«Калека» — паэма Янкі Купалы, напісаная ў 1907 годзе і ўпершыню апублікаваная ў 1926 годзе.Надрукавана ў часопісе «Чырвоны сейбіт» (№3, 1926 г.) з падзагалоўкам «Гутарка з мінулага часу». Сваю паэму Я.Купала вызначыў як гутарку, хоць у адрозненне ад традыцыйнага жанру гутарак споведзь жабрака-калекі цалкам вытрымана ў апавядальна-маналагічным плане. Яна нідзе не перапыняецца дыялогам, пытаннямі, удзелам у гаворцы іншых персанажаў. Толькі ў апошняй частцы чытач даведваецца, што дзеянне адбываецца ў карчме. «Еду... Дзе крыж ля дарогі, Штось відаць, як хто лёг спаці, Глянуў... Мёртвы Кукса ўбогі... Так жыццё ён скончыў, браце» ''Я. Купала. З паэмы «Калека». У аснове паэмы — сацыяльная драма Куксы, чалавека, які на вайне страціў руку, а на службе ў пана і нагу. Выгнаны са службы, калека стаў жабраком. Уся гісторыя, апрача трагічнага эпілога, падаецца ў форме апавядання самога калекі — паэтапна, здарэнне за здарэннем, здзек за здзекам. Гэта вельмі ўражлівая і сацыяльна выкрывальная споведзь чалавека трагічнага лёсу.Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Калека». — C. 275.

Структура паэмы вызначаецца кампазіцыйнай зладжанасцю і стройнай арганізацыяй: яна складаецца з 12 частак, у кожнай з каторых па 4 страфы. Апошняя страфа кожнай часткі мае анафарычны варыянт звароту да слухачоў, што надае жывую непасрэднасць твору і падкрэслівае яго спавядальны лад. Апошняя частка твора, напісаная ад імя аўтара, не проста падводзіць вынік жыццёвага лёсу героя ў яго апошнім трагічным зломе, але сведчыць аб кроўнай блізкасці паэта да чалавека з гушчы народа.

Літаратура Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Калека» / Аўтар — М.М.Арочка. — C. 275.

Спасылкі Петрушкевіч Ала. Біблейскія матывы ў ранніх паэмах Янкі Купалы/ Беларуская інтэрнэт-бібліятэка kamunikat.org

Катэгорыя:Паэмы Янкі Купалы Катэгорыя:З’явіліся ў 1907 годзе