Фане́ма (ад  — гук) — найменшая адзінка гукавой матэрыі мовы, якая служыць для адрознення значымых адзінак мовы і вылучаецца на аснове параўнання гукаў у аднолькавых пазіцыях у слове. У пісьмовай мове адпавядае графеме. Фанемы вывучае фаналогія.

Уся разнастайнасць гукаў у кожнай мове зводзіцца да параўнальна невялікай колькасці фанем, якія, звычайна, утвараюць рацыянальную і эканомную сістэму (звычайная колькасць фанем у мовах свету вагаецца ад 12 да 80).

Прыметы фанем Фанема валодае сукупнасцю пазіцыйна незалежных прымет, якія падзяляюцца на дыферэнцыяльныя і інтэгральныя.

Дыферэнцыяльныя прыметы Дыферэнцыяльная прымета — прымета, паводле якой пэўная фанема адрозніваецца ад іншай фанемы, што супадае з ёй па іншых параметрах: напрыклад, дыферэнцыяльнай прыметай фанемы <д> у адносінах да <т> з’яўляецца звонкасць; па гэтай прымеце яна супрацьпастаўляецца фанеме <т>.

Дыферэнцыяльныя прыметы даволі разнастайныя, але ў кожнай мове набор іх абмежаваны. Напрыклад, у беларускай мове прымета цвёрдасць — мяккасць зычных з’яўляецца дыферэнцыяльнай, а ў французскай мове яна інтэгральная. Адна і тая прымета можа быць дыферэнцыяльнай для адных фанем і інтэгральнай для іншых.

Дыферэнцыяльнымі прыметамі для зычных у беларускай мове з’яўляюцца: звонкасць / глухасць: <ж>ыць — <ш>ыць; цвёрдасць / мяккасць: <л>ук — <л’>юк; спосаб утварэння: <б>ыць — <м>ыць; месца ўтварэння: <с>ом — <р>ом; назальнасць / неназальнасць: <н>амерыць — <д>амерыць.

Дыферэнцыяльнымі прыметамі для галосных у беларускай мове з’яўляюцца: ступені пад’ёму языка: напрыклад, <а> як фанема ніжняга пад’ёму супрацьпастаўлена іншым галосным; наяўнасць / адсутнасць лабіялізацыі: лабіялізаваныя фанемы <о> і <у> супрацьпастаўляюцца нелабіялізаваным фанемам.

Інтэгральныя прыметы Інтэгральныя прыметы з’яўляюцца агульнымі для некалькіх фанем і не могуць быць выкарыстаны для іх адрознення. Напрыклад, фанемы <п> і <т> маюць наступныя інтэгральныя прыметы: кансанантнасць, шумнасць, глухасць, змычнасць, цвёрдасць.

Функцыі фанем Асноўнымі функцыямі фанем з’яўляюцца перцэптыўная і сігніфікатыўная.

Перцэптыўная функцыя заснавана на здольнасці фанемы атаясамліваць адны і тыя ж словы і марфемы. Напрыклад, у слове іграць і сыграць перцэптыўную функцыю выконвае галосная фанема <і>.

Сігніфікатыўная функцыя заснавана на здольнасці фанемы адрозніваць словы і марфемы: <д>ом, <т>ом, <с>ом.

Пазіцыі фанем Становішча фанемы, якое ўплывае на яе гукавыя рэалізацыі, называецца пазіцыяй фанемы. Напрыклад, пад націскам: кара́.

Вылучаюць сігніфікатыўныя і перцэптыўныя пазіцыі фанемы. Сігніфікатыўныя пазіцыі — становішча адрознення / неадрознення фанем. Перцэптыўныя пазіцыі — становішча, у якім фанемы атаясамліваюцца.

Перцэптыўна і сігніфікатыўна моцная пазіцыя фанемы называецца абсалютна моцнай. У гэтай пазіцыі фанема рэалізуецца асноўным варыянтам — дамінантай. Напрыклад, фанема <а> у слове мак.

У слабай пазіцыі адбываецца нейтралізацыя фанемы (супадзенне, адсутнасць адрознення дзвюх або некалькіх фанем у пэўнай пазіцыі).

Варыянты і варыяцыі Фанема праяўляецца (рэалізуецца ў мове) у пэўных відах — алафонах гэтай фанемы. У залежнасці ад пазіцыі фанемы ў слове вылучаюць асноўны варыянт фанемы, варыяцыю фанемы і варыянт фанемы.

