Ста́раславя́нская мова (саманазва: словѣ́ньскъ ѩзꙑ́къ, літаральна — «славянская мова», трансл. slověnĭskŭ językŭ) — першая пісьмовая мова славян, заснаваная, як мяркуюць, у асноўным на дыялектах тагачасных славян, што жылі на тэрыторыі Грэчаскай Македоніі. Унармаванне мовы прыпісваецца візантыйскім грэчаскім місіянерам Кірылу і Мяфодзію, якія пасля стандартызацыі мовы пачалі выкарыстоўваць яе для перакладу Бібліі ды іншых грэчаскіх літургічных дакументаў, патрэбных, каб прапаведаваць хрысціянства сярод славян.

Мова адыграла прыкметную ролю ў гісторыі ўсіх сучасных славянскіх моў і паслужыла асноваю і ўзорам для развіцця пазнейшых традыцый царкоўнаславянскае мовы, якую некаторыя праваслаўныя і каталіцкія цэрквы дагэтуль выкарыстоўваюць у літургіі. Стараславянская мова з'яўляецца найстарэйшай пісьмова засведчанай з усіх славянскіх моў і таму вельмі карысная для рэканструкцыі праславянскае мовы — агульнай мовы-продка ўсіх славянскіх моў, якая не была пісьмова засведчана. У сваю чаргу, стараславянскую мову не трэба блытаць з праславянскай мовай: дыялекты, што леглі ў аснову стараславянскай мовы, узніклі пасля распаду праславянскай мовы.

Гісторыя Стараславянская мова ўзнікла як стандартызаваная мова для мэт місіі двух прапаведнікаў у Вялікую Маравію ў 863 годзе. Для гэтае мэты Кірыл і Мяфодзій пачалі перакладаць рэлігійную літаратуру на новую мову, заснаваную, як мяркуе большасць даследчыкаў, на тагачасных дыялектах радзімы асветнікаў — горада Фесалонікі, што на поўначы Грэцыі (заваяванай на той час славянамі). Пры падрыхтоўцы да місіі была створана новая азбука — глаголіца, якой сталі запісвацца пераклады асноўных малітоўных і літургічных кніг (Евангелле было перакладзена прыкладна ў гэты ж перыяд, але невядома, якія адносіны да гэтага мелі Кірыл і Мяфодзій). Мова і яе алфавіт вывучаліся ў Вялікамараўскай Акадэміі і выкарыстоўваліся для царкоўных і адміністрацыйных патрэб у 863—885 гадах. Тэксты гэтага перыяду ўтрымліваюць рысы тагачасных славянскіх дыялектаў Вялікае Маравіі. У 885 годзе мова ў краіне была забаронена Папам Рымскім. Вучні прапаведнікаў, будучы выгнанымі з краіны, у 886 годзе прынеслі глаголіцу ў Балгарыю.

У Балгарыі мова пачала выкладацца паводле дзвюх кніжных школ: Прэслаўскай і Охрыдскай. Глаголіца першапачаткова выкарыстоўвалася ў абедзвюх школах, але ў Прэслаўскай неўзабаве на замену глаголіцы была створана кірыліца. Тагачасныя тэксты, напісаныя ў Балгарыі, маюць характэрныя дыялектныя рысы, уласцівыя тагачаснаму славянскаму насельніцтву царства. Прыблізна ў гэты ж перыяд стараславянская мова пачынае распаўсюджвацца па іншых славянскіх землях, такіх як Боснія, Харватыя, Сербія, Багемія, Малая Польшча, а таксама княствах Кіеўскае Русі, захаваўшы пры гэтым паўднёваславянскія дыялектныя асаблівасці. Пазнейшыя тэксты, напісаныя на кожнай з гэтых тэрыторый, пачалі насычацца рысамі мясцовых славянскіх гаворак той эпохі, у выніку чаго прыкладна ў сярэдзіне ХІ ст. стараславянская мова набыла вялікую колькасць рэгіянальных варыянтаў. Гэтыя мясцовыя варыянты агулам вядомыя пад імем царкоўнаславянскае мовы.

