Кіеўская Русь або Кіеўская дзяржава, дзяржава Рурыкавічаў, гістарычная Русь або Руская зямля — раннефеадальная дзяржава са сталіцай у КіевеДиба Юрій. Формування території “Руської землі” ІХ - Х ст. у контексті функціонування трансєвропейського торговельного шляху Булгар-Київ-Реґенсбурґ. Склалася ў Х ст. і захоўвала адноснае адзінства да 1130-х гадоў. Займала тэрыторыю ад Прычарнаморскіх стэпаў да Паўночнай Дзвіны, ад Днястра і Буга да Волга-Окскага міжрэчча.

Гісторыя, дзяржаўнасць Фарміраванне дзяржавы Рурыкавічаў — працяглы працэс у гісторыі ўсходніх славян. У VII—X стст. існавалі дадзяржаўныя тэрытарыяльна-палітычныя аб'яднанні (правадырствы, племянныя саюзы) дулебаў (яго змянілі бужане і валыняне), палян, драўлян, дрыгавічоў, харватаў, ціверцаў, улічоў, севяран, вяцічаў, радзімічаў, крывічоў (іх заходняй галіны — палачан), ільменскіх славен. Паводле летапісаў, гэтыя ўсходнеславянскія аб'яднанні (княжанні) мелі свае гарады-цэнтры: у палян Кіеў, у ільменскіх славен Ноўгарад, у крывічоў Полацк і Смаленск, у дрыгавічоў Тураў, у севяран Чарнігаў, у драўлян Іскарасцень (Корасцень).

Інтэграцыйныя тэндэнцыі ў славян выходзілі за межы этнапалітычных аб'яднанняў. Так, наўгародскія славене і крывічы разам з фінскім племем вессю стварылі паўночны саюз княжанняў. Аналагічны працэс на базе княжання палян ішоў у Сярэднім Падняпроўі.

Каля 850 года ва Усходняй Еўропе з'явіліся варагі, якія, паводле летапіснага падання, называліся руссю (адсюль назва дзяржавы — Русь). Іх з'яўленне не мела вырашальнага значэння для ўзнікнення ўсходнеславянскай дзяржаўнасці, але паскорыла яго. Паўночны саюз княжанняў у 862 годзе запрасіў правіць у Ноўгарадзе варага Рурыка. Яго пераемнік варажскі князь Алег (879—912) у 882 годзе авалодаў Кіевам, забіўшы князёў Аскольда і Дзіра, пашырыў уладу на многія ўсходнеславянскія і некаторыя неславянскія тэрыторыі. Князь Ігар (912—945) ажыццявіў два паходы (у 941 і 944) на Царград (Канстанцінопаль), у 943 — на Каўказ. У 945 годзе Ігара забілі драўляне, паўсталыя супраць празмернага збірання даніны. Удава Ігара -- княгіня Вольга (945—964) у 956 годзе жорстка расправілася з драўлянамі, аднак вызначыла нормы даніны, час і месцы (пагосты) яе збору. Сын Ігара і Вольгі -- князь Святаслаў Ігаравіч (964—972) значна пашырыў межы дзяржавы, разграміў Хазарскі каганат, Волжска-Камскую Булгарыю, перамог ясаў і касогаў, далучыў да сваёй дзяржавы вяцічаў.

Найвышэйшага росквіту дзяржава Рурыкавічаў дасягнула ў часы княжання Уладзіміра Святаславіча (980—1015) і яго сына Яраслава Мудрага (1019—1054). Каля 980 года Уладзімір захапіў Полацк, забіў полацкага князя Рагвалода, а князёўну Рагнеду вымусіў стаць сваёй жонкай. Пры ім амаль завершана аб'яднанне ўсходнеславянскіх зямель, умацавана дзяржаўнае кіраванне, уведзена хрысціянства як дзяржаўная рэлігія (988—989). Уладзімір здзейсніў паходы на яцвягаў, далучыў да дзяржавы так званыя Чэрвенскія гарады ў басейне Бугу. Пры Яраславе ўзмацніліся гандлёвыя, палітычныя і культурныя сувязі з Паўночным Прычарнамор'ем, Візантыяй, Блізкім Усходам, Сярэдняй Азіяй, з балтыйскімі, скандынаўскімі і нямецкімі землямі, з Польшчай, Венгрыяй, Францыяй. Складзены зборнік законаў — так званая "Руская праўда". Аднак у канцы яго княжання намеціліся міжусобіцы і урэшце распад дзяржавы на самастойныя княствы.

