Бона — меліярацыйны канал у Брэсцкай вобласці Беларусі, левы прыток Мухаўца. Даўжыня складае 34 км. Канал з’яўляецца найстаражытным падобным збудаваннем на тэрыторыі Беларусі. Пачынаецца за 2 км ад вёскі Заор’е Маларыцкага раёна, працякае па Кобрынскім раёне і ўпадае ў раку Мухавец у горадзе Кобрыне.
Гісторыя будаўніцтва Будаўніцтва канала было пачата па загаду ўладальніцы Кобрынскай эканоміі каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Боны Сфорца. З 1550-х гадоў Бона пачала актыўную дзейнасць па правядзенню маштабнай аграрнай рэформы на землях, якія належалі ёй. У ходзе рэформы, якая атрымала назву валочная памера, праводзіліся абмер зямель і дзяленне іх на стандартныя ўчасткі — валокі. Акрамя таго, праводзілася рэвізія, у ходзе якой збіраліся дадзеныя аб стане зямель. Правядзенне зямельнай рэформы, засяленне раней неабжытых зямель зрабілі неабходным правядзенне работ па меліярацыі. Акрамя будаўніцтва канала, названага ў гонар Боны, ёю была прадпрынятая таксама спроба асушэння балота паўднёвей Кобрына, а таксама, па некаторых дадзеных, будаўніцтва іншага канала — ад Пінскага замка да вёскі Стытычэва (за 5 км ад Пінска), дзе знаходзілася вялікакняжацкая рэзідэнцыя.
У 1939—1940 гадах канал быў працягнуты ад вёскі Хідры да вёскі Заор’е.
Крыніцы
Літаратура Памяць: Кобрынскі раён / Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск: БЕЛТА, 2002.
Спасылкі
Катэгорыя:Меліярацыйныя каналы Кобрынскага раёна