За межамі славянскіх краін стараславянская пісьмовая мова выкарыстоўвалася ў якасці богаслужэбнае мовы Румынскай Праваслаўнай Царквы і мовы справаводства ў Валахіі і Малдове, але ў XVI—XVII стст. была заменена мясцовай народнай мовай — румынскай. Пазнейшая форма мовы — царкоўнаславянская мова — на працягу многіх стагоддзяў мела прэстыжны статус сярод усходніх славян (асабліва ў Маскоўскай дзяржаве) і выконвала прыблізна тыя ж функцыі, што і латынь у заходніх славян. Але ў параўнанні з латынню царкоўнаславянская мова мела перавагу, бо была значна бліжэйшаю да народнай мовы. Некаторыя праваслаўныя цэрквы, напрыклад, Балгарская Праваслаўная Царква, Руская Праваслаўная Царква, Сербская Праваслаўная Царква, Украінская Праваслаўная Царква і Македонская Праваслаўная Царква дагэтуль выкарыстоўваюць царкоўнаславянскую мову поруч з нацыянальнымі мовамі сваіх дзяржаў у якасці моў богаслужэнняў.

Пісьменнасць Першапачаткова пісьмовая стараславянская мова выкарыстоўвала для сваіх патрэб глаголіцу, але пазней гэту азбуку амаль поўнасцю выцесніла кірыліцай, створаная па загаду балгарскага цара Барыса І у Х ст.

Лінгвістычная характарыстыка

Фанетыка, фаналогія Ніжэй прыведзены гукавы лад, які ў асноўным рэканструюецца для стараславянскай мовы. Гукі прыведзеныя ў спецыяльнай сістэме транскрыпцыі (а не IPA). Канкрэтная рэалізацыя кожнага гука невядомая з прычыны іх рознага вымаўлення ў кожным з рэгіёнаў выкарыстання мовы.

Зычныя:

Лабіяльныя Зубныя Палатальныя Велярныя Выбухныя p b t d k g Афрыкаты c dz č Фрыкатывы s z š ž x Насавыя m n n' Латэральныя l l' Дрыжачыя r r' Апраксіманты v j

Літара щ пазначала розныя гукі, з гэтае прычыны яе гукавае значэнне не ўказана ў табліцы. У Балгарыі яна пазначала паслядоўнасць зычных /ʃt/ і таму транслітаруецца як št. На захад і поўнач ад краіны літара, імаверна, указвала зычны /c(ː)/ або /tɕ/ на ўзор сучасных македонскай, сербскахарвацкай моў і тарлацкіх дыялектаў; /dz/ траплялася ў ранніх тэкстах, ператварыўшыся пазней у /z/; Адрозненне між цвёрдымі l, n, r і іх палаталізаванымі аналагамі l’, n’, r’ на пісьме адлюстроўвалася не заўсёды. У выпадку пазначэння гэтага адрознення выкарыстоўваўся дыякрытычны знак камора.

Галосныя:

Адною з цікавых асаблівасцей стараславянскае мовы было шырокае выкарыстанне насавых галосных гукаў, якія мова гістарычна пераняла ад больш старажытных форм славянскага маўлення. У сучасных славянскіх мовах гэтыя галосныя амаль паўсюдна страчаныя, захаваліся толькі ў польскай ды кашубскай мовах, а таксама ў адзінкавых гаворках некаторых заходнеславянскіх і паўднёваславянскіх моў. Вылучалася наяўнасць асаблівых звышкароткіх галосных, якія ў сучасных славянскіх мовах паўсюдна страчаныя.

