Япо́нія або Дзяржа́ва Япо́нія (, Nihon ці Nippon) — астраўная дзяржава ва Усходняй Азіі на астравах паўночна-заходняй часткі Ціхага акіяна на ўсходзе ад Кітая і Карэі, чацвёртая па памерах астраўная дзяржава свету (пасля Інданезіі, Мадагаскара і Папуа — Новай Гвінеі). У склад Японіі ўваходзіць больш за 6 800 астравоў, найвялікшыя з якіх — Хакайда, Хонсю, Сікоку, Кюсю.

Становішча Японсіх астравоў на сутыку літасферных пліт вызначае гарысты характар, сейсмічнасць і вулканізм тэрыторыі. Клімат астравоў умераны і субтрапічны мусонны, спрыяльны для жыцця. Рэкі кароткія, але паўнаводныя, багатыя на гідраэнергію. Дзве траціны плошчы Японіі пакрыта хваёвымі і шыракалістымі лясамі. Багаты і разнастайны жывёльны свет астравоў.

Японскія астравы населены ад часу верхняга палеаліту. Першыя ўзгадкі пра Японію ў кітайскіх летапісах адносяцца да І стагоддзя н.э. Кітайская цывілізыя аказала вялікі ўплыў на Японію. У XIII стагоддзі Японія двойчы ўратавалася ад мангольскага ярма. Нядоўгія кантакты з еўрапейцамі, што пачаліся ў XVI стагоддзі, скончыліся працяглым перыядам ізаляцыі. У сярэдзіне XIX стагоддзя Японія стала на шлях адкрытасці, мадэрнізацыі і экспансіі. Паражэнне у Другой сусветнай вайне прывяло да страты ўсіх калоній. У 1945 годзе Японія стала першай і апошняй краінай, супраць якой была прыменена атамная зброя.

Сённяшняя Японія — дэмакратычная канстытуцыйная манархія на чале з адзіным у свеце імператарам. Японія — унітарная краіна, дзеліцца на 47 прэфектур. Сучасная афіцыйная назва краіны — «Ніхон коку» або «Ніпон коку» (日本国).

З насельніцтвам 126 млн чалавек мае 11 месца ў спісе самых населеных краін свету. 80 % насельніцтва жыве на востраве Хонсю. У Японіі самая высокая ў свеце працягласць жыцця (84,5 гады ў 2018) і адзін з самых нізкіх паказчыкаў дзіцячай смяротнасці. Монанацыянальная краіна: 99 % насельніцтва складаюць японцы. Сталіца — горад Токіа — разам з прылеглымі гарадамі ўтварае найвялікушую ў свеце агламерацыю з насельніцтвам каля 38 млн чал.

Высокаразвітая краіна. Па паказчыку намінальнага ВУПу саступае толькі ЗША і Кітаю, па парытэце пакупніцкай здольнасці — яшчэ і Індыі. Займае другое месца ў свеце па ўзроўні развіцця прамысловасці пасля ЗША. Рабочыя японскіх прадпрыемстваў атрымліваюць найвышэйшы ў свеце сярэдні заробак. Вялікая дзяржава сучаснага свету, Японія ўваходзіць у Вялікую сямёрку, G20, АЭСР, а таксама рэгулярна абіраецца нясталым членам Савета Бяспекі ААН. На рэгіянальным узроўні ўваходзіць у АЦЭС, падтрымлівае фармат АСЕАН +3. Хоць Японія афіцыйна адмовілася ад свайго права аб’яўляць вайну, яна мае вялікую сучасную армію, якая выкарыстоўваецца ў мэтах самаабароны і ў міратворчых аперацыях.

Этымалогія Саманазва краіны гучыць як «Ніхон» або «Ніпон» (на кандзі — 日本), што літаральна азначае «Радзіма сонца». Еўрапейцы трансфармавалі гэтае спалучэнне ва ўсім добра знаёмае «краіна ўзыходзячага сонца». Назва «Ніхон» упершыню сустракаецца на старонках кітайскай Кнігі Тан, якая распавядае пра японскую дэлегацыю ў Кітай канцы VII ст. н.э. У больш глыбокай старажытнасці ў дачыненні да Японіі выкарыстоўваліся такія тапонімы як Ямата (大和) і Вакоку (倭国).

Доўгі шлях назвы «Краіна, дзе ўзыходзіць сонца» да беларускай мовы ляжаў праз кітайскую мову (Cipangu) — паўднёва-кітайскі дыялект — малайскую (Japun або Japang) — партугальскую — англійскую (або французскую) мовы.