Прычынамі распаду былі: развіццё феадалізму, узмацненне мясцовай знаці, эканамічнае і палітычнае ўзмацненне асобных княстваў, якія імкнуліся выйсці з-пад улады кіеўскага князя. У першай чвэрці ХІ ст. ад Кіева аддзяліўся Полацк, спрабавалі аддзяліцца Ноўгарад, Тураў. Значныя намаганні па спыненні міжусобнай барацьбы і аб'яднання сіл Русі супраць полаўцаў прыклалі князь Уладзімір Усеваладавіч Манамах (1113—1125) і яго сын Мсціслаў Уладзіміравіч (1125—1132). У 1116, 1119 гадах Манамах здзейсніў паходы супраць менскага князя Глеба Усяславіча і захапіў яго ў палон. У 1127 годзе вялікі князь Мсціслаў арганізаваў вялікі паход на Полацкую зямлю ка падпарадкаваць яе.

Пасля смерці Мсціслава дзяржава распалася на самастойныя княствы, найбольшыя з іх: Кіеўскае княства, Чарнігаўскае княства, Смаленскае княства, Тураўскае княства, Уладзіміра-Суздальскае, Галіцкае, Валынскае і іншыя, Наўгародская рэспубліка. Улада над імі кіеўскіх князёў стала намінальнай. Самастойным княствам-дзяржавай заставалася Полацкае княства.

Разасобленыя княствы не здолелі процістаяць у 1230-я гады мангольскаму нашэсцю і большасць іх трапіла ў працяглую залежнасці. Заходнія княствы Рурыкавічаў увайшлі ў Вялікае Княства Літоўскае.

Эканоміка У ІХ—ХІ стст. князі Кіеўскай Русі збіралі даніну са свабодных абшчыннікаў. Падчас палюддзя князь з дружынай з'яўляўся ў назначаным месцы і атрымліваў даніну з мясцовага насельніцтва. Збіранне даніны архаічным спосабам, большасць сярод сялян свабодных абшчыннікаў, якія плацілі гэту даніну, значная доля рабскай працы (рабамі напачатку былі ваеннапалонныя) пацвярджаюць, што ў Кіеўскай Русі ў Х—ХІ стст. не было феадальнага грамадства, але ўжо існавалі асобныя яго элементы. У Кіеўскай Русі не склалася ў развітой форме іерархічная структура зямельнай уласнасці — «феадальная лесвіца», характэрная для заходнееўрапейскага феадалізму. Са зборніка законаў Руская праўда вынікае, што ў Кіеўскай Русі доўга існавалі перажыткі родаплемяннога ладу. Смерды былі паўсвабоднымі княжацкімі даннікамі, чэлядзь і халопы — рабамі. У другой пал. ХІ — 1-й пал. XII ст. ўтвараецца вотчына, заснаваная на ўласнасці на зямлю, што складала аснову панавання феадалаў. Збяднелыя абшчыннікі ператвараліся ў феадальна залежных сялян і станавіліся закупамі. Эканоміка Кіеўскай Русі была шматукладнай. Да пач. XIII ст. гаспадарка значна феадалізавалася, але гэты працэс не быў завершаны.

