Валадар Глебавіч (1090-я — пасля 1176/1177) — князь менскі (1151—1158; 1162—1176/1183), князь полацкі (1167).
Імкнуўся да дамінавання ў Полацкай зямлі, выкарыстоўваў атрады літоўцаў.
Біяграфія
Другі сын менскага князя Глеба Усяславіча, малодшы брат Расціслава Глебавіча і старэйшы брат Усевалада Глебавіча.
З 1151 года, калі брат Расціслаў стаў полацкім князем, імаверна, Валадар сядзеў у Менску і трымаў у турме Рагвалода-Васіля, як менскі князь прама названы ў 1158 годзе.
У 1154 годзе, інцыятывай яе аднаўтробнага брата, дацкага караля Кнуда Магнусана, дачка Валадара — Сафія, заручана з дацкім каралём Вальдэмарам Кнудсанам, а ў 1157 годзе ўзяла з ім шлюб.
У 1158 годзе Глебавічы вымушаны вызваліць Рагвалода-Васіля, які неўзабаве захапіў Друцк, выгнаў адтуль пляменніка Валадара — Глеба Расціславіча. Тады Расціслаў з Валадаром і Усеваладам пайшлі на Друцк, але не здолелі ўзяць яго і заключылі мір з Рагалодам-Васілём. Пазней у 1158 годзе палачане выгналі Расціслава з Полацка, і ён вярнуўся ў Менск. На полацкі сталец 8 ліпеня 1158 года зноў сеў Рагвалод-Васіль. Неўзабаве Рагвалод-Васіль з дапамогай ад смаленскіх князёў пайшоў супраць Глебавічаў, забраў у іх Ізяслаўль і перадаў Давыдавічам — Брачыславу і Валодшы, але ў 10-дзённай аблозе не здолеў узяць Менск і заключыў з Расціславам мір. Валадар міру не заключаў, бо быў на літоўскім памежжы («ходяше под Литвою в лесех»).
У 1159 годзе Глебавічы вярнулі сабе Ізяслаўль, узялі ў палон Брачыслава і Валодшу, трымалі Брачыслава нават у кайданах. У 1160 годзе Рагвалод-Васіль зноў ідзе на Менск, Давыдавічаў вызвалілі і вярнулі ім Ізяслаўль.
У 1161 годзе Рагвалод-Васіль з няясных прычын зноў ваяваў з Глебавічамі, але нічога не дамогся. Імаверна, тым часам памёр Расціслаў і Валадар стаў менскім князем. У 1162 годзе Рагвалод-Васіль пайшоў супраць Валадара. У адным спісе чытаецца «да Гарадца», у другім проста «да горада», у трэцім слова не дапісана («да горад»), магчыма, Рагвалод-Васіль прыйшоў уласна да Менска. У кожным разе, аблога горада склалася для Рагвалода-Васіля няўдала, Валадар адбіў штурм удзень, а ў начной вылазцы, як падкрэслена, з літоўцамі, нанёс палачанам цяжкую паразу — шмат іх забілі, яшчэ болей паланілі. Рагвалод-Васіль уратаваўся ўцёкамі ў Слуцк і ў Полацк не вярнуўся, пайшоў княжыць у Друцк. На полацкім стальцы сеў Усяслаў Васількавіч.
У 1166 годзе Валадар пайшоў супраць Усяслава Васількавіча, зноў, як падкрэслена, у яго войску былі літоўцы, зноў у начным баі, атакаваўшы знянацку, Валадар перамог і заняў полацкі сталец. Заключыўшы з полацкім вечам умовы, замацаваныя крыжацалаваннем, Валадар пайшоў на Віцебск, куды ўцёк Усяслаў, але даведаўся, што на дапамогу віцяблянам ідзе смаленскі князь Раман і вярнуўся ў Менск. Пра актыўныя дзеянні Валадара болей нічога не вядома, але ў 1167 годзе, разам з Вячкам Святаславічам, ён дапамог наўгародцам паслаць у Кіеў весткі пра напад на іх смаленцаў, суздальцаў і палачан.
Валадар пэўна жыў яшчэ ў 1176/1178 годзе, калі венды схаплілі нейкага Клемента, які з Русі вёз бацькавы падарункі дацкай каралеве СафііУильям Кентерберийский. Житие и чудеса святого Фомы // Английские средневековые источники IX—XIII вв.: Тексты, перевод, комментарий. — М., 1979. — С. 41.Lind J. De russiske ægteskaber: Dynastiog alliancepolitik i 1130’ernes Danske borgerkrig // Historisk tidsskrift. — København, 1992. B. 92. H. 2. — S. 260.Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: политические и социокультурные трансформации в бассейне верхнего Немана в Х—XIII веках. — Москва: Квадрига, 2012. — С. 119..
Сям’я
Пасля 1135/1136 года ажаніўся, імаверна, другім шлюбам, з Рыксай, дачкой польскага князя Баляслава Крывавустага.
Дзеці ў гэтым шлюбе:
Уладзімір (1140-я — 1216) Васілька (1140-я — да 1222) Сафія (1140-я —1198), жонка дацкага караля Вальдэмара I.
Крыніцы
Літаратура
Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — М., 1975. Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 1998. — 260 с.
Катэгорыя:Князі менскія Катэгорыя:Князі полацкія