+ Звычайныя галосныя Пярэдняга радаНеагубленыя Задняга радаНеагубленыя Задняга радаАгубленыя i y u ь/ĭ ъ/ŭ e o ě a+ Насавыя Пярэдняга рада Задняга рада ę ǫ

Націск у мове не пазначаўся. Ён аднаўляецца дзякуючы звесткам сучасных славянскіх моў і рэканструкцый праславянскае мовы; Вымаўленне яця (ě) было варыяцыйным у залежнасці ад рэгіёна. У Балгарыі ён звычайна ўяўляў сабою галосны ніжняга ўздыму, які рэканструюецца як /æ/. На поўнач ад Балгарыі ягонае вымаўленне імкнулася да верхняга ўздыму і, такім чынам, пераўтваралася ў /je/ або нават /i/ ў многіх рэгіёнах; Былі звышкароткія галосныя, якія транскрыбуюцца звычайна як ĭ ды ŭ. Гэтыя галосныя былі больш сярэднімі і кароткімі ў адрозненне ад іх поўных аналагаў, i ды y/u. Іх знікненне пачалося ў большасці пазіцый у слове, яны сталі спарадычнымі ўжо ў найранейшых тэкстах. Мелі тэндэнцыю зліцця з іншымі поўнымі галоснымі, асабліва ĭ з e і ŭ з o, што, аднак, адрознівалася ў залежнасці ад рэгіёну. ŭ не трэба блытаць з сучасным беларускім лацінскім ŭ, якое пазначае іншы гук — /w/; Дакладная артыкуляцыя насавых галосных невядомая, што тлумачыцца іх зліццём са звычайнымі галоснымі ў розных рэгіёнах. У паўднёваславянскіх мовах ę зліўся з e або ě, але ў паўднёваславянскіх ëн перайшоў у ja. ǫ агулам зліўся з u або o, але ў Балгарыі гэты гук, верагодна, стаў агубленым і зліўся з ŭ.

Фанатактыка:

У стараславянскай мове можна вызначыць некалькі заканамернасцей, якія абмяжоўвалі размеркаванне фанем. Гэтыя заканамернасці ўзніклі як вынік працэсаў часоў праславянскай мовы такіх як міжскладовы сінгарманізм і правіла адкрытых складоў. Для сцячэнняў зычных, сцячэнняў галосных і паслядоўнасцей галосных ды зычных могуць вызначацца наступныя заканамернасціHuntley (1993, стст. 127—128):

Дзве суседнія зычныя фанемы, як правіла, не маюць аднолькавую артыкуляцыю; Ні адзін склад не заканчваецца на зычную; Кожная латэральная зычная ўзгадняецца з наступнай паводле аглушэння або азванчэння; Велярныя зычныя не стаяць перад галоснымі пярэдняга рада; Фанетычна палаталізаваныя зычныя не з'яўляюцца перад пэўнымі галоснымі задняга рада сярэдняга ўздыму; Галосныя задняга рада /y/, /ъ/, а таксама галосныя пярэдняга рада за выключэннем /i/ не ўзнікаюць у пачатку слоў: першыя атрымліваюць пратэтычнае /v/, другія — /j/. Пачатковая /a/ можа атрымаць пратэтычную зычную або не атрымаць яе ўвогуле; Паслядоўнасці галосных засведчаныя толькі ў адной лексеме (paǫčina «павуцінне»), а таксама ў суфіксах незакончанага трывання /aa/, /ěa/; На межах марфем могуць узнікаць наступныя паслядоўнасці галосных: /ai/, /au/, /ao/, /oi/, /ou/, /oo/, /ěi/, /ěo/.

Морфафанемічныя чаргаванні:

У выніку першай і другой палаталізацый велярныя зычныя пачалі чаргавацца з зубнымі і палатальнымі. Акрамя гэтага, у выніку працэсу, вядомага як ятацыя, велярныя і зубныя пачалі чаргавацца з палатальнымі пры словазмяненні.

