Паўлін () — сузор’е паўднёвага паўшар’я нябеснай сферы, якое атрымала назву ад птушкі паўлін. Цалкам відаць ва ўсім Паўднёвым паўшар’і і ў частцы тропікаў Паўночнага паўшар’я, з тэрыторыі Беларусі нельга ўбачыць ніякую яго частку. Адно з 12 сузор’яў, уведзеных П. Планцыусам пры апрацоўцы назіранняў зорнага неба ў Паўднёвым паўшар’і, выкананых П. Дз. Кейзерам. Паўлін упершыню з’явіўся на зорным глобусе дыяметрам 14 цаляў, зробленым у 1598 годзе ў Амстэрдаме Планцыусам і Ё. Хондыусам, быў намаляваны ў зорным атласе «Уранаметрыя», апублікаваным І. Баерам у 1603 годзе і тады ж з’явіўся ў зорным каталозе Хаўтмана. Французскі астраном Н. Л. дэ Лакайль у 1756 годзе даў зоркам сузор’я Паўлін абазначэнні Баера. Сузор’і Паўлін, Журавель, Фенікс і Тукан вядомыя пад зборнай назвай «Паўднёвыя птушкі».
Самы яркі прадстаўнік сузор’я — зорка α Паўліна, якая таксама вядомая пад назвай Пікок ( — «паўлін») і выглядае як бела-блакітная зорка велічыні 1,91m.
Катэгорыя:Сузор’і