Беларуска-латвійскія адносіны — двухбаковыя дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Латвійскай Рэспублікай. Краіны маюць агульную дзяржаўную мяжу і ўзаемадзейнічаюць у эканамічнай, палітычнай і культурнай сферах. Важным аспектам двухбаковых адносін з’яўляецца транзіт беларускіх тавараў праз латвійскія порты на Балтыйскім моры. Абедзве краіны з’яўляюцца членамі ААН і АБСЕ. Дыпламатычныя адносіны былі ўстаноўлены 7 красавіка 1992 года, а адкрыццё абодвух пасольстваў адбылося ў 1993 годзе.
У Беларусі ёсць пасольства ў Рызе і консульства ў Даўгаўпілсе. Пасол Беларусі ў Латвіі — Васіль Міхайлавіч Марковіч. Раней пасламі былі Міхаіл Марыніч, Аляксандр Герасіменка, Марына Іванаўна Даўгаполава. У Латвіі ёсць пасольства ў Мінску і консульства ў Віцебску. Пасол Латвіі ў Беларусі — Міхаіл Папкоў. Раней паслом была Майра Мора.
У Латвіі на сярэдзіну 2010 года пражывала 2014 грамадзян Беларусі. Акрамя таго, у Латвіі пражывае каля 79 700 этнічных беларусаў, якія з’яўляюцца другой па колькасці нацыянальнай меншасцю краіны (каля 3,5 % насельніцтва). У Беларусі паводле дадзеных перапісу 1999 года пражывала 2239 латышоў.
Латвійскі экспарт у Беларусь склаў у 2009 годзе 92 млн латаў, беларускі ў Латвію — 163 млн латаў. З 2004 па 2008 год тавараабарот паміж краінамі вырас з 395,8 да 2322,2 мільёнаў долараў. Асноўныя артыкулы беларускага экспарту — нафтапрадукты, прадукцыя хімічнай, металургічнай і машынабудаўнічай галін прамысловасці, а таксама неапрацаваныя лесаматэрыялы; асноўныя артыкулы латвійскага экспарту — морапрадукты, кормы для жывёл, прадукцыя тэкстыльнай, фармацэўтычнай і металургічнай прамысловасці.
Гісторыя ўзаемных адносін Перыяд Беларускай Народнай Рэспублікі У перыяд існавання Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—1920 гадах назіралася актывізацыя беларуска-латвійскіх кантактаў. У жніўні 1919 года ў Рызе адкрылася консульства БНР, якое ўзначаліў К. Цярэшчанка (пазней абавязкі консула выконваў Б. Шымковіч, а затым Я. Чарапук). Тагачасны міністр замежных спраў Латвіі абяцаў беларускаму боку падтрымку на міжнароднай арэне і перадачу пад кантроль урада БНР Люцынскага, Дрысенскага і Себежскага паветаў Віцебскай губерні (а магчыма, і Полацка) пасля іх вызвалення ад бальшавікоў.
У верасні 1919 года ў латвійскай сталіцы пачала працаваць Вайскова-дыпламатычная місія БНР у Латвіі і Эстоніі пад кіраўніцтвам К. Езавітава. Місія займалася дыпламатычнай і консульскай працай, наладзіла ўласнае прэс-бюро, а ў снежні 1919 года адкрыла рэгістрацыйна-пашпартнае аддзяленне ў Лібаве. Адной з яе галоўных задач было фарміраванне ўзброеных сіл і партызанскіх атрадаў для падтрымкі «зялёнага» руху на Віцебшчыне. 5 лістапада 1919 года ўрад БНР афіцыйна дазволіў набіраць беларусаў у спецыяльныя атрады ў складзе латвійскага войска.
У сакавіку 1920 года ў Рызе адбыліся перагаворы аб тэрытарыяльным размежаванні паміж Беларуссю і Латвіяй. Дэлегацыю БНР прадстаўлялі Я. Чарапук, Г. Казячы і Б. Шымковіч, латвійскую — Ю. Фельдман і А. Швабэ. Латвійскі бок патрабаваў прызнаць свае правы на Дзвінск (Даўгаўпілс), але дэлегацыя БНР адхіліла гэтыя патрабаванні, прапанаваўшы вырашыць пытанне праз апытанне мясцовага насельніцтва. У выніку бакі падпісалі дакумент «Асновы размежавання паміж БНР і Латвіяй», які прадугледжваў вырашэнне тэрытарыяльных спрэчак на аснове нацыянальна-этнаграфічнага прынцыпу і плебісцыту, а таксама выплату кампенсацый. Урад БНР зацвердзіў гэтыя вынікі, аднак змешаная памежная камісія больш не збіралася, бо Латвія палічыла больш перспектыўным вырашаць пытанне межаў з Савецкай Расіяй.
Паводле мірнага дагавора паміж РСФСР і Латвіяй ад 11 жніўня 1920 года да Латвіі адышлі Дзвінскі, Ілукштанскі, Дрысенскі, Люцынскі і Себежскі паветы, дзе пражывала каля 150 тыс. беларусаў. Урад БНР паставіўся да гэтага без моцнага супраціўлення, паколькі латышы ўспрымаліся як больш прыязныя суседзі да справы незалежнасці Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі.
У ліпені—жніўні 1920 года дыпламатыя БНР (у прыватнасці К. Езавітаў) зрабіла спробу далучыцца да Рыжскай канферэнцыі прыбалтыйскіх дзяржаў. Міністр-прэзідэнт Латвіі К. Улманіс і міністр замежных спраў Мееровіц выказалі гатоўнасць падтрымаць удзел беларусаў. Іх падтрымалі таксама прадстаўнікі Польшчы, Фінляндыі і Эстоніі, але праз нежаданне Літвы прадстаўнікі БНР на канферэнцыю дапушчаны не былі.
