Бе́лае возера — возера ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Дабрылаўка, за 12 км на поўнач ад горада Глыбокае, каля вёсак Бушыкі і Залессе.
Плошча паверхні возера 0,55 км². Найбольшая глыбіня 9,8 м. Даўжыня 1,76 км, найбольшая шырыня 0,87 км. Даўжыня берагавой лініі 5,36 км. Аб’ём вады 2,36 млн м³. Плошча вадазбору 8,21 кв.км.
Катлавіна Белага возера складанай формы. Схілы катлавіны вышынёй да 22 метраў, разараныя, месцамі парослыя хмызняком. Берагавая лінія звілістая. Берагі возера зліваюцца са схіламі, у асобных месцах нізкія. Падводная частка катлавіны складанай будовы, складаецца з трох плёсаў — вузкіх паўночна-ўсходняга (глыбіня 6,2 м) і цэнтральнага (глыбіня 9,8 м) і круглаватага паўднёва-заходняга (глыбіня 6,2 м). Дно каля берагоў пясчанае, месцамі іліста-гліністае. Прыбярэжная расліннасць займае паласу шырынёй 5—80 метраў і распаўсюджваецца да глыбіні ў 2 м.
З возера выцякае ручай у раку Дабрылаўка, упадае ручай з возера Мурамшчына.
У Белым возеры водзяцца шчупак, карп, плотка, лінь, акунь і іншыя віды рыб.
Літаратура Бе́лае во́зера // Блакітная кніга Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мінск: БелЭн, 1994. — С. 62. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1. Бе́лае во́зера // Энцыклапедыя прыроды Беларусі / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — Т. 1. Ааліты — Гасцінец. — С. 265. — 575 с. Блакітны скарб Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 2007.
Катэгорыя:Азёры Віцебскай вобласці Катэгорыя:Азёры Глыбоцкага раёна