Капенгаген (; «Гавань гандляроў») — горад у Даніі, сталіца краіны. Размяшчаецца на двух астравах: Зеландыя і Амагер.
Насельніцтва горада — каля 0,52 млн чал., з прыгарадамі — больш 1,18 млн чал. Адміністрацыйны цэнтр амта Капенгаген. Галоўны эканамічны і культурны цэнтр краіны. Ваенна-марская база.
Гісторыя Упершыню згадваецца ў 1043 як вёска Хаўн, каля якой у 1167 пабудаваны замак. Біскуп Абсалон пасля пабудовы замка, у 1167 годзе, залажыў тут умацаваны горад. У 1254 г. Капенгаген атрымаў першыя гарадскія прывілеі. У 1416 г. Эрык Памеранскі заваяваў Капенгаген і ў 1433 годзе зрабіў яго сваёй рэзідэнцыяй.
Найбольшага росквіту дасягнуў у XVI—XVII ст. У час Графскай вайны Капенгаген вытрымаў жорсткую аблогу, а ў 1658—1659 гадах па-геройску абараняўся ад шведаў. Моцна разбураны паводкай 1728 і пажарам 1795, бамбардзіроўкай брытанскім флотам у 1807. У выніку паражэння Даніі ў вайне 1813-14 горад заняпаў. Пасля рэканструкцыі (з 2-й пал. ХІХ ст.) значны прамысловы цэнтр. У 1940-45 пад нацысцкай акупацыяй.
Архітэктура і планіроўка У старой частцы Капенгагена захавалася сярэдневяковая радыяльна-кальцавая планіроўка з вузкімі крывымі вуліцамі. Галоўныя помнікі: у стылі дацкага рэнесансу — палац Росенбарг (1606-34) і будынак біржы (1619-25, архітэктары абодвух браты Стэнвінкель); барочныя палац Шарлотэнбарг (1672-77, арх. Л. Хавен, цяпер будынак Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў) і палацавы комплекс Амаліенбарг (будаваўся з 1750, арх. Н. Эйгвед), палац-парламент Крысціянсбарг (1733-40, арх. Э. Д. Хёйсер, адноўлены пасля пажару арх. Х. К. Хансенам у 1800-20, Т. Ёргенсенам у 1907-22 у псеўдабарочных формах); класіцыстычны Музей Торвальдсена (1839-48, арх. Г. Бінесбёль, мастак I. Зоне); Капенгагенская ратуша ў стылі нацыянальнага рамантызму (1892—1905, арх. М. Нюрап) і інш.
На месцы старых умацаванняў, ад якіх захавалася толькі цытадэль, разбіты бульвары, да якіх прымыкаюць прадмесці (Вестэрбро, Нерэбро і Эстэрбро), у апошнія гады яны амаль зліліся з горадам. У гаспадарчым дачыненні адно цэлае з горадам складаюць таксама Фрэдэрыксберг на захадзе (46954 жыхара), Утэрслеў на паўночным захадзе (2596 жыхара) і Зундб'ернэ на востраве Амагер (13310 жыхара). Капенгаген ўмацаваны моцнымі марскімі фартамі.
Горад развіваецца ў 5 асноўных кірунках у выглядзе рукі з растапыранымі пальцамі («далонь» — стары горад, «пальцы» — новыя раёны), паміж імі зялёныя насаджэнні. Сярод збудаванняў ХХ ст.: царква Грунтвіга (1921-40, арх. П. В. Енсен-Клінт і К. Клінт), аэравакзал з гасцініцай «Роял» (1959-61, арх. А. Якабсен) і інш.
Паркі, у т.л. Каралеўскі (з XVII ст.), батанічны сад (з 1874), заалаічны сад, луна-парк Цівалі. Сімвал горада — скульптура «Маленькая русалачка».
Насельніцтва
Прамысловасць У Капенгагене выпускаецца каля 40 % прамысловай прадукцыі краіны. Пераважаюць машынабудаванне (у т.л. вытворчасць суднаў, дызеляў, электратэхнічная і радыёэлектронная) і металаапрацоўка. Развіты харчасмакавая, фарфоравая (з XVIII стагоддзя, Каралеўская фабрыка фарфору), хімічная прамысловасць.
Культура, адукацыя, навука У Капенгагене знаходзяцца Дацкія каралеўскія акадэмія навук і літаратуры (з 1742), акадэмія тэхнічных навук, акадэмія прыгожых мастацтваў, акадэмія музыкі, шматлікія ВНУ, у т.л. Капенгагенскі ўніверсітэт (з 1479), вышэйшыя эканамічная і сельскагаспадарчая школы.
Бібліятэкі: Нацыянальная (Каралеўская; з XVII ст.), універсітэта (з 1482), Муніцыпальная і Публічная.
Музеі: Нацыянальны музей Даніі, Каралеўскі марскі, гарадскі, мастацкі і дэкаратыўнага мастацтва, заалагічны, гісторыі тэатра, Гісторыі музыкі, Торвальдсена, кінамузей, Новая гліптатэка Карлсберга (зборы антычнага мастацтва, дацкі і французскі жывапіс) і інш.
Тэатры: Народны, «Новы», «Ню Скала», «Гладсакс-тэатр» і інш.
Транспарт Міжнародны аэрапорт Каструп. Порт у праліве Эрэсун. Аўтамабільным і чыгуначным паромамі звязаны з гарадамі Мальмё, Хельсінгбарг і Ландскруна (Швецыя). Капенгагенскі метрапалітэн.
Турызм Капенгаген — цэнтр міжнароднага турызму.
Гарады-пабрацімы
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары Ханс Крысціян Андэрсен Нільс Гадэ Карл Тэадор Дрэер Сёрэн Абю К’еркегор Нільс Стэнсен Нільс Юэль
Гл. таксама Хрысціянія Царква Фрэдэрыка Розенборг Domus Vista
Крыніцы
Літаратура
Bruun, «Kjøbenhavn, en illustreret Skildring af dets Historie etc.» (1884 и сл.) Nielsen, «Kjøbenhavn under Kong Frederik IV» (1892); Jonas, «Kopenhagen und Umgebungen» (Б., 1893). Trap, «Historisk-topografisk Beskrivelse af Danmark» (K., 1879); Salmonen, «Kopenhagen und Umgegend» (1883);
Катэгорыя:Гарады Даніі Катэгорыя:Парты Балтыйскага мора Катэгорыя:Сталіцы дзяржаў