Узнікненне і рост гарадоў На тэрыторыі Кіеўскай Русі ў ІХ—Х стст. летапісы называюць каля 20 гарадоў. Да пач. XIII ст. ёсць звесткі пра 271 горад. Буйныя гарады з'яўляліся адміністрацыйнымі, эканамічнымі і культурнымі цэнтрамі асобных зямель, княстваў ці валасцей, былі крэпасцямі і адыгрывалі вялікую ролю ў абароне ад варожых нашэсцяў. У гарадах Кіеўскай Русі былі развіты гандаль (спачатку з далёкімі краінамі) і рамяство, асабліва ў XII — пач. XIII ст., калі тут знаходзіліся двары феадалаў, засноўваліся цэрквы і манастыры. Сацыяльны склад насельніцтва гарадоў вызначаўся разнастайнасцю: купецтва, рамеснікі, баяры, князі, дружыннікі, духавенства. Пры дварах феадалаў знаходзіліся чэлядзь і халопы. У этнічных адносінах пераважалі мясцовыя жыхары, было нямала выхадцаў з іншых славянскіх племянных княжанняў і прадстаўнікоў неславянскага насельніцтва. Жыхары гарадоў былі звязаны з сельскай гаспадаркай, мелі агароды, гадавалі жывёлу. Малыя гарады доўга захоўвалі аграрна-гандлёвы ці аграрна-рамесніцкі характар.

Буйнейшым горадам усходняга славянства быў Кіеў. Спачатку на высокім беразе Дняпра існаваў куст протагарадскіх славянскіх паселішчаў. У ІХ—Х стст. Кіеў сфарміраваўся як сапраўдны горад, у XII—XIII стст. ён налічваў да 40 тыс. жыхароў. У другой пал. XII ст. пасля распаду Русі ўтварылася Кіеўскае княства, да якога адносіліся гарады Вышгарад, Белгарад, Канеў, Родзень, Іскарасцень і інш. Буйнейшымі гарадамі Галіцка-Валынскага княства былі Галіч, Перамышль, Уладзімір, Львоў. Найважнейшым горадам на шляху «з варагаў у грэкі» быў Ноўгарад. У 1136 ён стаў своеасаблівай сярэдневяковай рэспублікай. У Наўгародскай зямлі былі гарады Пскоў, Ладага, Ізборск, ва Уладзіміра-Суздальскай — Растоў, Белавозера, Суздаль, Уладзімір (на Клязьме). Упершыню пад 1147 у летапісе названа Масква. У ІХ—XII стст. на тэрыторыі Беларусі вядомы гарады: Полацк (862), Віцебск (974), Тураў (980), Ізяслаў (Заслаўе, канец Х ст.), Бярэсце (1019), Копысь (1059), Браслаў (1065), Менск і Орша (абодва 1067), Друцк, Лукомль, Лагойск (усе 1078), Пінск (1097), Барысаў (1102), Слуцк (1116), Клецк (1127), Гародня (1127), Крычаў (1136), Прупой (Слаўгарад, 1136), Гомель (1142), Рагачоў (1142), Брагін (1147), Давыд-Гарадок (сярэдзіна XII ст.), Мазыр і Мсціслаў (абодва 1156), Чачэрск (1159) і інш.

Дзяржаўна-палітычны лад Кіеўская Русь складалася з розных тэрытарыльных адзінак. Яны называліся воласць, зямля, вобласць. У другой чвэрці ХІІ ст. некаторыя з іх сталі княствамі-дзяржавамі: Чарнігаўскае, Смаленскае, Наўгародскае, Суздальскае і інш. Кіеўскай Руссю кіраваў князь кіеўскі пры дапамозе ваеннай дружыны. Пэўную ролю ў вырашэнні важных пытанняў адыгрывала княжацкая рада з баяр і старэйшых дружыннікаў — баярская дума. У некаторых гарадах існавала веча — народны сход. Да адміністрацыі належалі пасаднікі, тысяцкія, агнішчане, цівуны, мечнікі, вірнікі, ратайныя старасты. Кульмінацыйным пунктам развіцця Кіеўскай Русі было княжанне Уладзіміра Святаславіча. Ён часова падпарадкаваў сваёй уладзе Полацк, раздаў воласці-княствы сваім шматлікім сынам. Адносіны яго дзяцей да бацькі нагадвалі васалітэт. Сыны кіеўскага князя глядзелі на свае ўладанні як на вотчыны. Першым пачаў імкнуцца да поўнай самастойнасці тураўскі князь Святаполк Уладзіміравіч, потым Яраслаў Мудры, які княжыў у Ноўгарадзе. Калі ён пераехаў у Кіеў, то падзяліў тэрыторыю Кіеўскай Русі з братам — тмутараканскім князем Мсціславам і прызнаў самастойнасць Полацкага княства. Пасля смерці Мсціслава (1036) уладу на ўсходнеславянскіх землях захоўвалі толькі 2 княжацкія галіны — Яраслаў Мудры ў Кіеве і праўнук Рагвалода Брачыслаў Ізяславіч у Полацку.

