Васілька Святаславіч (1080-я — пачатак 1144) — князь полацкі (1132 — пачатак 1144).
Біяграфія Сын Святаслава Усяславіча і, паводле Васкрасенскага летапісу, унук кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха. Напэўна, праз такое паходжанне дзеці Святаслава, прынамсі Васілька, Прадслава і Градзіслава — не былі высланы вялікім князем кіеўскім Мсціславам у Візантыю разам з бацькам і іншымі полацкімі князямі ў 1129 годзе. Паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1132 годзе палачане выгналі з Полацка Святаполка Мсціславіча і Васілька сеў на дзедавым стальцы.
Паводле пскоўскага летапісца, у 1138 годзе полацкі князь Васілька сустрэў князя Усевалада Мсціславіча, які ехаў паўз Полацк на княжанне ў Пскоў, дабром праводзіў яго, князі цалавалі крыж не ўспамінаць ранейшага зла, зробленага кіеўскім князем Мсціславам роду полацкіх князёў. На думку Леаніда Аляксеева, такім чынам Васілька праявіў антынаўгародскую пазіцыю, бо перад тым наўгародцы выгналі Усевалада. На думку Рукавішнікава, значэнне сустрэчы было большым, яна заклала аснову адносін нашчадкаў Васількі са смаленскімі нашчадкамі Мсціслава — Расціславічамі.
Пры гэтым Васілька ўлічваў і іншую групоўку Рурыкавічаў, у 1143 годзе выдаў дачку Марыю за аднаго з Ольгавічаў — Святаслава Усеваладавіча. Тым часам, яшчэ адзін Мсціславіч — пераяслаўскі князь Ізяслаў — у 1144 годзе выдаў сваю дачку за старэйшага стрыечнага брата і саперніка Васількі — Рагвалода Барысавіча. Напэўна, неўзабаве Васілька памёр, а Рагвалод-Васіль заняў полацкі сталец.
Нашчадкі Усяслаў (пасля 1101 — пасля 1180), князь полацкі Брачыслаў (? — пасля 1180), князь віцебскі Ізяслаў (? — да 1187), аднойчы згаданы Словам пра паход Ігара, загінуў у баі з літоўцамі. З кантэксту Слова, у літаратуры Ізяслава называюць князем гарадзенскім (гарадоцкім, гараднянскім, гарадзецкім і падобна), але гэты меркаваны горад не лакалізаваны. Усевалад (? — ?), аднойчы згаданы Словам пра паход Ігара. Марыя Васількаўна (1130-я — пасля 1194), вялікая княгіня кіеўская
Крыніцы
Літаратура Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — М., 1975.
Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 1998. — 260 с.
Катэгорыя:Князі полацкія Катэгорыя:Ізяславічы Полацкія