Геаграфія Японія займае ўвесь Японскі архіпелаг, а таксама прылеглыя астравы Рукю (уключаючы Акінаву) і Нампо. У яе склад уваходзіць больш за 6.800 астравоў, найвялікшыя з якіх — Хакайда, Хонсю, Сікоку, Кюсю. Астравы ляжаць паміж 46° і 24° пн.ш. і працягнуліся на 3000 км ад Ахоцкага мора на поўначы да Філіпінскага на поўдні. Даўжыня берагавой лініі Японіі складае каля 30 тысяч кіламетраў. Заходнія берагі зрэзаны слаба, у той час як усходнія і паўднёвыя маюць шмат заліваў і бухтаў.

Японія не пагадзілася з рашэннем Ялцінскай канферэнцыі аб перадачы Савецкаму Саюзу паўднёвых Курыльскіх астравоў (Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан, града Хабамаі) і з таго часу выказвае свае правы на іх, што стала прычынай нязгоды Японіі падпісаць Дагавор аб міры з СССР, а з 1991 г. — з Расіяй як ягонай правапераемніцай. Гэтае балючае для ўзаемных адносін дзвюх краін пытанне ў Японіі мае назву «Праблемы Паўночных тэрыторый». Японія не рэкамендуе сваім грамадзянам наведваць Курылы, а расійскаму насельніцтву абяцае паважаць яго правы ў выпадку перадачы астравоў Японіі.

Прырода

Для Японіі характэрны горны рэльеф — каля 75 % тэрыторыі займаюць горы і ўзвышшы. На востраве Хакайда галоўныя хрыбты (Токаты, Хідака, Кітамі) выцягнуты з поўначы на поўдзень. На поўначы вострава Хонсю 3 паласы сярэдневышынных гор — Дэва і Асахі на захадзе, Оу — у цэнтры, Кітакамі і Абукума — на ўсходзе; на поўдні хрыбты Хіда, Акаісі, Кісо, у цэнтры — тэктанічная ўпадзіна Фоса-Магна. Найвышэйшы пункт Японіі — вулкан Фудзіяма (3776 м.). Горны рэльеф пераважае і на астравах Кюсю, Сікоку і Рукю. На нізіны і міжгорныя ўпадзіны прыпадае каля 20 % тэрыторыі, найбуйнейшыя — Канто і Этыга (на востраве Хонсю) і Ісікары (на востраве Хакайда). Актыўная вулканічная дзейнасць назіраецца на заходнім узбярэжжы астравоў. Больш за 150 вулканаў, у т.л. 15 дзеючых: (Асама, Бандай, Токаты, Міхара і іншыя). На ўсходнім узбярэжжы частыя землетрасенні (да 1,5 тысяч у год), адны з найбольш разбуральных — землетрасенне 1923 года, землетрасенне 2011 года. Падводныя землетрасенні правакуюць цунамі, недарэмна гэтыя хвалі вядомы на ўвесь свет пад японскім імем.

Японія бедная на карысныя выкапні. У невялікай колькасці маюцца каменны вугаль, жалезная руда, марганец, храміты, медзь, цынк, волава, ртуць, сурма, вапнякі, каалін, невялікія запасы нафты і газу.

Клімат мусонны, на большай частцы тэрыторыі субтрапічны, на поўначы — умераны, на поўдні — трапічны. На клімат Японіі ўплываюць цячэнні Курасіа на поўдні і ўсходзе, Цусімскае — на захадзе, халоднае Аясіа — на паўночным усходзе. Сярэдняя тэмпература студзеня ад −5 °C на Хакайда да 6 °C на поўдні Японскіх астравоў і 16 °C на архіпелагу Рукю, ліпеня адпаведна 22 °C, 27 °C і 28 °C. Ападкаў на большай частцы тэрыторыі 1700—2000 мм, на поўдні да 4000 мм за год. Штогод бывае 15—20 тайфунаў, пераважна восенню.

Рэкі кароткія, паўнаводныя, багатыя на гідраэнергію; найбуйнейшыя — Сінана, Тонэ, Ісікары, Тэсіа. Шмат азёр, найбуйнейшае — Біва (716 км²).

Глебы на поўначы падзолістыя і балотна-лугавыя, на поўдні і поўначы Хонсю — буразёмы, на поўдні — жаўтазёмы і чырваназёмы. Расліннасць пераважна лясная — лесам і хмызнякамі занята 66 % тэрыторыі. На поўначы Хакайда пераважаюць хвойныя лясы (елка і піхта), на паўднёвым захадзе Хакайда і на Хонсю — субтрапічныя вечназялёныя лясы (магнолія, бамбук), у гарах — хвоя, кіпарыс, туя. На поўдні Кюсю і на архіпелазе Рукю пануюць трапічныя лясы з пальмаў, фікусаў, сагаўнікаў, папарацей і інш. Жывёльны свет разнастайны, ёсць эндэмікі і рэлікты. З млекакормячых трапляюцца воўк, барсук, янотападобны сабака, японскі чорны мядзведзь, японскі макак; з птушак — дзяцел, сойка, жураўлі, дрозд, арол. Пашыраны паўзуны, яшчаркі, чарапахі. Прыбярэжныя раёны багаты рыбай, крабамі, малюскамі.

