Беларуская жэставая мова, таксама жэставая мова Рэспублікі Беларусь — жэставая мова, самастойная моўная сістэма, якая ўжываецца чуючымі і нячуючымі жыхарамі Рэспублікі Беларусь як сродак камунікацыі.

Праблема назвы Тэрмін «беларуская жэставая мова» не з’яўляецца агульнапрынятым: у нарматыўных дакументах, якія датычацца жэставай сістэмы камунікацыі глухіх, шырока ўжываюцца тэрміны «жэставая мова» і «жэставае маўленне» без вызначэння нацыянальнага статусу. Так, напрыклад, згодна з вучэбна-праграмнай дакументацыяй, у спецыяльных школах для дзяцей з парушэннямі слыху вывучаецца вучэбны прадмет «Жэставая мова» і праводзяцца карэкцыйныя заняткі «Развіццё жэставага маўлення». Шырока распаўсюджана ўяўленне пра нацыянальную жэставую мову Беларусі як пра дыялект рускай жэставай мовы.

У 2022 годзе быў прыняты закон № 183 — 3 «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», які вызначыў беларускую жэставую мову як жэставую мову, якая сфарміравалася з улікам тэрытарыяльнай прыналежнасці і культуры Рэспублікі Беларусь. Згодна з законам, жэставая мова ў Беларусі з’яўляецца паўнавартаснай лінгвістычнай сістэмай пазнання, развіцця, адукацыі і забеспячэння доступу да інфармацыі, а таксама асноўнай мовай зносін людзей з парушэннямі слыху, у тым ліку ў сферах вуснага ўжывання дзяржаўных моў Беларусі.

Ініцыятыва замацаваць тэрмін «беларуская жэставая мова» на дзяржаўным узроўні зыходзіла ад Беларускага таварыства глухіх.

Лінгвістычная характарыстыка

Беларуская жэставая мова вельмі падобная на іншыя жэставыя мовы постсавецкай прасторы, што абумоўлена агульным каранямі рускамоўнай адукацыі глухіх і праграмы падрыхтоўкі сурдаперакладчыкаў па сістэме . Носьбіты жэставых моў з Беларусі, Украіны, Расіі, Казахстана і іншых краін звычайна разумеюць адзін аднаго і не зазнаюць аніякіх камунікатыўных бар’ераў. Тым не менш, асобныя адрозненні паміж беларускай і рускай жэставымі мовамі назіраюцца на розных моўных узроўнях: некаторыя жэсты ў рускай і беларускіай жэставай мовы патрабуюць розныя складнікі-хірэмы; маюцца адрозненні ў складзе фразеалагізмаў і ідыём. Таксама беларуская жэставая мова мае ўласныя жэсты для абазначэння беларускіх гарадоў. Па некаторых ацэнках, каля 9,1 % моўных адзінак беларускай жэставай мовы адрозніваюцца ад адпаведнікаў у блізкароднасных жэставых мовах. Напрыклад, жэст «кошт» у беларускай жэставай мове этымалагічна звязаны з жэстам «грошы», а ў руская жэставай мове — з жэстам «каштаваць».

Адзначаецца, што беларуская жэставая мова мае рэгіянальныя варыянты, якія адрозніваюцца асобнымі жэстамі.

Гісторыя вывучэння Навуковае асэнсаванне феномена беларускай жэставай мовы і вызначэнне асноўных адрозненняў паміж беларускай і рускай жэставымі мовамі застаецца прадметам фундаментальных навуковых даследаванняў, у тым ліку ў рамках навукова-даследчай працы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Навукова абгрунтаваць феномен беларускай жэставай мовы і распрацаваць канцэптуальныя асновы стварэння тэматычных слоўнікаў жэставай мовы» № ГР 20211511 ад 24 траўня 2021 года.

У кастрычніку 2016 года Беларусь стала 26-й краінай, якая далучылася да міжнароднага праекту «» (), у рамках якога быў створаны самы вялікі ў свеце міжнародны слоўнік нацыянальных жэставых моў. Падчас працы над слоўнікам на беларускую мову былі перакладзены каля 15000 слоў і выразаў. Беларуская жэставая мова атрымала абазначэнне BelSL.

Значным рэсурсам для назірання за функцыяваннем беларускай жэставай мовы стаў праект «Ажыўшыя карціны», які зладзіў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь разам з Інстытутам інклюзіўнай адукацыі БДПУ і Беларускім таварыствам глухіх. Вынікам праекту стала распрацоўка сурдагідаў для мастацкіх твораў пастаяннай экспазіцыі музею. Падрыхтаваныя сурдагіды прадстаўлены на афіцыйным YouTube-канале музею пад загалоўкам «Экскурсія на беларускай жэставай мове» ().

Супольнасць Колькасць носьбітаў беларускай жэставай мовы ацэньваецца ў 9000-10000 чалавек.

Беларускае таварыства глухіх адказвае за аказанне паслуг па перакладу і за падрыхтоўку перакладчыкаў жэставай мовы. Таварыства рэгулярна праводзіць адукацыйныя курсы, якія падтрымлівае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

У 2008 годзе ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце распачалася перападрыхтоўка па спецыяльнасці «Жэставая мова» для выкладчыкаў і перакладчыкаў.

Па дадзеным 2022 года ў Беларусі працавалі каля 70 перакладчыкаў.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Беларуская жэставая мова ў праекце Spread the Sign. Экскурсія на беларускай жэставай мове на YouTube-канале Нацыянальнага мастацкага музею Рэспублікі Беларусь

Катэгорыя:Жэставыя мовы