Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі — размешчаны па адрасе Гродна, вуліца Замкавая, 16. Адзіны музей у Рэспубліцы Беларусь, які спецыялізуецца на вывучэнні гістарычнага мінулага рэлігій і канфесій. Пры музеі працуюць навуковая бібліятэка (звыш 15 тысяч тамоў), рэстаўрацыйная майстэрня.
Гісторыя
Фармальна музей пачаткова паўстаў у Полацку ў 1973 годзе паводле пастановы Бюро ЦК КПБ, але першыя гады існаваў амаль выключна на паперы. Хутка было вырашана перавесці музей у больш значны ў адміністрацыйны плане горад, таму ў 1975-77 гадах калектыў фактычна чакаў пераносу музея ў Гродна. Магчыма, перанос быў звязаны таксама з патрэбай атэістычнай прапаганды на Гродзеншчыне, якая заставалася рэгіёнам з найбольшай колькасцю веруючага насельніцтваДжумантаева Т. А. «Полацкаму музею-запаведнику - 50» // Музей і культурная спадчына: гісторыя, сучаснасць, погляд у будучыню. Зборнік матэрыялаў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі Мінск, 27–28 чэрвеня 2017 г. / рэдкал.: А. А. Гужалоўскі [і інш.]. – Мінск : БДУ, 2017. – С. 84–85 – 298 с..
У Гродне ён быў заснаваны 7 ліпеня 1977 як Рэспубліканскі музей атэізму і гісторыі рэлігіі, адкрыты для наведвальнікаў 15 студзеня 1985. З 13 верасня 1989 пачаў называцца Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі рэлігіі, а з 12 жніўня 2005 атрымаў сучасную назву сучасную назву.
Першым дырэктарам музея быў прызначаны ідэйны атэіст і вядомы беларускі пісьменнік Аляксей Карпюк. Супрацоўнікам ён запомніўся як актыўны збіральнік спадчыны, які арганізоўваў паездкі па экспанаты ў самыя аддаленыя мясціны Гродзенскай вобласці. Супрацоўнікі музея імкнуліся таксама збіраць матэрыялы з усёй тэрыторыі Беларусі, каб найбольш поўна паказаць разнастайнасць рэлігійнай культурыЦіхаміраў А. У. «Прадметы з Гомеля і Гомельскай вобласці ў фондах Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі» // Беларусь у гістарычнай рэтраспектыве XIX–XXI стагоддзяў: этнакультурныя і нацыянальна-дзяржаўныя працэсы. Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі / рэдкалегія: А. Р. Яшчанка (гал. рэд.) [і інш.]; Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2021. С. 206 – 243 с..
Першая экспазіцыя размяшчалася ў архітэктурным ансамблі былога жаночага манастыра Раства Багародзіцы. Пасля таго, як у 1992 комплекс быў вернуты вернікам, музей атрымаў двухпавярховы комплекс былога палаца Храптовічаў. Ён быў зусім не прыстасаваны пад патрэбы музея і патрабаваў доўгага рамонту. У 2009 былі завершаны рамонтна-рэстаўрацыйныя работы ў будынку музея, адкрыта стацыянарная выстаўка «Эпоха. Час. Будынак», дзве выставачныя залы (плошчай 83,9 кв. м. і 51,3 кв. м.), канцэртная зала на 90 месцаў. У снежні 2010 адчынілі свае дзверы для наведвальнікаў шэсць залаў экспазіцыі «Рэлігія і культура ў Беларусі». У межах рэстаўрацыі будынка былога палаца над брамай змясцілі выяву герба Гродна — аленя святога Губерта.
У 1979 годзе да музея ў якасці філіі была далучана Каложская царква. Супрацоўнікі музея спрыялі даследаванням стану храма, яго захаванасці. У канцы 1980-х гадоў дырэктар Аляксей Карпюк сустракаўся з мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам і спрыяў перадачы будынка Каложы праваслаўнай царкве.
Экспазіцыі. Дзейнасць музея Паводле стану на 2023 год музейная экспазіцыя складаецца з 18 залаў: 5 залаў – экспазіцыя «Эпоха. Час. Будынак», 12 залаў – экспазіцыя «Рэлігія і культура Беларусі», 1 зала – экспазіцыя «Пасля Катастрофы. З гісторыі гродзенскіх яўрэяў»).