Сучасны перыяд У снежні 1991 года Рэспубліка Беларусь і Латвійская Рэспубліка падпісалі Дэкларацыю аб прынцыпах добрасуседскіх адносін. Дыпламатычныя дачыненні ўрады ўстанавілі 7 красавіка 1992 года. У 1993 годзе ў Мінску адкрылася латвійскае пасольства, а ў Рызе — беларускае. У 1994 годзе Беларусь адкрыла генеральнае консульства ў Даўгаўпілсе, а Латвія — у Віцебску.У 1993 годзе Латвію наведаў з візітам міністр замежных спраў Беларусі Пётр Кузьміч Краўчанка. У 1995 годзе ў Мінску двойчы пабываў прэм’ер-міністр Латвіі Марыс Гайліс. У тым жа годзе ўпершыню адбыўся візіт у Беларусь дэлегацыі латвійскага парламента (Сейма). У верасні 1997 года на міжнароднай нарадзе ў Вільні адбылася сустрэча прэзідэнтаў. У сакавіку 1998 года Латвію наведаў міністр замежных спраў Беларусі Іван Антановіч, у маі таго ж года — прэм’ер-міністр Сяргей Лінг. Уладзімір Ярмошын, які змяніў яго на пасадзе кіраўніка ўрада, ажыццявіў візіт у Латвію ў сакавіку 2001 года. У кастрычніку 2000 года адбыўся візіт у Беларусь міністра эканомікі Латвіі Айгара Калвіціса. У 1998 і 2001 гадах Беларусь для ўзаемінаў з Нацыянальным сходам наведвалі латвійскія парламенцкія дэлегацыі. У 2001 годзе ў латвійскім Сейме была створана група па супрацоўніцтве з Рэспублікай Беларусь. У 2006 годзе Латвія аб’явіла, што не дапусціць на сваю тэрыторыю вышэйшых службовых асоб Беларусі, якія маюць дачыненне да парушэння правоў чалавека і дэмакратычных норм. 31 студзеня 2008 года бакі падпісалі пагадненне аб узаемных паездках грамадзян. У лютым пагадненне набыло моц. Першая сустрэча кіраўнікоў урадаў Сяргея Сідорскага і Іварса Годманіса адбылася 11 ліпеня 2008 года ў будынку латвійскай памежнай аховы на памежным пункце пропуску «Урбаны — Сілене». У лістападзе 2008 года ў рамках правядзення чарговай выстаўкі «Беларусь-ЭКСПА» ў Рызе пабываў Сяргей Сідорскі. Візіт у адказ Іварса Годманіса, падчас якога адбылася сустрэча і з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, адбыўся ў лютым 2009 года.
У 2011 годзе Латвія, нароўні з шэрагам іншых краін Еўрапейскага Саюза, адмяніла пошліны за доўгатэрміновыя візы для беларускіх грамадзян.
Латвія з’яўляецца адной з нешматлікіх краін ЕС, у якія ў XXI стагоддзі здзяйсніў візіт прэм’ер-міністр Беларусі.
24 мая 2021 года, пасля таго, як мэр Рыгі замяніў дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг Беларусі на нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, у МЗС Беларусі быў выкліканы амбасадар Латвіі Эйнарс Семаніс. Амбасадару прапанавалі пакінуць Беларусь цягам 24 гадзін, а астатнім супрацоўнікам пасольства — цягам 48 гадзін. У адказ на гэта Латвія выслала ўсіх беларускіх дыпламатаў.
Мяжа У жніўні 1993 года Беларусь і Латвія падпісалі пагадненне аб прыгранічных пунктах пропуску, у лютым 1994 года — пагадненне, якое спрашчае працэдуру пропуску праз мяжу жыхароў прыгранічных тэрыторый. 21 лютага 1994 года ўрады падпісалі Дамову аб мяжы. За аснову міждзяржаўнай мяжы была прынята лінія, якая склалася да моманту ўключэння Латвіі ў склад СССР у 1940 годзе. У маі 1998 года бакі пачалі працэс дэмаркацыі і ў кастрычніку 2006 года завяршылі яго, устанавіўшы апошні памежны знак ля вёскі Карасіна ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. У верасні 2007 года ў Мінску на пасяджэнні змешанай дэмаркацыйнай камісіі былі падпісаны, сшыты і апячатаны пячаткамі міністэрстваў замежных спраў пратаколы і каталог каардынат, памежных знакаў, дэмаркацыйная карта і апісанне дзяржаўнай мяжы.
Скандалы У 2006 годзе супраць латвійскага дыпламата ў Мінску была ўзбуджана крымінальная справа аб распаўсюджванні парнаграфічнай прадукцыі, пасля чаго пасол Латвіі быў адкліканы для кансультацый амаль на тры месяцы.
Ваеннае супрацоўніцтва 8 ліпеня 2022 года памочнік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва палкоўнік Валерый Равенка паведаміў, што латвійскі бок адмовіў беларускім ваенным спецыялістам у наведванні воінскай часці ў Латвіі згодна з Венскім дакументам аб мерах умацавання даверу і бяспекі.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Пасольства Латвіі ў Беларусі Пасольства Беларусі ў Латвіі Інфармацыя пра двухбаковыя адносіны на сайце МЗС РБ (копія ) Дагавор аб прававой дапамозе Дагавор аб супрацоўніцтве ў сферы сацыяльнай бяспекі (у сіле з 2010 г.)