Кра́снае (, ) — вёска ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Уша. Цэнтр Красненскага сельсавета. Месціцца за 16 км на паўднёвы ўсход ад Маладзечны. Праз Краснае ідзе аўтамабільная дарога Мінск — Маладзечна — Нарач . Чыгуначная станцыя Уша на лініі Мінск — Маладзечна. Краснае — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны.

Назва Тапонім Краснае ўтварыўся ад адпаведнага прыметніка, сінонімам якога ёсць слова прыгожы.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае Упершыню паселішча згадваецца як Краснае Сяло ў 1387 годзе С. 216.. Старабеларускай мовай: Красное Село. У XV стагоддзі Краснае Сяло згадваецца як уладанне вялікіх князёў літоўскіх. Пазней землі былі аддадзены на выкуп жыхарам, у 1486 годзе Краснае атрымала статус мястэчка. Да 1500 года вялікім князем Аляксандрам Ягелончыкам заснаваны касцёл, з 1503 года ў ім служыў гаспадарскі пісар Адам з Котры. Краснае ўпамінаецца ў 1519 годзе ў час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1512—1522 гадоў.

У канцы XV — 1-й палове XVI стст. Краснае было цэнтрам староства, якое паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў увайшло ў склад Менскага павета Менскага ваяводства. У 1567 годзе ўласнасць казны.

У 1708 годзе, за часамі Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў, Краснае было разрабавана і спустошана. Каля 1757 года ўласнасць смаленскага кашталяна Станіслава Бужынскага, пазней яго сына ваяводы менскага Тадэвуша. У 1765 годзе мястэчка Краснае Сяло на 78 двароў, млын, карчма, фальварак, уласнасць казны. У канцы XVIII стагоддзя мястэчка было ва ўласнасці дзяржавы, сяло (таксама Плябанія Краснае Сяло) было ва ўласнасці касцёла С. 250..

Пад уладай Расійскай імперыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Вілейскім павеце. У 1806 годзе быў пабудаваны новы касцёл, які быў закрыты расійскімі ўладамі ў 1830 годзе за ўдзел ксяндзоў у паўстанні. Непадалёк з 1800 года будаваўся другі касцёл, які быў адкрыты ў 1855 годзе. Была драўляная праваслаўная Ільінская царква і 3 могілкавыя капліцы.

У 1860 годзе адкрыта народнае вучылішча. У 1868 годзе расійскія ўлады адабралі касцёл у вернікаў і перадалі яго праваслаўнай царкве (месціцца ў Плябані), што стала вынікам рэпрэсій пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў.

Пасля 1861 года Краснае стала цэнтрам Краснасельскай воласці Вілейскага павета. У 1880 годзе дзейнічалі народнае вучылішча, царква, сінагога, паштовае аддзяленне, хлебазапасны магазін, 2 цагельныя заводы, 2 вапнавыя заводы, піваварны завод, 2 лаўкі, 2 заезныя дамы. Чацвяргамі адбываліся базары, штогод 1 кастрычніка — кірмаш. У 1884—1885 гадах у народным вучылішчы вучыліся 48 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі.

У 1889 годзе з бутавага каменю была пабудавана Пакроўская царква. Паводле перапісу 1897 года дзейнічала царква, 2 малітоўныя дамы, народнае вучылішча, паштовае аддзяленне, фельчарскі пункт, хлебазапасны магазін, 21 лаўка, 7 корчмаў, казённая вінная лаўка. Адна вуліца цягнулася ўздоўж ракі Уша на вярсту, другая — перасякала раку і злучала мястэчка з чыгуначнай станцыяй Уша.

У 1899 годзе адкрыта царкоўна-прыходская школа. У 1912 годзе ў цэнтры мястэчка з чырвонай цэглы быў збудаваны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі.

