Бара́нь () — горад раённага падпарадкавання ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, на рацэ Адроў. За 9 км ад горада Орша, да 2013 падпарадкоўваўся Аршанскаму гарсавету. На аўтамабільнай дарозе Орша—Коханава. Бліжэйшыя прыпынкі электрацягнікоў — Харобрава, Чэрвіна (~3 км).
Гісторыя Вядома як сяло Барань, потым Старая Барань, з 1518 года ва ўладанні князя Канстанціна Астрожскага. Канстанцін Астрожскі заснаваў у Барані «кульны двор» — прадпрыемства па вырабу гарматных куль. У 1541 годзе ва ўласнасці яго сына князя , належала да Копыскага замка. У 1591 годзе ў складзе Копыскага маёнтка згаданы фальварак Барань. У 1598 годзе ўладальнік Копысі вялікі гетман літоўскі Крыштаф Радзівіл заснаваў у Аршанскім павеце мястэчка Барань, куды перавёў падданых са Старой Барані. Прывілеем ад 30 кастрычніка 1598 года гетман «..залажыў на гасцінцы ад Барысава да Оршы места на Барані, а каб тыя прышлыя людзі ў ім асядалі і валокі прыняўшы распрацоўвалі, назначыў ім, людзям, якія будуць прыходзіць, асядаць у месцы, свабоду ад даты ліста, напісанага на 15 год, уласныя падданыя гэтыя абавязаны выконваць павіннасці, апісаныя ў інвентары». Тым самым днём Радзвіл пісаў: «…пацвярджаем, што Кліму Храловічу даў у м. Бараньскім валоку… на свабоднае трыманне 15 год». Ліст гетмана ад 15 лістапада 1599 года паведамляе «аб залажэнні» мястэчка Барань і што падданы са Старой Барані Сямён Кавезя прызначаны там войтам. «На каторае войтаўства далі яму на Копыскай вуліцы, дзе старая арэнда стала, пляц у канцы пляцаў рынкавых, аж па дарозе да млына і 2 валокі… вольныя ад платы пажыццёва, за што павінен свайму пану верна і чэсна служыць. І што той жа Сямён Кавезя, войт бараньскі, узяў з в. Старая Барань у дадатак яшчэ 8 маргоў. Тады гэтыя 2 валокі трымае на чыншы, плацячы з іх па коп паўтрэці з кожнай, як апісана ў інвентары галоўнай памеры». У мястэчку войту дазвалялася вызначаць гандлёвы дзень. У 1-й палове XVII ст. ў Барані было 38 дамоў.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Барань у складзе Расійскай імперыі, сяло, цэнтр воласці Аршанскага павета. Паводле «Інвентара зямель, выганаў, распрацовак, зарасніка мяшчан і валашчан староства Барысаўскага, што знаходзяцца ў павеце Аршанскім для лепшага выбару падаткаў» за верасень 1781 года ў Барані было 26 пляцаў, на якіх гаспадарылі Ян і Мацей Чорныя, Юзаф Шаблінскі, Ігнацій Шушкевіч, Лук’ян Каўтач, Іаан і Курыла Шытакі, Андрэй, Нічыпар і Міхаіл Чарнухі, Якаў, Давыд і Даніла Сушкевічы, Сапрон Локіш, Ян Яранкевіч, Карповіч, Чарэйскі, Станіслаў Рэут, Лапа, Зальковіч. Да Барані належалі засценкі Загацце (9 гаспадароў), Заўротаў, Ромбскі (па 2 сям’і), і Млын Бараньскі (3 двары). У 2-й палове XIX ст. у Барані каля 300 жыхароў, працавалі крухмальны завод, млын, было народнае вучылішча (адкрыта ў 1875 годзе, 31 вучань). У 1873 годзе адкрыты драцяна-цвіковы завод. 11 ліпеня 1905 года яго рабочыя (каля 200 чал.) правялі забастоўку, удзельнічалі ў Кастрычніцкай Усерасійскай палітычнай стачцы 1905 года.
Савецкая ўлада ўстаноўлена ў лістападзе 1917 года. З лютага да кастрычніка 1918 года горад акупіраваны войскамі кайзераўскай Германіі. У 1924—1960 гадах цэнтр сельсавета ў Аршанскім раёне. У 1935 годзе пераўтвораны ў рабочы пасёлак. З 16 ліпеня 1941 да 27 чэрвеня 1944 года акупіраваны войскамі нацысцкай Германіі. З 17 мая 1972 года — горадУказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Аб пераўтварэнні рабочага пасёлка Барань Віцебскай вобласці ў горад раённага падпарадкавання ад 17 мая 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 15 (1353)..
Насельніцтва
XX стагоддзе: 1967 — 9,7 тыс. чал.; 1990 — 13,5 тыс. чал.; 1991 — 14,1 тыс. чал.; 1995 — 14,4 тыс. чал. XXI стагоддзе: 2006 — 12,1 тыс. чал.; 2008 — 12,0 тыс. чал.; 2016 — 11 343 чал.; 2017 — 11 221 чал.; 2025 — 10 131 чал..
Насельніцтва пражывае кампактна.
Эканоміка Аснову эканомікі горада складаюць прадпрыемствы машынабудавання, лёгкай і харчовай прамысловасці. Горадаўтвараючае прадпрыемства — ААТ «Тэхніка сувязі» (раней — фірма «Лёс»). Шмат незанятых вытворчых плошчаў. Санаторый-прафілакторый «Лес».
Культура У горадзе 3 школы.
Славутасці Бараньская Спаса-Праабражэнская царква (арыгінал перавезены ў музей у 1989 годзе, новая пабудавана ў 1993 годзе). Механічны завод Багадзельня (1905)
Вядомыя асобы Аляксандр Сяргеевіч Арцюшкевіч (нар. 1947) — беларускі вучоны. Доктар медыцынскіх навук (1996), прафесар. Артур Іосіфавіч Бязлюдаў (1934—1986) — дзяржаўны дзеяч БССР. Міхаіл Пятровіч Канцавой (нар. 1949) — беларускі мастак. Уладзімір Іванавіч Корбан (1910—1971) — беларускі пісьменнік. Генадзій Іванавіч Міхасёў (нар. 1957) — беларускі спецыяліст у галіне механікі дэфармуемага цвёрдага цела. Доктар фізіка-матэматычных навук (1998), прафесар (2005). Мікалай Сцяпанавіч Палянкоў (1921—2005) — беларускі мастак. Генадзь Міхайлавіч Шэпелеў (1953—2026) — беларускі грамадскі і культурны актывіст, вартавы Крапівенскага поля
Гл. таксама Гарады Віцебскай вобласці Гарады Беларусі Спіс вуліц Барані
Зноскі
Літаратура Бравер, Я. Л. Барань // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1979. — № 4.
Спасылкі
Iнфармацыйна-забаўляльны партал «УБарані» Старонка школы № 18 г. Барань Надвор’е ў горадзе Барань
Катэгорыя:Мястэчкі Віцебскага ваяводства