Антыцыкло́н — вобласць атмасфернага ціску з замкнёнымі канцэнтрычнымі ізабарамі на ўзроўні мора.
Антыцыклонам называюць вобласці дыяметрам ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч км, якія характарызуюцца своеасаблівымі ўмовамі надвор’я і сістэмай цячэння паветра. Часам антыцыклон бывае шматцэнтравым. Антыцыклоны разам з якасна процілеглымі ім цыклонамі (абласцямі паніжанага ціску) з’яўляюцца найважнейшымі віхравымі формамі агульнай цыркуляцыі атмасферы.
Вятры ў антыцыклоне абгінаюць цэнтр па гадзіннікавай стрэлцы ў Паўночным паўшар’і (г. зн. адхіляецца ад барычнага градыента направа) і супраць гадзіннікавай стрэлкі ў Паўднёвым паўшар’і. Сыходны рух паветра ў антыцыклоне абумоўлівае адсутнасць воблачнасці. Улетку пераважае гарачае і сухое надвор’е, зімой — марознае і яснае.
У нізкім антыцыклоне (халодным) ізабары застаюцца замкнёнымі толькі ў самых ніжніх слаях трапасферы (да 1,5 км), а ў сярэдняй трапасферы павышаны ціск наогул не выяўляецца. Высокі антыцыклон (цёплы) захоўвае замкнёныя ізабары з антыцыкланічнай цыркуляцыяй нават у верхняй трапасферы.
Для антыцыклонаў характэрна перавага яснага або малавоблачнага надвор’я. З прычыны ахаладжэння паветра ад зямной паверхні ў халодную пару года і ноччу ў зоне антыцыклону магчыма ўтварэнне прыземных інверсій і нізкіх слаістых воблакаў і туманаў. Летам над сушай магчыма ўмераная дзённая канвекцыя з утварэннем кучавых воблакаў, якая назіраецца таксама і ў пасатах на звернутай да экватара перыферыі субтрапічных антыцыклонаў. Пры стабілізацыі антыцыклону ў нізкіх шыротах узнікаюць магутныя высокія субтрапічныя антыцыклоны. Стабілізацыя антыцыклону адбываецца таксама ў сярэдніх і ў палярных шыротах. Высокія маларухомыя антыцыклоны, якія парушаюць агульны заходні перанос паветраных мас сярэдніх шырот, называюцца абмежавальнымі (адбываецца з’ява блакіравання антыцыклону).
Узнікаюць антыцыклоны штодня, часцей за ўсё ў субтропіках (Азорскі антыцыклон) і над кантынентамі (Антарктычны антыцыклон, Азіяцкі антыцыклон і інш.).
Геаграфія сталых антыцыклонаў Азорскі антыцыклон Антарктычны антыцыклон Арктычны антыцыклон Бермудскі антыцыклон Гавайскі антыцыклон Грэнландскі антыцыклон Канадскі антыцыклон Паўночнаціхаакіянскі антыцыклон Сібірскі антыцыклон Паўднёва-Атлантычны антыцыклон Паўднёва-Індыйскі антыцыклон Паўднёва-Ціхаакіянскі антыцыклон
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Метэаралогія