Музеем падрыхтаваны шматлікія выстаўкі ў музеях вобласці і рэспублікі, найбольш адметнымі сталі: «Повязь часоў — беларускі ручнік», «Барока ў Беларусі», «Гарадская культура», «Нам засталася спадчына», «Традыцыі продкаў: беларускі народны касцюм», «Біблія — кніга кніг», «Свет сакральнага мастацтва», «Вобраз Маці Божай у іканапісе», «Смерцю смерць перамогшы», «Святыя і падзвіжнікі хрысціянскай царквы», «Паміж небам і зямлёй».
У 2010 у залах музея арганізаваны выстаўкі «Спявай Госпаду, уся зямля» (да фестывалю царкоўных спеваў), «Вялікдзень — святаў свята», на якой была прадстаўлена калекцыя з 259 вялікодных яек заходнееўрапейскай, беларускай і расійскай вытворчасці, «У Гродне іх можна сустрэць найчасцей» (вобраз анёла ў творах гродзенскіх мастакоў), а таксама выстаўка прысвечанай фестывалю нацыянальных культур. Да Міжнароднага дня музеяў упершыню была падрыхтавана канцэртна-тэатралізаваная праграма «Дзень і ноч у музеі».
Аснову навукова-асветніцкай дзейнасці музея складаюць экскурсіі па экспазіцыях і выставах музея, лекторыі, лекцыі і кансультацыі для выхавацеляў дзіцячых садкоў і настаўнікаў сярэдніх школ, спецыялізаваныя заняткі з рознымі ўзроставымі групамі. Супрацоўнікі музея таксама праводзяць музейныя заняткі з інтэрактыўным блокам у дзіцячых садках, урокі-экскурсіі, музейныя ўрокі, тэматычны заняткі, тэматычныя экскурсы па горадзе для дзяцей і дарослых, праграмы для дашкольнікаў «Падарожжа ў мінулае Белай Русі» і «Апавяданні старога куфра», а таксама цыкл урокаў-экскурсій «Мураваныя харалы Гродна» (помнікі культавай архітэктуры), які стаў лагічным працягам праграмы «Гродназнаўства», і тэматычны экскурс «Музыка, якая застыла ў камені», распрацаваны для атрымання дадатковых паглыбленых ведаў.
Музей аказвае метадычную дапамогу ў пытаннях гісторыі рэлігіі дзяржаўным і грамадскім музеям Гродзенскай вобласці, студэнтам вышэйшых навучальных устаноў і вучням сярэдніх агульнаадукацыйных школ, прымае на экспертную камісію кнігі і помнікі мастацтва.
Час працы Музей працуе кожны дзень, акрамя панядзелка, з 10.00 да 18.00 (каса да 17.00).
Зноскі
Літаратура Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі / / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. – Мн., 1993. – Т. 1. – С. 428. Аляксееў Ю. Адзіны на Беларусі / / Чырвоная змена. – 1997. – 1 ліп. Берест В. Новый музей / / Гродненская правда. – 1985. – 23 янв. Вараб'ёва Т.Л. Стварэнне музейнай экспазіцыі ў гістарычных будынках (з вопыту будаўніцтва экспазіцыі «Эпоха, час, будынак» у БДМГР) / / Краязнаўчыя запіскі. – Гродна, 1997. – Вып. 4. – С. 11–15. Засельская Л. Древние стены заговорили / / Гродненская правда. – 1985. – 15 авг. Карпюк А., Марат Я. Ёсць у горадзе музей / / ЛіМ. – 1978. – 18 жн. Кушнер В. Свет правды / / Советская Белоруссия. – 1985. – 6 янв. Ляшчонак Н. Заўтра заўсёды позна / / Спадчына. – 1999. – № 4. – С. 66–84. Новік В. Ведаць і шанаваць сваё мінулае / / Гродзенская праўда. – 1995. – 18 мая. Трусаў I. Запрашае новы музей / / ЛіМ. – 1986. – 22 сак.
Спасылкі
Афіцыйны сайт музея
Катэгорыя:Музеі Гродна Катэгорыя:З’явіліся ў 1985 годзе Катэгорыя:Замкавая вуліца (Гродна)
Катэгорыя:Вуліца Давыда Гарадзенскага (Гродна) Катэгорыя:1985 год у Гродне