада, па правым беразе Прыпяці цягнуцца Тураўскія дубровы.

Назва Найбольш вядомы два тлумачэнні паходжання тапоніма «Тураў». Першае звязвае назву паселішча з імем варажскага князя Тура, які лічыцца яго заснавальнікам і ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых часоў» пад 980 г. Зрэшты, гэта адзіная летапісная згадка пра «заморскага» Тура (Туры) як заснавальніка і першага ўладара горада. У 1880 г. епіскап Мінскі і Тураўскі Яўгеній у «Нарысе гісторыі Турава», прыкладзеным да выдання твораў Кірылы Тураўскага, пісаў, што ў народнай гаворцы «які-небудзь Турдаў, Турбенд і інш. мог называцца і проста Тур». Таксама ён зазначыў, што існаванне імені Тур у пэўных сферах усходнеславянскага грамадства пацвярджаецца, відаць, назвай царквы Турава бажніца ў старажытным Кіеве, якая згадваецца ў летапісе пад 1146 годам.

Другое пашыранае тлумачэнне наймення Тураў узыходзіць да назвы дзікага быка тура. Так, беларускі этнограф Павел Шпілеўскі лічыў, што летапіснае сцвярджэнне пра нейкага заморскага Тура (Туры) як заснавальніка і першага гаспадара Турава — даніна народнай легендзе. Сваю думку даследчык даводзіў наступным чынам: «па-першае, мы сустракаем масу назваў сёл, вёсак, рэк, палёў, урочышчаў і г. д. з коранем „тур“ на ўсёй прасторы славянскіх пасяленняў, і выводзіць гэтыя назвы не ад славянскага, а ад варажскага кораня — неверагодна; па-другое, у землях дрыгавічоў было мноства тураў, на якіх палявалі кіеўскія князі, напр., Уладзімір Манамах…».

Як адзначаюць А. Крывіцкі і М. Саскевіч, назву «тур» фіксуюць старажытныя пісьмовыя помнікі (напрыклад, буй-тур Усевалада ў «Слове аб палку Ігаравым»), у паўднёвых і заходніх славян захаваліся ўтварэнні ад гэтай назвы сярод найменняў жывёл, раслін, у тапаніміцы, у асобных песнях, былінах і інш. Тым не менш, даследчыкі лічаць гэту гіпотэзу «занадта спрошчанай і гістарычнай слаба матываванай».

Аляксандр Крывіцкі і Мікалай Саскевіч выводзяць назву горада ад зарослай цяпер пратокі ад Прыпяці ў в. Пагост, што размешчана непадалёк ад упадзення ў Прыпяць ракі Сцвіга. Даследчыкі адзначаюць, што паводле ўспамінаў старэйшых жыхароў гэтай вёскі, яшчэ ў даваенныя часы Тур была досыць шырокай і дастаткова глыбокай пратокай, якая была часткай гаспадарскай воднай сістэмы Пагоста: пратока была важнай прыстанню на Прыпяці і Сцвізе адначасова, асабліва пры сплаве лесу. Старажытная пратока Тур мела асаблівае значэнне для падтрымання комплексу жыллёвых, гаспадарчых, абарончых, абрадавых і іншых груп збудаванняў тагачасных насельнікаў Турава праз разгалінаваную водную сістэму. На думку даследчыкаў, такое гідранімічнае паходжанне назвы з’яўляецца «больш блізкім да рэальных падзей таго часу» і родніць Тураў з паўночным Полацкам.

Існуюць таксама і менш вядомыя тлумачэнні наймення Тураў. Некаторыя выводзяць гэту назву ад слова «тура́» (тур) — вежа, іншыя мяркуюць, што на месцы, дзе ўзнік Тураў, у язычніцкай старажытнасці было капішча — месца пакланення нейкаму паважанаму ідалу-заступніку Туру. Аднак наяўнасць асобнага славянскага бажаства з такім іменем А. Прохараў лічыць «не зусім абгрунтаванаю».

Таксама існуе і іншая мясцовая легенда пра паходжанне Турава: у часе набегаў нейкіх «туркаў» адзін з іх, перабіраючыся па тонкім лёдзе на кані недзе там, дзе потым паўстаў Тураў, праваліўся пад лёд і ўтапіўся (паводле іншай версіі — толькі згубіў сваю багатую шапку), аднак, на думку А. Крывіцкага і М. Саскевіча, гэта адвольны народны жарт пабудаваны на сугуччы наймення «Тур» і слова «турак».

Паводле заўвагі беларускага гісторыка Ш. І. Бекцінеева, мала хто з даследчыкаў не звяртае ўвагу на тое, што слова «туры» напісана маленькімі літарамі і, відаць, паказвае не на імя ўласнае «Тур», а на нейкае іншае значэнне (у множным ліку).

