Ля касцёла ці Ля касцёла. Нядзельны дзень — карціна мастака Фердынанда Рушчыца, напісана ў Багданаве ў 1899 годзе. Захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, куды паступіла ў 1957 годзе ад ленінградскага калекцыянера Абрама Шустэра. Да 2015 года была адзінай у Беларусі карцінай мастака. Памер карціны складае 102 х 76 смНадзея Усава. НАШ СЦІПЛЫ КАСЦЁЛАК. «НЯДЗЕЛЯ. ЛЯ КАСЦЁЛА» ФЕРДЫНАНДА РУШЧЫЦА: МАСТАЦКІ ЭПІГРАФ ДА НЕРЭАЛІЗАВАНАГА ПРАЕКТА .

Гісторыя

Стварэнне

Ідэя напісання карціны, у якой кампазіцыйнай камінатай стаў бы касцёл у Багданаве, узнікае ў Рушчыца яшчэ ў 1898 годзе. У снежні гэтага года ён стварае цэлы шэраг накідаў і эскізаў. Пошукі кампазіцыйнага рашэння карціны ў студзені 1899 года Рушчыц робіць не з натуры, а па памяці, знаходзячыся тым часам у Пецярбургу, дзе бярэ ўдзел у выставе «Мира искусства».

Канцом мая датаваны першыя накіды, блізкія да фінальнага варыянта кампазіцыі пейзажа. Рушчыц прыходзіць да кампазіцыі, у якой касцёл і званіца ўзяты фрагментарна ў нізкім пункце позірку (замест ранейшага высокага), фланкуюць прастору першага плана, паміж імі — сілуэты дрэў на фоне неба. Жнівеньскія накіды распрацоўваюць гэтую ж схему. Паралельна з’яўляецца іншы, дыяганальны ракурс на касцёл са званіцай. Відаць, што Рушчыц выбірае паміж двума варыянтамі.

9 і 10 жніўня 1899 года з’яўляюцца эскізы, у якіх кампазіцыя набліжаецца да канчатковай версіі. У эскіз ад 10 жніўня ўкампаваны фігуры тых, хто моляцца, ў тым выглядзе, у якім яны пасля былі намаляваны на карціне. Накід ад 4 верасня адрозніваецца ўвагай да дэталяў і носіць дакументальны характар, што кажа пра тое, што ён быў зроблены з натуры. Верагодна, менавіта ён стаў фінальным падрыхтоўчым накідкам да карціны «Ля касцёла», бо больш позніх датаваных эскізаў ці накідаў не выяўлена.

Шэраг дэталяў у карціне зменены для дасягнення мастацкіх мэт: няма касцёльнай агароджы, якая закрывае гарызонт, менш дрэў, іншыя ракурсы на касцёл і званіцу і суадносіны прапорцый паміж імі — званіца на палатне зменшана ў памеры адносна касцёла.

Пейзаж быў напісаны ў 1899 годзе і атрымаў аўтарскую назву «Святочны дзень» (), а ў сваім дзённіку Рушчыц коратка называў яго проста «Касцёлік». Творы напісаны 29-гадовым Рушчыцам усяго праз два гады пасля заканчэння Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу ў 1899 годзе і пасля трохмесячнага еўрапейскага падарожжа, якое ўзбагаціла яго палітру.

На выстаўках У пачатку 1900 года Рушчыц прывёз на Акадэмічную выставу ў Санкт-Пецярбург тры карціны: «Вечаровы спакой», «Святочны дзень» (па каталогу выставы — «Нядзельны дзень») і «Баладу» — па альбомах з эскізамі бачна, што праца над імі вялася адначасова.

Карціны перад выставай агледзеў Архіп Куінджы (1841—1910), настаўнік Рушчыца па Акадэміі мастацтваў, які выказаў па іх сваё меркаванне. Для Рушчыца было важнае меркаванне Куінджы, ён нават запісаў яго ў сваім дзённіку: «Ага! Моцна. У сіні той жа недахоп, што і ў „Зямлі“ быў».

21 лютага ў Сяргея Дзягілева спадарыня Аляксандра Боткіна, дачка мецэната і калекцыянера мастацтва Паўла Траццякова, якая пасля смерці бацькі ў 1898 годзе ўвайшла ў Апякунскай Рады Траццякоўскай галерэі, патлумачыла Рушчыцу, чаму ў яго нічога не купілі: Ілля Астравухаў, сябра Рады і куратар Траццякоўскай галерэі, галасаваў за «Баладу», а яна і Валянцін Сяроў, яшчэ адзін член Рады, былі за «Касцёлік».

Крытык А. Нікалаеў у часопісе «Мир искусства» пісаў пра Рушчыца, што «…асабліва добры быў яго эцюд яснага вясновага дня дзесьці ў Літве, са старажытнай драўлянай царквой»Николаев А. Художественная хроника. Наши выставки / /Мир искусства. — 1900. — № 7-8. — С. 152.