Асноўны варыянт фанемы — варыянт, які выступае ў перцэптыўна і сігніфікатыўна моцнай пазіцыі. Для галосных гэта пазіцыя пад націскам, для шумных зычных — перад галосным або санорным: [а́]там, а[к]но. Для санорных зычных паняцце пазіцыі неактуальнае, паколькі яны не змяняюцца ў маўленчай плыні.

Варыяцыя фанемы — відазмяненне фанемы, якое не супадае з асноўным варыянтам ніводнай іншай фанемы: сто[л] — на ста[л’]е.

Варыянт фанемы — алафон, які па гучанні супадае з асноўным алафонам іншай фанемы. Напрыклад, у слове хлеб (хле[п]) гук [п] з’яўляецца варыянтам фанемы <б>.

Усе варыянты фанемы складаюць фанемны рад, які ўзначальваецца найбольш тыповым варыянтам (знаходзіцца ў моцнай пазіцыі). Напрыклад, фанема <з> рэалізуецца ў варыянтах [з], [с], [с’], [з’], [ж] і інш.: [з⁀аркай], [с⁀са́лам], [с’⁀с’іро́пам], [з’⁀в’і́шн’ам’і], [ж⁀жо́рам].

Лінгвістычная літаратура не выпрацавала трывалай адназначнай наменклатуры ў гэтым пытанні.

Існуе такая плынь, у якой тэрміны «алафон фанемы» і «варыянт фанемы» ўжываюцца ўзаемазамяняльна, як сінонімы, і ўсе гукі, у якіх рэалізуецца фанема, называюцца тут «варыянтамі»; асноўны прадстаўнік фанемы — моцны варыянт, усе іншыя прадстаўнікі — слабыя варыянты.

Яшчэ іншая плынь існуе ў працах прадстаўнікоў Ленінградскай фаналагічнай школы, дзе тэрміну «варыянт» адпавядае тэрмін адценне фанемы. У гэтым выпадку, у залежнасці ад прычын, якія выклікаюць вар’іраванне фанемы, вылучаюць камбінаторныя варыянты (адценні) фанемы, абумоўленыя суседствам з іншымі фанемамі, і пазіцыйныя варыянты (адценні), якія залежаць ад становішча фанемы ў слове.

Слабая пазіцыя Для абазначэння слабай фанемы выкарыстоўваюцца тэрміны «архіфанема» і «гіперфанема».

Архіфанема прадстаўлена шэрагам гукаў, якія чаргуюцца ў залежнасці ад пазіцыі і складаюць агульную частку нейтралізаваных фанем. Так, фанемы <д> і <т> супрацьпастаўляюцца па звонкасці / глухасці. У слабай пазіцыі, напрыклад, у абсалютным канцы слова, прымета глухасць / звонкасць нейтралізуецца: код — [кот]. Таму ў архіфанемы <д / т> яна адсутнічае. Для вызначэння таго, якой фанеме адпавядае гук у слабай пазіцыі, трэба змяніць слова так, каб слабая пазіцыя ў марфеме змянілася на моцную — кодавы.

Гіперфанема — слабая фанема (архіфанема), якае не мае дыферэнцыяльнай моцнай пазіцыі. Напрыклад, у слове баран фанема <а> у слабай пазіцыі, і праверыць яе шляхам замены на моцную пазіцыю немагчыма.

Праблема тоеснасці фанем У розных фаналагічных школах праблема тоеснасці фанемы трактуецца неаднолькава. Два асноўныя падыходы, да якіх можна звесці розныя погляды, гэта: выдзяленне фанем шляхам устаранення адрозненняў (кантрасная дыстрыбуцыя); выдзяленне фанем шляхам узмацнення адрозненняў (дадатковая дыстрыбуцыя).

Кантрасная дыстрыбуцыя Сутнасць спосабу, які атрымаў назву метаду кантраснай дыстрыбуцыі, можна ўявіць праз проціпастаўленне пар слоў (іх называюць мінімальнымі парамі), якія адрозніваюцца толькі адным гукам. Напрыклад, словы [саду] і [с’аду] адрозніваюцца зычнымі [с| і [с’], якія проціпастаўляюцца ў аднолькавых фанетычных умовах па адной прымеце: цвёрдасць — мяккасць. Ужыванне гукаў у аднолькавых фанетычных умовах і служыць паказчыкам іх фанематычнасці.

