Падзеі ў Мінску 19—21 лютага 1918 года — пераходны перыяд у гісторыі Мінска падчас Першай сусветнай вайны, які працягваўся некалькі дзён, пачынаючы ад эвакуацыі савецкіх органаў улады 19 лютага 1918 года да акупацыі горада 21 лютага войскамі Германскай імперыі. У гэты перыяд праявілі актыўнасць польскія і беларускія добраахвотныя ваенізаваныя фарміраванні, а на будынку дзяржаўнай адміністрацыі Мінска ўпершыню з’явіўся бела-чырвона-белы сцяг як сцяг беларускай дзяржавы. Значныя сілы, галоўным чынам розныя вартаўнічыя службы, былі і на расійскім бакуМірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. — Спб., 2003.
Гістарычны кантэкст Пасля перамогі савецкай улады ў чэрвені 1917 года была ўтворана Заходняя вобласць з цэнтрам у Мінску. У снежні 1917 года створаны Аблвыканкамзах — вышэйшы заканадаўчы (паміж з’ездамі Саветаў) орган савецкай улады на Заходнім фронце і ў Заходняй вобласці пад кіраўніцтвам Аляксандра Мяснікова. Для каардынацыі дзейнасці і вырашэння найбольш важных пытанняў як выканаўчы орган існаваў Савет народных камісараў Заходняй вобласці і фронту. Сярод людзей, якія прычыніліся да стварэння гэтых структур, не было мясцовага цывільнага насельніцтва, а ў кіраўніцтве — ніводнага беларусаZjazd Wszechbiałoruski. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 181.. Адначасова ў горадзе ўтвараліся і дзейнічалі іншыя палітычныя і нацыянальныя рухі, якія імкнуліся да набыцця ўлады — перадусім беларускія і польскія.
У снежні 1917 года ў Мінску адбыўся Першы Усебеларускі з’езд, у часе якога прадстаўнікі беларускіх арганізацый збіраліся прыняць рашэнні наконт будучыні края. Нягледзячы на легальнасць з пункту гледжання бальшавіцкіх уладаў, з’езд быў разагнаны войскамі, падпарадкаванымі Аблвыканкамзаху. Аднак ён паспеў прыняць, між іншым, рашэнне наконт стварэння беларускіх вайсковых атрадаў з дапамогай Цэнтральнай беларускай вайсковай рады (ЦБВР) пад кіраўніцтвам Канстанціна ЕзавітаваZjazd Wszechbiałoruski. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 197.. Была сфарміравана таксама Рада Усебеларускага з’езду, якая абвясціла сябе выканаўчым органам і прымала права рэпрэзентацыі беларускага руху. Радзе падпарадкоўваўся шэраг беларускіх арганізацый, у тым ліку ЦБВР. Аднак яна не мела рэальнай улады і дзейнічала ў апазіцыі да Аблвыканкамзаха, што трымаў пад кантролем МінскZjazd Wszechbiałoruski. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 205—206.. Разгарэўся канфлікт. На мяжы студзеня-лютага 1918 года ЦБВР была распушчана бальшавікамі, а яе кіраўніцтва арыштаванаеBiałoruski ruch narodowy po rozpędzeniu Zjazdu Wszechbiałoruskiego. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 223.
Паралельна з беларускімі ў Мінску развіваліся арганізацыі і структуры, звязаныя з польскім рухам. У маі 1917 была створана Польская рада Мінскай зямлі (ПРМЗ), якая згуртавала шматлікія польскія арганізацыі Міншчыны і мела задачу выконваць ролю органа самакіравання польскай супольнасці. Спачатку Рада падтрымлівала нацыянальныя імкненні беларусаў, выказвалася за аўтаномную Беларусь у складзе дэмакратычнай Расійскай рэспублікі, патрабуючы адначасова гарантыі для правоў польскай меншасці. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі прызнала бальшавікоў галоўнай пагрозай і, не бачачы шанцаў для стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, пачала выказвацца за ўлучэнне Міншчыны ў склад ПольшчыRada Polska Ziem Białoruskich. W: Między nadzieją a niepokojem…. S. 119—120.. Адначасова тут дзейнічалі польскія атрады і арганізацыі ваеннага характару. Летам 1917 года быў створаны І Польскі корпус, які на пераломе 1917 і 1918 гадоў налічваў у Беларусі да 50 тысяч салдатDziałalność wojskowa. W: Między nadzieją a niepokojem…. S. 137—138.. У Мінску ад кастрычніка 1917 да студзеня 1918 года працавала створаная жыхарамі мілітарная Польская грамадзянская стража. Пасля раззбраення яе бальшавікамі ПРМЗ вырашыла працягваць навучанне яе ўдзельнікаў у падполліDziałalność wojskowa. W: Między nadzieją a niepokojem…. S. 140.. У горадзе дзейнічала таксама Польская ваенная арганізацыя (ПВА)Białoruski ruch narodowy po rozpędzeniu Zjazdu Wszechbiałoruskiego. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 224—226..
