Марфе́ма (ад  — форма) — адна з асноўных адзінак мовы; мінімальны знак — адзінка, у якой за пэўнай фанетычнай формай (азначаючым) замацаваны пэўны змест (азначаемае) і якая не дзеліцца на больш простыя адзінкі таго ж роду. Паняцце марфема ў мовазнаўства ўвёў вучоны І. Бадуэн дэ Куртэнэ.

Вучэнне пра марфемы вылучаецца ў асобную галіну мовазнаўства — марфеміку.

Морфы і аламорфы У маўленчай плыні марфема рэалізуецца ў выглядзе канкрэтных варыянтаў — морфаў. Напрыклад, у словах рака, рэчка, рачны морфы рак-, рэч-, рач- рэпрэзентуюць адну марфему.

Тоесныя па значэнні і генетычна роднасныя варыянты марфем называюцца аламорфамі. Напрыклад, каранёвая марфема слоў сад, садзіць, саджанец рэалізуецца ў аламорфах сад-, садз-, садж-.

Класіфікацыя Паводле функцыі марфемы падзяляюць на: афіксальныя (службовыя); каранёвыя (неслужбовыя, знамянальныя, лексічныя).

Да афіксальных марфем адносяцца прэфікс, суфікс, конфікс (цыркумфікс), флексія, постфікс, інтэрфікс, інфікс, трансфікс.

Паводле становішча ў сістэме мовы марфемы падзяляюць на: свабодныя — матэрыяльна супадаюць з асновай хоць бы ў адным неслужбовым слове. Напрыклад, марфема воль-: воля, вольны, вольнасць; звязаныя — ніколі не супадаюць з асновай, функцыянуюць у спалучэнні з іншымі марфемамі асновы. Напрыклад, каранёвая марфема -у- у словах абуць, разуць, абутак; адносна звязаныя. Напрыклад, ў даляцець да ракі.

Да свабодных марфем адносяцца выключна карані. У якасці звязаных марфем выступаюць афіксы і нязначная частка каранёў.

Ад ролі ў складзе слова марфемы падзяляюць на: словаўтваральныя, ці дэрывацыйныя: прадзед; словазмяняльныя, ці рэляцыйныя: везці.

У залежнасці ад паходжання марфемы падзяляюць на: уласныя; запазычаныя.

Марфемы могуць быць матэрыяльна выражанымі ці нулявымі (стол — стал-ы).

Крыніцы