Уладзісла́ў Багусла́вавіч Знамяро́ўскі (, Латгалія — пасля , верагодна, Польшча) — беларускі , рэдактар, грамадска-культурны дзеяч.

Біяграфія і дзейнасць Нарадзіўся ў 1888 годзе ў Латгаліі. Скончыў гандлёвую школу ў Вільні. Свой працоўны шлях пачаў на пасадзе карэктара ў рэдакцыі газеты «Наша Ніва». Падчас нямецкай акупацыі ў гады Першай сусветнай вайны заставаўся жыць у Вільні.

У 1919 годзе выступіў адным з рэдактараў газеты «Беларуская думка», якая выдавалася з 28 красавіка па 27 ліпеня і была забароненая польскімі ўладамі. У 1920 годзе з'яўляўся выдаўцом газеты «Незалежная думка», якую напаткаў такі ж лёс. У тым жа годзе сумесна з Эдвардам Будзькам спансаваў выданне кнігі «Гісторыя беларускае літаратуры» М. Гарэцкага, якая была надрукавана ў кааператыўным таварыстве «Друк».

Увосень 1920 года, у перыяд існавання Сярэдняй Літвы, аднавіўся выхад «Нашай Нівы». Пасля таго як 1 лістапада польская дэфензіва правяла вобыск і арыштавала фактычнага кіраўніка газеты Антона Луцкевіча, Уладзіслаў Знамяроўскі афіцыйна ўзяў на сябе абавязкі рэдактара і выдаўца. Яго імя значылася ў выходных дадзеных пачынаючы з трэцяга нумара ад 12 лістапада 1920 года і да апошняга нумара, які пабачыў свет 20 снежня таго ж года, пасля чаго выданне было забаронена цэнзурай.

З 30 кастрычніка 1921 года Уладзіслаў Знамяроўскі пэўны час быў галоўным рэдактарам грамадска-палітычнай газеты «Беларуская крыніца». У 1922 годзе ён ахвяраваў 10 000 польскіх марак на падтрымку часопіса «Новы Шлях», які выдаваўся Беларускім студэнцкім саюзамСьпіс ахвярадаўцаў // Наш Шлях. 1922. №2-3.. У кастрычніку 1923 года быў рэдактарам і выдаўцом газеты «Воля народу» (выйшла ўсяго два нумары).

У 1920-я — сярэдзіне 1930-х гадоў Знамяроўскі меў ва ўласнасці прыватнае беларускае выдавецтва ў Вільні. За гэты час ён выдаў 21 беларускамоўную кнігу, сярод якіх была арыгінальная і перакладная літаратура, падручнікі і слоўнікі. У 1928 годзе за выпуск зборніка «Беларускі дэкламатар», у якім былі перадрукаваны некаторыя вершы Янкі Купалы і Цёткі, польскія ўлады прыцягнулі Знамяроўскага да судовай адказнасці.

У 1938 годзе выдавец дапамагаў парадамі ў працы моладзевага часопіса «Шлях моладзі». У прыватнасці, пры пасрэдніцтве Макара Краўцова ён раіў маладому пісьменніку Янку Брылю спачатку апублікаваць яго пераклады п'ес Л. Талстога на старонках перыядычнага выдання, а ўжо потым рабіць асобныя адбіткі ў выглядзе кніжак.

Паводле некаторых звестак, пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Уладзіслаў Знамяроўскі з'ехаў у Польшчу.

Бібліяграфія выдавецтва За час працы прыватнага выдавецтва Уладзіслава Знамяроўскага ў Вільні пабачылі свет наступныя выданні: «Беларускі каляндар на 1920 г.» «Дудка беларуская» (Ф. Багушэвіч, 1921) «Сцэнічныя творы» (Л. Родзевіч, 1921) «Дзед Завала» (Ядвігін Ш., 2-е выданне) Слоўнік М. і Г. Гарэцкіх (2-е выданне, 1921) «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» (У. Ігнатоўскі, 1921) «Снапок» (А. Паўловіч, 1921) Творы Г. Леўчыка «Стася» (Дзядзька Пранук, 1922) П’есы (1922) Сцэнічныя творы для дзіцячага тэатру (1923) «Куды і як эміграваць?» (1926) «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» (У. Ігнатоўскі, 4-е выданне, 1927) «Дзед Завала» (Ядвігін Ш., 1927) «Казкі» (А. К., 1928) «Сон Гаўрыл і розныя вершы» (У. Ініцкі, 1928) «Беларускі дэкламатар» (С. С., 1928) «Ці шмат чалавеку трэба зямлі і другія апавяданні» (Л. Талстой, 1928) «Клім з бабаю і іншыя жарты» (У. Ініцкі, 1929) «Снапок» (А. Паўловіч, 1929) «Ад чаго зло на свеце» (Л. Талстой, 1929) «Курс нядзельнай школы» (1930) «Jak žyvecca sialanstvu pad kamunistyčnaj uladaj?» (І. Альхоўскі, 1932) «Puty kachańnia» (У. Казлоўскі, 1932) «Правакацыя беларускага народу» (Ф. Акінчыц, 1933) «Čamu ciapier ciažka žyvecca ziemlarobam?» (А. Баброўскі, 1933) «„Kamsamol“ i jachonyja mety» (С. Баркоўскі, 1933) «Što robić urad u baraćbie z kryzisam» (А. Навіцкі, 1933) «Баўтручок» (беларускі народны твор, 1934) «Апавяданні» (Улад-Ініцкі, 1934) «Bosyja na liedzie» (А. Айер, 1938)

Крыніцы

Літаратура

Доля і хлеб : выбраныя творы / Гальяш Леўчык ; [складальнікі: Я. Саламевіч і Н. Ляшковіч ; аўтар прадмовы У. Калеснік, с. 3―14]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1980. — 189, с., л. партр. : іл. ; 17 см. — У выпускных даных аўтар: Ляўковіч Ілья Міхайлавіч. — Бібліяграфія: с. 181―186. — Змест: раздзелы: Паэзія ; Пераклады ; Проза ; З народнага ; Пісьмы ; Успаміны пра Гальяша Леўчыка. — 6000 экз.

Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1888 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Латгаліі Катэгорыя:Выдаўцы Беларусі Катэгорыя:Рэдактары Беларусі Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Імігравалі ў Польшчу з Беларусі Катэгорыя:Постаці Вільні