9 лютага 1918 цэнтральныя дзяржавы, што супрацьстаялі Расіі ў І сусветнай вайне, выдалі бальшавікам ультыматум, патрабуючы тэрміновага падпісання міру на іх умовах. Бальшавікі ўльтыматум адкінулі, у выніку чаго 18 лютага Германія і Аўстра-Венгрыя пачалі супраць іх наступ, хутка рушыўшы на ўсходTraktat brzeski. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 215—216.. Вечарам таго ж самага дня яны ўжо былі ў Маладзечне, за 65 км ад МінскаWyzwolenie Mińska 19/20 lutego 1918 r. przez oddziały białoruskie i polskie. W: Białoruskie formacje wojskowe…. S. 75-78.. Стала зразумела, што немцы дасягнуць горада на працягу некалькіх дзён.
Ход падзей
Эвакуацыя бальшавікоў
Пасля таго, як навіна пра пачатак нямецкага наступу дайшла да бальшавікоў, яны пачалі прымаць захады да абароны ў Мінску. Выканаўчы камітэт Савета народных камісараў Заходняй вобласці і фронту, які меў уладу ў горадзе, заявіў, што будзе бараніць і ахоўваць цэласць і бяспеку народнай уладыDziałalność wojskowa. W: Między nadzieją a niepokojem…. S. 141—145.. Бальшавіцкія войскі былі, аднак, здэмаралізаваныя праз дэмабілізацыю і пацыфісцкую агітацыю, а іх кіраўнікі не былі здольныя змяніць сітуацыю. У такіх умовах на пасяджэнні ў ноч з 18 на 19 лютага Савет народных камісараў прыняў пастанову не даваць адпор і эвакуіравацца ў Смаленск. Асаблівыя цяжкасці з уцёкам мелі бальшавіцкія камісары, якіх яшчэ каля поўдня мінскія чыгуначнікі вырашылі не выпускаць з горада.
Уцёкі бальшавікоў нагадалі жыхарам Мінска вяртанне царскай арміі ў 1915 годзе, што асабліва палохала ваенных бежанцаў. З другога боку баяліся бальшавіцкіх атрадаў, якія, ідучы на ўсход, палілі і рабавалі населеныя пункты, што знаходзіліся на іх шляху (так здарылася між іншым з Койданавам). З’явілася плётка, быццам бы да горада набліжаюцца галодныя, дзікія і бязладныя групы бальшавіцкіх салдат, пераможаных І Польскім корпусам пад Асіповічамі. Асаблівыя асцярогі выказвалі палякі, якія жылі ў Мінску, перакананыя, што бальшавікі разглядаюць іх як патэнцыйных ворагаў. Баяліся помсты з іх боку за паразу ў барацьбе з І Польскім корпусам. У ноч з 18 на 19 лютага польскія выведнікі здабылі патрабаванне кіраўніка Заходняга фронту Аляксандра Мяснікяна, які заклікаў да змагання з праціўнікамі рэвалюцыйнай улады. 19 лютага кіраўнік Мінскага гарнізону Лысакоў выдаў сваё апошняе патрабаванне, якое заклікала да канчатковай расправы з палякамі.
Падрыхтоўка беларусаў і палякаў
19 лютага каля поўдня да шасці зняволеных сяброў ЦБВР дайшла навіна пра немцаў, што набліжаліся да Мінска. Карыстаючыся агульным хаосам, яны збеглі з вартоўні, у якой былі зняволеныя, пасля чаго каля 14 гадзіны сустрэліся ў доме А. Лявіцкага. Гадзінай пазней пачалося надзвычайнае паседжанне Выканаўчага камітэта ЦБВР. Яго ўдзельнікі прынялі рашэнне спрабаваць здабыць кантроль над горадам і перадаць уладу Радзе Усебеларускага сходу. Канстанцін Езавітаў, кіраўнік ЦБВР, быў прызначаны беларускім камендантам горада.
Незалежна ад беларусаў да дзеяння рыхтаваліся палякі. А 16 гадзіне ў шаўца Дабрашчыца сустрэліся польскія ваенныя дзеячы, звязаныя з ПВА і І Польскім корпусам. Спачатку гэта была група з 4 асоб, у тым ліку кпт. Ігнацы Матушэўскі, да 19 гадзіны яе колькасць павялічылася да сямі чалавек. Яны прынялі рашэнне правесці наступальную акцыю супраць бальшавікоў. На пасаду польскага каменданта горада быў прызначаны Ігнацы Матушэўскі, які падпісваў патрабаванні псеўданімам Топур.
