Рокфелеры () — дынастыя амерыканскіх фінансістаў нямецкага паходжання, адно з найбагацейшых сямействаў свету, разам з Ротшыльдамі.
Дынастыя вядзе свой радавод ад Готхарда Рокенфелера (нарадзіўся ў 1590 годзе) з вёскі Рокенфельд на паўночны захад ад Нойвіда ў зямлі Рэйнланд-Пфальц.
Першым буйным прадпрымальнікам у сямействе сташ Джон Дэйвісан Рокфелер. У 1870 годзе ён заснаваў нафтавую фірму «Стандард ойл» з капіталам 1 млн. дол., якая ў 1879 годзе стала 1-м у ЗША трэстам. З 1911 года трэстам кіраваў Джон Дэйвісан Рокфелер-малодшы, які падзяліў яго на падставе «антытрэстаўскіх законаў» на 33 кампаніі. Фірмы фактычна ўтварылі адзіную групу, якая перайшла ва ўласнасць яго дзяцей. Падчас Першай сусветнай вайны Рокфелеры павялічылі інвестыцыі за мяжой (асабліва ў слабаразвітых краінах). У гэты ж час былі ўсталяваныя картэльныя пагадненні Рокфелераў з германскім трэстам «Ід Фарбеніндустры». З ростам багацця Рокфелераў, якія праніклі, акрамя нафтавай, у іншыя галіны прамысловасці, пашырылася іх фінансавая база. У інтэрбелум яны набылі кантрольныя пакеты шэрагу страхавых кампаній і іншых фінансавых устаноў, уключаючы «Чэйз нэшанал банк». Становішча Рокфелераў яшчэ больш умацавалася пасля зліцця гэтага банка з «Банк оф Манхатан Компані», на аснове чаго паўстаў у 1955 годзе 2-і па велічыні ў ЗША «Чэйз Манхатан банк». Другая сусветная вайна, пасляваенны нафтавы бум і мілітарызацыя эканомікі ЗША спрыялі таму, што актывы ўсёй групы ў 1965 годзе перавысілі 115 млрд. дол., а чысты прыбытак, па няпоўных даных, — 2,3 млрд. Станам на 1970-я Рокфелеры кантралявалі больш за 30% здабычы і 1/2 перагонкі нафты ў ЗША, а таксама ўдзельнічалі ў атамнай прамысловасці, электроніцы і іншым.
Кіраванне групай Рокфелеры ажыццяўляюць шляхам падзелу працы па функцыянальнай і геаграфічнай прыкмеце. Аднак пры гэтым яны кіруюцца сумесна выпрацаванай адзінай стратэгічнай лініяй.
Рокфелеры актыўна ўдзельнічаюць у палітычным жыцці ЗША. Першапачаткова дзейнічаючы праз падстаўных асоб, пазней яны сталі працаваць больш адкрыта: Нелсан Олдрыч Рокфелер стаў губернатарам штата Нью-Ёрк, Джон Дэйвісан Рокфелер III удзельнічаў у распрацоўцы мірнай дамовы з Японіяй на Сан-Францыскай канферэнцыі 1951 года. З дапамогай розных фондаў папячыцельства Рокфелеры кантралююць шматлікія навуковыя ўстановы.
Літаратура Bratberg, Terje: Rockefeller i Store norske leksikon på snl.no. Hentet 13. september 2026 Рокфеллеры // Советская историческая энциклопедия. В 16 томах. — М.: Советская энциклопедия. 1973—1982. Том 12. РЕПАРАЦИИ - СЛАВЯНЕ. 1969.
Катэгорыя:Рокфелеры