Перабро́ддзе (, ) — вёска ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Перабродскага сельсавета.

Геаграфія Знаходзіцца паміж азёрамі Абстэрна і Набіста, за 18 км на захад ад горада і чыгуначнай станцыі Мёры, 198 км ад Віцебска. Воўчая гара (210,9 м) за 6 км на паўночны захад ад Пераброддзя — найвышэйшы пункт Браслаўскай грады і Мёрскага раёна.

Гісторыя Паводле мясцовага падання, некалі жыхары тутэйшага рыбацкага паселішча атрымалі гарадскія правы за тое, што паказалі шлях (броды) праз ваду каралю. Розныя крыніцы называюць адметныя даты першапачатковага прывілея на самакіраванне: адны 25 лютага 1571 года, іншыя — адносяць гэту падзею на некалькі гадоў пазней. Больш канкрэтны гістарычна пацвярджаемы дакумент, гэта ліст Жыгімонта Аўгуста, які датуецца 22 лютым 1571 годам, дзе Пераброддзе выразна называецца «горадам». Фундацыйны прывілей на магдэбургскія правы не захаваўся, але пацвярджальны 1792 года захоўваецца ў Вільні, метрыкальны запіс яго ў Маскве.

Нягледзячы на тое што гараджане карысталіся вольнасцямі, Пераброддзе так і не дасягнуў ні эканамічнай сталасці, ні вялікай колькасці жыхароў. У 1629 годзе ў Пераброддзі былі 3 дамы на рынку і 7 на вуліцы. У 1790 годзе налічвалася 23 дамы і адна заезджая карчма, жыхароў крыху больш за 160 чалавек.

У 1782 годзе ўладальнік Перабродскай воласці Ю. А. Каскоўскі пабудаваў драўляную ўніяцкую царкву Святога Юр’я, пры ёй існавала школа з 38 вучнямі, сярод якіх — 5 дзяўчынак.

З 1793 года Пераброддзе ўваходзіць у склад Расіі. У 1812 годзе праз Пераброддзе праходзілі адступаючыя рускія войскі на чале з Барклаем-дэ-Толі. Гарадскія правы Пераброддзя двойчы пацвярджаліся Сенатам — 27 мая 1820 года і 17 чэрвеня 1823 года. У сярэдзіне 60-х гадоў у горадзе лічыцца 37 двароў і 294 жыхары, у 1823 годзе 350 жыхароў, у гэты час Пераброддзе — цэнтр воласці з насельніцтвам больш за 3500 чалавек.

З 1921 года ў складзе Браслаўскага павета Польшчы.

З 1939 года ў БССР.

2 чэрвеня 2009 быў афіцыйна зацвержаны герб Пераброддзя.

Славутасці

Касцёл Сэрца Ісуса Свята-Георгіеўская царква 1911 г. Могілкі з каменнымі крыжамі Перабродскі валун

Вядомыя асобы Міхаіл Рыгоравіч Шуманскі — беларускі спявак.

Этнаграфія У вёсцы ў 1940 годзе фалькларыстам і кампазітарам Рыгорам Шырмам запісана калядка «Цярэшка, бяда, бяда»Хрэстаматыя [Ноты] : па беларускай народнай музычнай творчасці : для ўстаноў адукацыі сферы культуры : [для спеваў (сола, хор) без суправаджэння / аўтар-укладальнік Зыкава Л. В.] ; Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Інстытут культуры Беларусі»; [прадмова ад укладальніка]. — Мінск : Інстытут культуры Беларусі, 2012. — 208 с..

Крыніцы

Літаратура Цітоў А. Геральдыка беларускіх гарадоў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.

Спасылкі

Катэгорыя:Перабродскі сельсавет