У чэрвені 1900 года карціна разам з іншымі карцінамі з пецярбургскай выставы, а таксама з карцінамі «Зямля» і «Грэбля», выстаўлялася на выставе Таварыства заахвочвання прыгожых мастацтваў у Варшаве, у салоне Крывульта. Як адзначаў аглядальнік газеты «Kurier Warszawski»Z salonow artystycznych (O nowym salone Krywylta) // Kurier Warszawski. — 1900. -№ 312.27.10:

Вядома, што да 1902 года карціна «Ля касцёла» знаходзілася ва ўласнасці аўтара. У 1902 годзе Рушчыц выстаўляў яе ў Венскім сэцэсіёне на выставе Таварыства польскіх мастакоў «Sztuka», членам якога з’яўляўся з 1900 годаBaranowa, A. Krytycy wiedeńscy o «Sztuce» — Ludwig Hevesi, Hermann Bahr, Berta Zuckerkandl / A. Baranowa // Stulecie Towarzystwa Artystów Polskich «Sztuka» (Ars vetus et nova / Instytut Historii Sztuki, Uniwersytetu Jagiellońskiego ; 4), Kraków 2001. — S. 65-77. Abb. 1-10. Сведчаннем гэтага падарожжа служаць і захаваныя мытныя налепкі на нямецкай мове аб выплаце пошліны, калі карціна перапраўлялася з Кракава праз Германію ў Вену.

Пасля 1902 года Гісторыя бытавання карціны ў перыяд з 1902 па 1957 гады не праяснена. У 1957 годзе карціна была набыта Дзяржаўным мастацкім музеем БССР у ленінградскага архітэктара і калекцыянера Абрама Ігнатавіча Шустэра (1903—1978), які збіраў у асноўным творы заходнееўрапейскага жывапісу. Верагодна, у прамежку паміж 1902—1913 гадамі карціну набыў ягоны бацька, купец першай гільдыі Ігнат Майсеевіч Шустэр (1863—1913), правадзейны член Фондавага аддзялення Санкт-Пецярбургскай біржы, родапачынальнік вядомай дынастыі пецярбургскіх калекцыянераў Шустэраў. Ігнат Шустэр збіраў выключна карціны рускай акадэмічнай школы.

Тагачасная дырэктарка музея, Алена Аладава, прапанавала прадаць карціну ёй разам з партрэтам Булгака Івана Хруцкага і тады не атрыбутаваным «Партрэтам Траццяковай» Апалінарыя Гараўскага. Карціна была набытая за вельмі невялікую цану, усяго 1200 рублёў.

Упершыню была апублікавана ў 1958 годзе ў музейным альбомеГосударственный художественный музей БССР / сост. Е. В. Аладова; авт. вступ. ст. П. Герасимович. — М.: Советский художник, 1958. — 127 с.. У поле зроку польскіх даследчыкаў карціна трапіла толькі ў 1964 годзе, калі выстаўлялася на персанальнай выстаўцы Рушчыца ў Варшаве і была апублікавана ў каталогу выставыFerdynand Ruszczyc: 1870—1963: Katalog: Muzeum narodowe w Warszawie. / Pod red. J. Ruszczycówny. — Warszawa: Toruńska Drukarnia Dziełowa, 1964. — 164 s. — s. 53.

З 1964 года знаходзіцца ў экспазіцыі Дзяржаўнага мастацкая музея БССР, пасля Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Апісанне Мастак неаднаразова звяртаўся да тэмы мясцовага храма, адлюстроўваў яго з розных ракурсаў. Выдатны прыклад беларускага драўлянага дойлідства другой паловы XVII стагоддзя Касцёл Міхаіла Арханёла, які выяўлены на карціне, на жаль, да нашага часу не захаваўся — згарэў падчас Другой сусветнай вайны. Мы маем магчымасць бачыць яго, дзякуючы фатаграфіям сябра Рушчыца, Яна Булгака, а карціна дазваляе адчуць настрой вясновага цёплага дня, адчуць яднанне зямлі, святла, людзей, нябёсаў, гулкімі гукамі, якія льюцца з палатна.

Карціна выканана ў характэрным для Рушчыца стылі сімвалічнага пейзажу: людзі ніколі не трапляюць у цэнтр глядацкай увагі, іх вобразы размытыя і падкрэслена безаблічныя — мастак прапаноўвае нам у кожным намаляваным ім чалавеку пазнаць сябе і стаць саўдзельнікам таго ці іншага яго твора.

Яркі блакіт вясновага неба, палосы цёплых прамянёў сонца на драўляных збудаваннях працяты асаблівым пранізлівым каханнем і лагодай. Бачны бабінец старэнькага ўрослага ў зямлю касцёла. У яго ўпаўзаюць пахілыя старэчыя фігуркі быццам чарада доўгіх дзесяцігоддзяў, што прайшлі перад яго позіркам; старыя паважна стаяць наводдаль. Гракі на голых галінках дрэў; экспрэсіўныя бела-ружовыя аблокі, надзвычайная блакітная пранізлівасць неба, а ўдалечыні — сінія ўзгоркі і невыказны сум. На ажыўшай зямлі свята — ізноў вярнуліся вясна і жыццё.

Цікавыя факты Беларускі дыпламат Уладзімір Шчасны (1948—2020), шчыры аматар творчасці Рушчыца, быў закаханы ў гэтую карціну настолькі, што заказаў рэстаўратару яе жывапісную копію, якую павесіў на ганаровае месца ў сваім доме. Ён прагнуў штодзённага кантакта з карцінай, паказваў яе шматлікім гасцям. Лічыў, што гэта карціна, як ніякая іншая, перадае асаблівы настрой і духоўную сутнасць Заходняй Беларусі.

Гл. таксама Спіс карцін Фердынанда Рушчыца Зямля, карціна Фердынанда Рушчыца

Літаратура Палікарпаў В. «Ля касцёла» // Дыялог. — 2000. — № 6. — С. 16-17.

Спасылкі

Катэгорыя:Карціны 1899 года Катэгорыя:Карціны са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Карціны Фердынанда Рушчыца