У той час, калі ўсе землі на тэрыторыі Кіеўскай дзяржавы пераходзілі паводле старшынства да нашчадкаў Яраслава, Полацк устойліва знаходзіўся ў руках мясцовага княжацкага роду (гл. Ізяславічы). Полацкія князі намагаліся пашырыць свае ўладанні ў першую чаргу за кошт тэрыторый, здаўна заселеных крывічамі. Асабліва вызначаўся ў гэтым Усяслаў Брачыславіч (1044—1101). Перыядычныя спробы кіеўскіх князёў прымусіць Полацк і Менск падпарадкавацца ўладзе Кіева прыводзілі да ваенных сутычак. Працэс распаду Кіеўскай Русі пасля смерці Яраслава Мудрага ўзмацніўся. Кожнае ўладанне яго сыноў Яраславічаў стала падзяляцца на ўдзелы. Княствы-землі падзяліліся паміж прадстаўнікамі адной дынастыі. Любецкі з'езд 1097 пацвердзіў прынцып валодання валасцямі («отчннамн») паводле формулы «няхай кожны (князь) трымае зямлю свайго бацькі». Для новага этапу гісторыі Кіеўскай Русі характэрны вельмі заблытаныя адносіны паміж прадстаўнікамі дынастыі Рурыкавічаў, якія варагавалі паміж сабой і змагаліся за кіеўскі трон, што фармальна лічыўся велікакняжацкім.

Этнічнае развіццё У выніку інтэнсіўнага асваення славянамі значнай часткі Усходне-Еўрапейскай раўніны ў VIII—IX стст. склаліся этнічна блізкія супольнасці славянскага насельніцтва, якія ў летапісе названы княжаннямі. Продкі ўсходніх славян, якія рассяліліся ў Прыпяцкім Палессі, асімілявалі балцкія плямёны. У выніку гэтага на тэрыторыі, якую займалі прыдняпроўскія балты, узніклі ўсходнеславянскія плямёны — дрыгавічы, крывічы, радзімічы — продкі сучасных беларусаў. На тэрыторыі, дзе раней жылі іранскамоўныя (скіфа-сармацкія) плямёны, узніклі паляне, севяране, улічы і інш. — продкі сучасных украінцаў. У другой пал І-га тыс. адбывалася асіміляцыя фіна-ўгорскіх плямён, якая прывяла да ўзнікнення наўгародскіх славен, вяцічаў, часткова верхняволжскіх крывічоў — продкаў сучасных рускіх. У летапісных запісах XII ст. тая частка ўсходніх славян, якая жыла вакол Кіева, Пераяслаўля, Чарнігава, лічылася Руссю. Першапачаткова толькі гэта тэрыторыя называлася Рускай зямлёй. 3 пач. XIII ст. назва Русь пашырылася на ўсіх усходніх славян. Але тады не было адзінай мовы, якой бы карысталася ўсё насельніцтва Кіеўскай Русі. У гутарцы крывічоў, наўгародцаў, кіян існавалі пэўныя адрозненні, але жыхары розных краёў Кіеўскай Русі маглі без асаблівых цяжкасцей разумець адзін аднаго. 3 часам у мове развіваліся асаблівасці, якія пазней акрэслілі спецыфіку беларускай, украінскай і рускай моў. У XII ст. ўзнікла назва Украіна (з асновы «край»), якая потым дала назву ўкраінскаму народу.

Царква і культура