Каля 25 % плошчы — ахоўныя тэрыторыі. 28 нацыянальных паркаў (Бандай-Асахі, Іосіна-Кумана, Сайкай, Сікоцу-Тоя, Фудзі-Хаконэ-Ідзу) і 55 квазінацыянальных паркаў (падпарадкоўваюцца прэфектурным урадам); маецца шэраг падводных паркаў на мелкаводдзях, запаведнікі, рэзерваты і заказнікі.

Гісторыя

Аўтахтонным насельніцтвам Японскага архіпелага лічацца айны. На астравах Кюсю і Сікоку і на поўдні Хонсю айнскае насельніцтва асімілявалася аўстранезійскімі плямёнамі. У сярэдзіне 1-га тысячагоддзя да н.э. з поўдня Карэйскага паўвострава на Японскія астравы праніклі т.зв. протаяпонскія плямёны, што змяшаліся з айнамі на Хакайда і паўночным Хонсю. З іх прыходам тут з’явіліся свойскія жывёлы — конь, карова; узнікла культура паліўнога рысу. Працэс развіцця прышлых плямён, іх узаемадзеянне з мясцовым аўстранезійска-айнскім насельніцтвам адбываўся да V стагоддзя да н.э.

Паводле кітайскіх хронік легендарны імператар Дзіму-Тэно — нашчадак багіні Аматэрасу — у 660 годзе да н.э. стаў родапачынальнікам дасюль бесперарыўнай дынастыі японскіх імператараў. У канцы ІІІ стагоддзя н.э. цэнтр улады размяшчаўся на месцы сучаснага горада Нара на раўніне Ямата. У другой палове IV стагоддзя імператары Ямата павялі экспансію на поўдзень, што паспрыяла кантактам з высокаразвітым Кітаем. Развіццё японскай цывілізацыі стымулявалі імпарт жалеза, пранікненне кітайскай мовы, літаратуры, філасофіі, канфуцыянства і будызму, апошні ў канцы VI стагоддзя пры імператарах дынастыі Сога будызм зрабіўся нацыянальнай рэлігіяй. Сінтаізм захаваў цырыманіяльнае значэнне. Працэс далучэння да кітайскай культуры распаўсюдзіўся і на палітычныя інстытуты. Унутраная палітыка імператараў Ямата была накіравана на аб’яднанне краіны і афармленне ідэалогіі адзінаўладдзя. Важную ролю ў гэтым працэсе адыгралі ўведзеныя ў 604 годзе прынцам Сётоку Тайсі «Законапалажэнні з 17 артыкулаў», дзе ў якасці галоўнага палітычнага прынцыпу былі сфармуляваны вышэйшы суверэнітэт і строгае падпарадкаванне малодшых старэйшым; усталёўвалася сістэма чыноўніцкіх рангаў і прыдворнага цырыманіялу.

Для гісторыі фарміравання японскай дзяржаўнасці вялікае значэнне мела эпоха Фудзівара (645—1192). Пачатак ёй паклаў «пераварот Тайка» (ад назвы года, калі ён адбыўся), у час якога прынц Наканаоэ скінуў уладу дынастыі Сога (645). Другая палова VII стагоддзя прайшла пад знакам «рэформ Тайка», у выніку якіх былі рэарганізаваны ўсе сферы адносін у краіне і ўмацавана імператарская ўлада паводле кітайскай танскай мадэлі. Усе землі перайшлі ва ўласнасць дзяржавы, краіна была падзелена на правінцыі і паветы на чале з губернатарамі і павятовымі начальнікамі. У 694 годзе пабудаваны першы сталічны горад Фудзівара-к’ё. Працэс афармлення сярэднявечнай японскай дзяржавы завершыўся ў VIII стагоддзі, на працягу якога тройчы пераносілася сталіца: у 710 годзе ў Нара, у 784 годзе ў Нагаока і ў 794 годзе ў Кіёта. Станаўленне грамадства суправаджалася адыходам ад класічнага ўзору дзяржаўнага ўладкавання, абазначылася тэндэнцыя да дэцэнтралізацыі ўлады. У канцы IX стагоддзя ўлада належала прадстаўнікам роду Фудзівара, якія з 858 года кіравалі краінай як рэгенты пры малалетніх імператарах, а з 888 года — у якасці канцлераў пры паўналетніх. Характэрнай рысай сацыяльнага жыцця стала фарміраванне саслоўя самураяў.