Для беларускіх нацыянальных дзеячаў «вызваленне Мінска» мела асаблівае значэнне, таму што ён лічыўся галоўным палітычным цэнтрам края і планаванай сядзібай ураду іх будучай рэспублікі, палякі ў сваю чаргу лічылі бальшавіцкую ўладу пагрозай. Аднак на погляд польскага гісторыка Дар’юша Тарасюка, гэтыя акцыі мелі быць праведзеныя ў асноўным у прапагандысцкіх мэтах. Заахвочвала да іх дэзарганізацыя бальшавікоў і факт, што ў той час у горадзе не было фактычна аніякай улады. Колькасная перавага бальшавікоў над беларускімі і польскімі ваеннымі атрадамі была, аднак, вялікай. Бальшавікі мелі ў Мінску каля 13 тысяч добра ўзброеных салдат, хаця большасць з іх знаходзілася на чыгуначных вакзалах і была занятая ўцёкамі, а другую частку складалі групы дэзарыентаваных асоб і дэзерціраў. Палякі, найбольш верагодна, налічвалі 343 вайскоўцаў, узброеных 27 кулямётамі, хаця ў менш верагодных крыніцах падаваліся лічбы ад некалькіх дзясяткаў да 1600. Беларусы маглі скарыстаць хутка сфарміраваныя групы вайскоўцаў і прафсаюзнікаў, сярод якіх былі між іншым чыгуначнікі і тэлеграфісты. Другім фактарам рызыкі для палякаў было тое, што акцыя не была ўзгодненая з кіраўніком І Польскага корпуса ген. Юзэфам Доўбар-Мусніцкім.
Ваенныя дзеянні 19 лютага А 21 гадзіне на вуліцах Мінска з’явіліся першыя беларускія і польскія атрады, якія дзейнічалі незалежна адзін ад аднаго. Іх першай мэтай было здабыццё зброі шляхам раззбраення прысутных у горадзе бальшавікоў. Тыя, нягледзячы на значную колькасную перавагу, давалі невялікі адпор салдатам, якія іх раззбройвалі. Паводле Мельхіёра Ваньковіча, адбыўся выпадак, калі 5 палякаў раззброілі 150-асабовы бальшавіцкі атрад. А 21 гадзіне палякі занялі склад зброі на Скабелеўскай вуліцы, што дала магчымасць узброіць 200 польскіх добраахвотнікаў. Хутка ў рукі беларусаў і палякаў патрапіла значная колькасць зброі. Адбываліся толькі невялікія сутычкі і перастрэлкі, а рэальны адпор далі толькі каля 100 чырвонагвардзейцаў. Да беларускіх і польскіх фарміраванняў пачалі масава далучацца новыя добраахвотнікі. Палякі пачалі ставіць пасты ў асноўных пунктах горада, арганізавалі таксама малыя, але мабільныя патрулі. Іх хуткае перамяшчэнне мела задачу стварыць уражанне, што ў горад прыбылі шматлікія польскія войскі. Адначасова, з мэтай спалохаць ворага, распаўсюджвалі плёткі пра ўваход у Мінск атрадаў І Польскага корпуса. У гэты ж час беларусы каля 21:15 занялі арсенал на Маскоўскай вуліцы, у 21:20 — Дом губернатара, а ў 21:25 уварваліся галоўным уваходам у гатэль «Еўропа», дзе знаходзілася штаб-кватэра бальшавіцкага Выканаўчага камітэта Заходняй вобласці, ЧК і штаб-кватэра Чырвонай гвардыі. З будынку праз заднія дзверы збег Карл Ландэр і іншыя камуністычныя дзеячы высокага ўзроўню. Беларусы зрабілі яшчэ адну спробу захапіць іх на чыгуначнай станцыі з дапамогай чыгуначнікаў; нарэшце спрабавалі ўзарваць заняты імі цягнік, у выніку чаго два вагоны праваліліся, а вагон Карла Ландэра сышоў з рэек. Блакаванне чыгуначнай лініі, аднак, прывяло да таго, што на станцыях пачалі збірацца ўсё большая колькасць бальшавіцкіх ваенных адзінак, якія вярталіся з фронта і несупынна наплывалі ў Мінск. З’явілася пагроза, што салдаты ў роспачы могуць пакінуць транспарт і выйсці ў горад альбо абстраляць станцыю з дапамогай артылерыі і кулямётаў. Таму чыгуначнікі пасля поўначы разблакавалі рэйкі, а бальшавіцкія камісары здолелі эвакуіравацца з горада на ўсход. А 22 гадзіне беларусы сабралі большасць сваіх сіл у наваколлі Саборнай плошчы (цяпер плошча Свабоды, Мінск) і паслалі ў горад машыны з патрулямі, якія інфарміравалі жыхароў пра здабыццё ўлады Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда. Гадзіну пазней пачалі прыходзіць рапарты пра раззбраенне беларускіх атрадаў і адзінкавых асоб палякамі спосабам «скрайне абуральным». Каля поўначы польскія ваенныя адабралі ў беларусаў арсенал на вул. Маскоўскай (паводле Мельхіёра Ваньковіча, акцыяй кіравалі Вітольд і Мельхіёр Ваньковічы). На вуліцы, нягледзячы на познюю пару, выйшлі натоўпы гараджан, каб назіраць за развіццём падзеяў.
Палітычныя дзеянні 19 лютага