Найноўшы час З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў і з кастрычніка 1920 года пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Краснае адышло да Польшчы, цэнтр гміны Маладзечанскага павета Віленскага ваяводства. У мястэчку базавалася гарнізонная сядзіба батальёна Корпуса аховы памежжа «Краснае». У беларускай гістарыяграфіі землі вядомыя як Заходняя Беларусь. Паводле перапісу 1925 года быў таксама аднайменны фальварак на 1 двор.

У другой палове верасня 1939 года Краснае занята Чырвонай Арміяй, з 14 лістапада 1939 года ў складзе Беларускай ССР. У 1940 годзе нададзены статус пасёлка гарадскога тыпу. З 12 кастрычніка 1940 года ва Уланаўшчынскім сельсавеце Радашковіцкага раёна Вілейскай вобласці.

У Другую сусветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі. Было створана гета, 5 сакавіка 1943 года расстраляны 2 тысячы жыхароў і 800 ваеннапалонных. За час вайны было спалена 165 двароў, 25 жыхароў вывезены на прымусовыя работы ў Германію.

У вызваленым Красным савецкае камандаванне летам 1944 года арганізавала шпіталь для параненых салдат і афіцэраў, які знаходзіўся да самага канца вайны. Тут лячыліся параненыя франтавікі. Некаторыя з іх тут і памерлі ад ран. Пахавалі іх на ўскрайку Краснага, дзе і ўстаноўлены ім помнік.

З 20 верасня 1944 года ў Маладзечанскай вобласці. У 1949 годзе створаны калгас «Чырвоны Маяк». З 16 ліпеня 1954 года — вёскаУказ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 16 июля 1954 г. Об упразднении городского поселка Красное, Радошковичского района, Молодечненской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.. З 20 студзеня 1960 года ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. 12 студзеня 1966 года да Краснага быў далучаны пасёлак Маладзечанскага лясгаса (5 двароў, 14 жыхароў).

Насельніцтва 1765 год — 78 двароў 1799 год — 50 двароў, 304 жыхары, з іх 107 яўрэяў, 8 татар, 71 чалавек з ваколічнай шляхты 1866 год — 60 двароў, 172 жыхары 1880 год — 64 двары, 455 жыхароў 1897 год — 152 двары, 1019 жыхароў 1921 год — 1012 жыхароў, з іх 152 рыма-каталікі, 539 праваслаўных, 2 евангелісты, 319 іўдзеяўSkorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VII. Część II. Ziemia Wileńska. Powiaty: Brasław, Duniłowicze, Brasław i Wilejka. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1923 1925 год — 182 двары, 1012 жыхароў; фальварак, 1 двор, 4 жыхары 1969 год — 546 двароў, 2370 жыхароў 1972 год — 611 двароў, 2989 жыхароў 1997 год — 1216 двароў, 3283 жыхароўВалерый Шаблюк. Краснае // 2009 год — 2868 жыхароў 2011 год — 2916 жыхароў 2019 год — 2769 жыхароў

Інфраструктура і эканоміка На 2011 год працавалі клуб, дзіцячы сад, аддзяленне сувязі, сярэдняя школа, кансервавы завод, льнозавод, вытворчыя ўчасткі Мінскага завода «Белпласт».

Славутасці Гарадзішча «Замак» Гарадзішча, за 0,5 км на поўдзень ад Краснага Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1908—1912) Яўрэйскія і каталіцкія могілкі Царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы (1889)

Вядомыя асобы Аўген Вярбіцкі (1922—1986) — амерыканскі біяхімік беларускага паходжання. Іаан (Харашэвіч) (1933—2020) — беларускі праваслаўны царкоўны дзеяч. Віктар Сяргеевіч Івашка (нар. 1947) — беларускі спецыяліст у галіне парашковай металургіі і кампазіцыйных матэрыялаў, тэхналогіі машынабудавання.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Здымкі на Radzima.org Славутасці на партале globustut.by

Катэгорыя:Красненскі сельсавет (Маладзечанскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Маладзечанскага раёна

Катэгорыя:Мястэчкі Менскага ваяводства