Гісторыя

Заснаванне Першы пісьмовы ўспамін пра Тураў змяшчаецца ў «Аповесці мінулых часоў» і датуецца 980 годам: .

Старажытны горад узнік на сутоках рэчак Язда і Струмень, прытокаў Прыпяці, якая ў сваю чаргу ўпадае ў Дняпро, а ён — у Чорнае мора. Гэты рачны шлях здаўна быў вядомы вікінгам, якія актыўна карысталіся ім для гандлю з Канстанцінопалем.

Тураўскае княства 250px|thumb|Краявід з Замкавай гары Гарадзішча старажытнага Турава ўключала дзяцінец і вакольны горад. Тураў — адзіны вядомы з крыніц горад X ст. на тэрыторыі дрыгавіцкага засялення, старажытны племянны цэнтр дрыгавічоў. У канцы X ст. стаў палітычным, эканамічным і культурна-рэлігійным цэнтрам Тураўскага княства. Меў шырокія гандлёвыя сувязі з Кіевам, Паўночным Прычарнамор’ем, Блізкім Усходам, Сярэдняй Азіяй, Балтыяй і Валынню.

Першым вядомым тураўскім князем быў Святаполк Уладзіміравіч, сын кіеўскага князя Уладзіміра, пад чыёй уладай знаходзілася Кіеўская Русь, у тым ліку і Тураўскае княства. Святаполк заняў тураўскі сталец у 988 г. Неўзабаве ў канцы X — пачатку XI ст. у Тураве ўзнікла праваслаўнае епіскапства — другое па старажытнасці на тэрыторыі Беларусі. У час княжання Святаполка Ізяславіча (1097—1113) яго жонка-грачанка Варвара заснавала тут Варварынскі жаночы манастыр.

XII—XIII стагоддзі — час росквіту Турава. Горад меў магутную лінію ўмацаванняў. У той час тут было каля 40 (паводле паданняў — 75—80) цэркваў і манастыроў. Сярод іх былі, прынамсі, два саборныя храмы: Успенскі і Петрапаўлаўскі. Існавалі прынамсі, два, а магчыма, што тры манастыры: , жаночы святой вялікамучаніцы Варвары, епіскапскі (першая згадка ў сяр. XII ст.). Магчымае, але малаімавернае існаванне кафедральнага сабора Святой Сафіі. У канцы XIII ст. ў Тураве збудавалі мураваную абарончую вежу (разабраная ў XIX стагоддзі). У гэтыя часы ў горадзе жыў вядомы асветнік Кірыла Тураўскі. У 1158 г. Тураў вытрымаў дзесяцітыднёвую аблогу паўднёварускіх князёў і такім чынам атрымаў незалежнасць ад Кіева, а ў 1160 г. — трохтыднёвую аблогу валынскіх князёў. Узімку 1241 г. горад поўнасцю зруйнавалі мангола-татары. Менавіта тады, як сведчыць паданне, быў закіданы немаўлятамі славуты калодзеж Тура, пасля чаго на працягу сямі гадоў з яго струменіла жаночае малако.

Перыяд дабрабыту скончыўся ў выніку шэрага феадальных канфліктаў, а пасля таго як рачны гандлёвы шлях страціў сваю актуальнасць (Еўропа і Візантыя былі звязаны ў абход Кіева) Тураў страціў асноўную сваю прывабнасць.

Тураўскае княства ў перыяд феадальнай раздробленасці падзялілася на некалькі ўдзельных княстваў — Тураўскае, Пінскае, Слуцкае, Клецкае і іншыя — і страціла сваё значэнне. У гэты час хутка рос Пінск, які апярэджваў у сваім гаспадарчым развіцці Тураў.

Вялікае Княства Літоўскае 250px|thumb|Панарама горада. Напалеон Орда, 1856 У XII—XIV стагоддзях пачалося аб’яднанне абшараў колішніх Полацкага, Турава-Пінскага і Смаленскага княстваў вакол Навагрудку. Далучэнне Турава да Вялікага Княства Літоўскага адбылося ў 1320-я гады. У першай трэці XIV ст. перапынілася старажытная дынастыя тураўскіх князёў, у выніку чаго горад перайшоў да вялікіх князёў літоўскіх (у 1430 годзе — ў валоданні вялікага князя Свідрыгайлы Альгердавіча). З XV ст. Тураў знаходзіўся ў складзе Троцкага ваяводства і належаў князям Глінскім.