+ Чаргаванні велярных першапачатковыя /k/ /g/ /x/ /sk/ /zg/ /sx/ па першай палаталізацыі і ятацыі /č/ /ž/ /š/ /št/ /žd/ /š/ па другой палаталізацыі /c/ /dz/ /s/ /sc/, /st/ /zd/ /sc/

+ Чаргаванні іншых зычных першапачатковыя /b/ /p/ /sp/ /d/ /zd/ /t/ /st/ /z/ /s/ /l/ /sl/ /m/ /n/ /sn/ /zn/ /r/ /tr/ /dr/ па ятацыі /bl'/ /pl'/ /žd/ /žd/ /št/ /št/ /ž/ /š/ /l'/ /šl'/ /ml'/ /n'/ /šn'/ /žn'/ /r'/ /štr'/ /ždr'/

У некаторых формах чаргаванне /c/ з /č/ ды /dz/ з /ž/ адбывалася ў лексемах, у якіх адсутнічалі адпаведныя ім велярныя. Зубныя пары велярных рэгулярна ўзнікалі перад /ě/, /i/ ў скланенні і загадным ладзе, трохі радзей — у розных формах пасля /i/, /ę/, /ь/, /rь/. Палатальныя аналагі велярных з'яўляліся перад галоснымі пярэдняга рада ва ўсіх іншых формах у пазіцыях, калі не з'яўляўся зубны аналаг, а таксама ў розных пазіцыях словазмянення і словаўтварэння (гл. ніжэй)Huntley (1993, ст. 133).

У выніку ранейшых чаргаванняў кароткіх і доўгіх галосных у праіндаеўрапейскую, прабалта-славянскую ды праславянскую эпохі і пераўтварэння галосных у галосныя пярэдняга рада перад палаталізаванымі зычнымі ў стараславянскай мове былі наступныя чаргаванні (з вядомых):

/ь/ : /i/; /ъ/ : /y/ : /u/; /e/ : /ě/ : /i/; /o/ : /a/; /o/ : /e/; /ě/ : /a/; /ъ/ : /ь/; /y/ : /i/; /ě/ : /i/; /y/ : /ę/.

Часам адбывалася чаргаванне ∅ (нуль гука), якое ўзнікала ў выніку спарадычнае страты слабага ера (назва гука), што пазней адбылося амаль ва ўсіх тагачасных славянскіх дыялектах. Фанетычнае значэнне вакалізаванага моцнага ера залежыць ад дыялекту.

Марфалогія, сінтаксіс Як і праіндаеўрапейская мова, стараславянская мова мела ярка выражаную флектыўную марфалогію. Зменныя формы падзяляліся на імя і дзеясловы, імя, у сваю чаргу, уключала назоўнікі, прыметнікі і займеннікі. Лічэбнікі скланяліся на ўзор прыметнікавага або займеннікавага скланенняў, да таго ж, лічэбнікі 1—4 мелі адрозненне паводле граматычнага роду.

Імя адрознівалася паводле граматычнага роду (мужчынскі, жаночы, ніякі), ліку (адзіночны, парны, множны) і склону (назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, клічны, месны). Назоўнік адрозніваўся таксама паводле пяці граматычных класаў: з o/jo-коранем, a/ja-коранем, i-коранем, u-коранем і зычным коранем. Формы ўсіх флектыўных парадыгм звычайна алюстроўваюць морфафанемічныя чаргаванні. Пераход галосных у галосныя пярэдняга рада пасля палатальнымі і j стварыла два падвойныя флектыўныя класы — o : jo, a : ja, тады як палаталізацыя ўнутры кораня стала ў сваім родзе сінхроннай (параўн. адз. л. Н. с. vlьkъ «воўк» > адз. л. К. с. vlьče, адз. л. М. с. vlьcě). Прадуктыўныя класы мелі выгляд o/jo, a/ja ды i-каранёў. Некаторыя ўзоры падобных парадыгм прыведзеныя ніжэй: