«Руска-беларускі слоўнік» — нарматыўны (да другой паловы 1938 года) руска-беларускі слоўнік, выданы ў адным томе ў Менску ў першай палове 1937 года пад рэдакцыяй Андрэя Александровіча.

Адметнасцямі слоўніка былі надзвычай доўгі час, патрачаны на яго падрыхтоўку, і моцны ўплыў ідэалагічных і палітычных фактараў на яго выхад. Праца над ім ішла ў атмасферы татальнага кантролю, тэрору і рэпрэсій сярод беларускіх лінгвістаў у 1930-я гады.

Гісторыя стварэння Праца над новым руска-беларускім слоўнікам была ініцыяваная 30 кастрычніка 1930 года пасля масавых рэпрэсій у беларускай мовазнаўчай навуцы (справа «Саюза вызвалення Беларусі») і забароны карыстання працамі «ворагаў народа», у тым ліку папярэднім «Расійска-беларускім слоўнікам» (1928) М. Байкова і С. Некрашэвіча. Першапачаткова здача ў друк планавалася на 1 чэрвеня 1931 года, затым тэрміны неаднаразова пераносіліся на 1932 і 1933 гады, але рэальная праца над слоўнікам пачалася, відаць, толькі ў пачатку 1932 года. Агульную рэдакцыю ў гэты час ажыццяўлялі прэзідэнт БАН П. Горын, дырэктар Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі (ДВБ) А. Некрашэвіч, адказны рэдактар газеты «Савецкая Беларусь» П. Шастакоў і вучоны сакратар Інстытута мовазнаўства П. Юргелевіч.

Як цэлае, першая рэдакцыя слоўніка не была гатова раней за вясну 1933 года. Але палітычныя падзеі (новая хваля барацьбы з «нацыянал-дэмакратызмам» 1933—1934 гадоў) спынілі выпуск: адзін з рэдактараў, А. Некрашэвіч, быў зняты з пасады 12 сакавіка 1933 года, а ў прэсе была агучана думка пра тое, што «нацдэмы» стараліся «засмеціць» новы рыхтаваны слоўнік. Апроч таго, пасля пастановы СНК БССР «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» спатрэбілася карэнная перапрацоўка слоўніка на новы правапіс, адпаведнае рашэнне аб чым было прынята прэзідыумам Акадэміі навук 27 жніўня 1933 года. Між іншым, 8 верасня 1933 года прэзідыум БАН звяртаўся з просьбай адрэдагаваць падрыхтаваны слоўнік і даць па ім разгорнуты водгук да Б. Тарашкевіча (але вынік гэтага звароту невядомы). Каля канца 1933 — пачатку 1934 года новым адказным рэдактарам замест рэпрэсаваных лінгвістаў быў прызначаны лаяльны партыі пісьменнік А. Александровіч.

Выпуск, перапланаваны на 1934 год, не адбыўся. Імаверна, што ў канцы 1934 года ранейшая праца была забракаваная, і пачалася падрыхтоўка новай рэдакцыі з запланаванай здачай у друк у канцы 1935 года. Слоўнік быў у асноўным гатовы не пазней за ліпень 1935 года, атрымаў станоўчую рэцэнзію А. Александровіча, і 19 жніўня 1935 года прэзідыум акадэміі пастанавіў тэрмінова здаць яго ў друк. Канчаткова ён выйшаў у свет толькі ў першай палове 1937 года.

Неўзабаве пасля арышту самога А. Александровіча 1 ліпеня 1938 года слоўнікам было забаронена карыстацца, паколькі ён лічыўся падрыхтаваным пад кіраўніцтвам «ворага народа».

Лёс двухтомнага рукапісу У 1930-я гады ў Інстытуце мовазнаўства паралельна рыхтаваўся і вялікі двухтомны руска-беларускі слоўнік, які так і не быў выдадзены. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захаваліся фрагменты гэтага рукапіснага слоўніка, датаваныя 1936 годам. Яны ўключаюць каля 11 тысяч слоў на літары А, Б, В, Д і Ж. Параўнанне гэтага рукапісу са слоўнікам 1937 года паказвае, што аб'ём двухтомніка павінен быў скласці каля 100 тысяч адзінак, што ў 2–3 разы перавышала вакабуляр выдадзенага аднатомніка. У рукапісе фіксуецца значнае скарачэнне колькасці беларускіх сінонімаў і штучнае ўвядзенне словаўтваральных русізмаў або царкоўнаславянізмаў (напрыклад, возмутительный — абураючы замест абуральны, ввергать — увяргаць замест ўкідаць), што сведчыць пра ціск і выкананне аўтарамі «ідэалагічнага» заказу па набліжэнні беларускай мовы да рускай.

Ацэнкі Яшчэ да забароны слоўнік 1937 года крытыкаваўся за надзвычайную русіфікаванасць беларускай часткі. Даследчык Л. Шакун адзначаў у ім вялікі крэн у бок збліжэння беларускай мовы з рускай і сцвярджаў, што выданне было вытрымана ў духу тагачасных ідэалагічных установак, таму яно «не набыло аўтарытэту ў грамадстве». Разам з тым, паколькі слоўнік быў прызначаны перадусім «для партыйнага, камсамольскага, фабрычна-заводскага і калгаснага актыву», ён, магчыма, цалкам задавальняў патрэбы менавіта гэтай моцна русіфікаванай аўдыторыі.

Імаверна, гэты слоўнік атаясамліваецца з так званай «другой рэдакцыяй» руска-беларускага слоўніка, узгаданай К. Гурскім 10 жніўня 1938 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» сярод «першых дзвюх рэдакцый, якія былі зроблены ворагамі народа» і якія папярэднічалі пачатку працы над трэцяй рэдакцыяй.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Руска-беларускі слоўнік

Катэгорыя:Слоўнікі беларускай мовы Катэгорыя:Кнігі 1937 года Катэгорыя:Перакладныя слоўнікі