З канца XV стагоддзя крымскія татары неаднойчы ўчынялі рабаўнічыя набегі на тэрыторыю сучаснай Беларусі. У 1497 годзе яны забілі непадалёку ад Мазыра мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі Макарыя. У час вайны 1500—1503 гадоў з Маскоўскай дзяржавай Іван III неаднаразова інструктаваў Менглі-Гірэя, каб крымскія загоны накіроўваліся ў бок Слуцка, Турава, Пінска з мэтай аслабіць усходнія межы Вялікага Княства Літоўскага. Карыстаючыся тым, што асноўныя сілы Вялікага Княства ваявалі ў гэты час з Масквой, крымчакі неаднаразова спусташалі літоўскія землі. Восенню 1502 года яны перайшлі Прыпяць і пачалі рабаваць ваколіцы Турава і Пінска. Славуты слуцкі князь Сямён Алелькавіч перахапіў крымчакоў за 6 міль ад Бабруйска і ўшчэнт разбіў іх, вызваліўшы вялікі палон.

У 1507 годзе феадалы, якія шукалі саюза з Масквой і нярэдка адкрыта пераходзілі на бок Маскоўскай дзяржавы, узнялі паўстанне пад кіраўніцтвам Міхала Глінскага. У 1508 г. цэнтрам паўстання стаў Тураў — спадчыннае ўладанне князёў Глінскіх. Адсюль князь Міхаіл са сваім атрадам пайшоў да Мазыра і, як паведамляла «Хроніка Літоўская і Жамойцкая», «Мозыр взял и своими людмн осадил». Аднак у 1508 годзе паўстанне пацярпела паражэнне. Пасля таго, як Глінскі збег у Маскоўскае княства, Тураў перайшоў да Канстанціна Астрожскага, які заняўся яго ўзнаўленнем. У 1521 годзе горад быў паўторна разбураны татарамі, і Астрожскія мусілі яшчэ раз будаваць на Замкавай гары ўмацаваны замак — апошні, рэшткі якога захаваліся да XIX ст. і апісваліся вядомым падарожнікам Паўлам Шпілеўскім. Астрожскія кіравалі Туравам больш за стагоддзе (з 1508 па 1620 г.), пакуль ён не быў аддадзены ў якасці выкупу за княжну з роду Сапегаў. У 1521 годзе на Тураў ізноў нападалі татары.

У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў Тураў увайшоў у склад Пінскага павета Берасцейскага ваяводства. У гэты час горада складалася з асноўнай часткі і двух прадмесцяў — Заяцелле і Запясочча.

thumb|250px|Від на горад, пач. XX ст. У 1649 спалены войскамі гетмана Януша Радзівіла, пасля пажару горад так і не быў адноўлены да канца: з былых землеўладанняў захавалася толькі чвэрць.

У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай маскоўскія захопнікі некалькі разоў спусташалі Тураў. Масква ажыццяўляла свае даўнія планы па захопе Літвы і распачала крывавую вайну, якая забрала больш за палову насельніцтва Вялікага Княства. У ліпені 1654 года казакі, наляцеўшы на вёскі і мястэчкі Тураўшчыны, «сялян мучылі, насмерць забівалі, маёмасць іх усю забіралі, іншыя вёскі агнём палілі…» Пазней сюды прыходзіў казацкі полк нейкага Грышкі Чорнага. Казакі з’яўляліся тут і разам з маскоўскімі ратнікамі. У верасні 1654 года на Тураўскую і Смядынскую (ніжэй па Прыпяці) воласці напала маскоўскае войска. Паводле заявы тураўскага падстарасты Фёдара Ляўковіча, чужынцы «не толькі ў дамах сялянскіх што змаглі адшукаць забралі, але, сялян у лясах знаходзячы, некаторых насмерць пазамучвалі…» 24 верасня яны «да апошняй халупы» спалілі вёскі Верасніца, Букча, Глінная, Храпін, Колкі, і спустошылі дзясяткі іншых. Забіралі ўсё да драбніцы. У Астражанцы і Смядыні замардавалі нават папоў, у Гліннай святога айца расстралялі, а недамучаных людзей жывых засыпалі зямлёй. Целы мерцвякоў выкідвалі з дамавін. Урэшце, пагаспадарыўшы ў апусцелым Тураве, захопнікі пакінулі яго, а мяшчанам, якія паразбягаліся, і ўсёй воласці сказалі вяртацца ў горад, запэўніўшы, што чапаць іх не будуць. Аднак 30 кастрычніка, калі людзі вярнуліся, на іх накінулася варожае войска. Хапалі ўсё ў хатах, рыначных каморах, а найбольш — «вымучвалі» ў жыхароў грошы. Некалькі чалавек пры гэтым забілі. Вялізны статак кароў (за 6 тысяч) быў адагнаны на Украіну. Неўзабаве войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандай Януша Радзівіла вызваліла Тураў. Пасля выгнання маскоўскіх захопнікаў у Тураве засталося толькі 111 дымоў, тады як у 1648 іх было 401.

У XVIII ст. Тураўскі маёнтак зваўся графствам, хоць яго ўладальнікі не былі графамі. Паводле звестак за 1790 год, у Тураве было 497 дымоў.

Расійская імперыя 250px|thumb|Царква Усіх Святых. І. Сербаў, пачатак XX ст.