Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі або Язэп Сіманоўскі (,  — ) — беларускі бібліёграф, бібліятэказнавец, перакладчык, першы дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і рамесніка. У 1914 г. скончыў Бернскі ўніверсітэт у Швейцарыі. Працаваў у Маскве ў энцыклапедыі Граната, практыкаваў у гарадской бібліятэцы імя А. С. Пушкіна. З 1917 г. зноў у Бабруйску, працаваў намеснікам гарадскога Савета, старшынёй культурнай секцыі, быў членам рэдакцыі мясцовай газеты, з ліпеня 1918 г. — загадчыкам гарадской бібліятэкі.

У 1921 г. узначальваў бібліятэку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Менску і Кніжную палату, клапаціўся аб росце кніжных фондаў, выкарыстоўваў магчымасці атрымання дарэвалюцыйных выданняў. На гэтым пасту працаваў амаль 40 гадоў. Выступаў ініцыятарам стварэння ў 1926—1933 гг. філіялаў бібліятэк у Віцебску, Магілёве, Гомелі, якія ў 1938 г. былі рэарганізаваны ў абласныя.

У 1941 г. эвакуіраваўся ў Сталінград, затым у Саратаў, працаваў у навуковых бібліятэках. У жніўні 1942 г. адазваны ў Маскву для выкладання ў Маскоўскім дзяржаўным бібліятэчным інстытуце. Адначасова, з красавіка 1943 г., пачаў работу па аднаўленні Дзяржаўнай бібліятэкі БССР. Як яе першы дырэктар, удзельнічаў у рабоце шматлікіх усесаюзных, рэспубліканскіх нарад, з’ездаў, канферэнцый, на якіх выступаў з дакладамі ў пытаннях бібліятэказнаўства.

У 1944—1945 гг. прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі бібліятэчнага факультэта пры Мінскім педінстытуце імя А. М. Горкага, дзе шмат гадоў выкладаў бібліятэказнаўства і да 1951 г. быў загадчыкам кафедры.

Распрацаваў пытанне аб ролі навуковых бібліятэк як цэнтраў бібліяграфічнай работы. Унёс значны ўклад у развіццё бягучай i рэтраспектыўнай бібліяграфіі, падрыхтоўку паказальнікаў бібліяграфічных дапаможнікаў. Быў ініцыятарам выдання бюлетэня «Новыя кнігі Беларусі». Вядомы яго заслугі і ў развіцці МБА, стварэнні цэнтралізаванай сістэмы кнігазабеспячэння навуковых бібліятэк, даследаванні гісторыі бібліятэчнай справы ў рэспубліцы. На беларускую мову перакладаў творы Г. Гейнэ, А. Міцкевіча.

Узнагароды Заслужаны дзеяч культуры БССР (1957)Сіманоўскі, Іосіф Бенцыянавіч (бібліятэказнавец ; 1892—1967).

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Заслужаныя дзеячы культуры Беларускай ССР Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя:Бібліёграфы Беларусі