Некаторыя вучоныя лічаць, што ў фаналагічны змест фанемы ўваходзяць толькі дыферэнцыяльныя прыметы, а сама фанема вызначаецца ў такім разе як «пучок» дыферэнцыяльных прымет. Іншыя даследчыкі да істотных з фаналагічнага пункту погляду адносяць і інтэгральныя прыметы на той падставе, што ў працэсе зносін для апазнання слова з’яўляюцца важнымі (хоць і не ў аднолькавай ступені) усе аб’ектыўныя характарыстыкі фанемы.

Тэорыя фаналагічных апазіцый распрацавана ў 1930-я гады М. С. Трубяцкім, які прапанаваў іх разгалінаваную класіфікацыю. Яго тэорыя зрабіла прыметны ўплыў на развіццё фаналогіі. Аднак і сёння прырода і структура адрознівальных прымет, магчымасць іх упарадкаваць у тыпалагічным плане застаецца адной з дыскусійных тэм фаналогіі.

Дадатковая дыстрыбуцыя Фанемная ідэнтыфікацыя на аснове пазіцыйнага аналізу заснавана на тым, што фанема як абстрактная адзінка проціпастаўляецца гуку як канкрэтнай адзінцы, у якой яна рэалізуецца ў моўнай плыні. Адной фанеме можа адпавядаць некалькі розных рэалізацый, ці алафонаў, кожны з якіх суадносіцца з пэўнай пазіцыяй. Аднак фанемная прыналежнасць гукаў у розных пазіцыях вызначаецца вучонымі па-рознаму.

Так, на адносінах пазіцыйнага чаргавання, калі фанема разглядаецца як рад гукаў, якія пазіцыйна чаргуюцца ў межах марфемы, заснавана вучэнне аб фанеме ў працах прадстаўнікоў маскоўскай фаналагічнай школы. Напрыклад, у словах грыбы — грыбок — грыбе — грыб гукі [б], [б°], [б’], |п| з’яўляюцца алафонамі фанемы [б], паколькі яны знаходзяцца ў адносінах дадатковай дыстрыбуцыі ў залежнасці ад фанетычнай пазіцыі і займаюць адно і тое месца ў адной і той жа марфеме (пазіцыйна чаргуюцца). Вучоныя гэтай школы вылучаюць з функцыянальнага пункту погляду моцныя і слабыя пазіцыі ў залежнасці ад таго, дапамагаюць яны ці не выконваць фанеме яе сэнсаадрознівальную (сігніфікатыўную) функцыю і функцыю атаясамлівання (перцэптыўную) моўных адзінак. У пазіцыі, моцнай для абедзвюх функцый, паводле маскоўскай фаналагічнай школы, прадстаўлены асноўны алафон фанемы (найважнейшы гук у Дж. Джоўнза), у сігніфікатыўна слабай — варыянт (паводле Аванесава — слабая фанема), у перцэптыўна слабай пазіцыі — варыяцыя (паводле М. Трубяцкога і Р. Аванесава — варыянт, паводле Л. Шчэрбы — адценне фанемы).

Змены гукавога аблічча слова ці марфемы інакш тлумачацца вучонымі санкт-пецярбургскай фаналагічнай школы. Так, чаргаванне [б] — [б°] (грыбы — грыбоў) трактуецца як алафанічнае, а чаргаванне [б] — [п] (грыбы — грыб) — як чаргаванне фанем (гэта значыць фанемны склад слоў тыпу грыб і грып ці коз і кос аднолькавы). Прадстаўнікі пражскай лінгвістычнай школы лічаць, што ў апошнім выпадку маем справу з асобнай адзінкай фаналагічнага ўзроўню — архіфанемай, якой не ўласціва дыферэнцыяльная прымета звонкасць—глухасць, паколькі ў гэтай пазіцыі звонкія — глухія не проціпастаўляюцца.

Гл. таксама Галосныя Зычныя Фанетыка

Крыніцы

Літаратура Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 654 с. ISBN 5-85700-126-9.

Катэгорыя:Фаналогія Катэгорыя:Вікіпедыя:Істотныя артыкулы