Ві́ленскі настаўні́цкі інстыту́т — сярэдняя спецыяльная педагагічная навучальная ўстанова Віленскай навучальнай акругі Расійскай імперыі. Адкрыты ў Вільні ў 1875 годзе.
Гісторыя У красавіку 1863 года князь Аляксандр Шырынскі-Шыхматаў прапанаваў стварыць у Віленскай навучальнай акрузе дзве настаўніцкія семінарыі, адну з якіх планавалася адкрыць у Маладзечне Віленскай губерні. У кожнай з іх мусіў вучыцца па 30 дзяцей праваслаўных беларускіх і літоўскіх сялян. Міністэрства народнай асветы пагадзілася фінансаваць гэтыя ўстановы, аднак генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў праект не падтрымаў. Ён хацеў, каб у такіх установах працавалі пераважна праваслаўныя святары і выпускнікі духоўных семінарый, прычым не мясцовыя, якія, на яго думку, «апалячыліся», а прывезеныя з Цэнтральнай Расіі.
З-за палітычных і бюракратычных затрымак першым настаўніцкім інстытутам у акрузе стаў Віленскі яўрэйскі настаўніцкі інстытут, які пачаў дзейнічаць у 1873 годзе. Гэта была недзяржаўная ўстанова, і паступленне ў яе для хрысціян было закрыта па канфесійнай прыкмеце. Дзяржаўны Віленскі настаўніцкі інстытут адкрыўся ў 1875 годзе (паводле іншых звестак працэс завяршыўся толькі ў 1876 годзе). Пасля пачатку Першай сусветнай вайны інстытут эвакуіраваны ў Самару, дзе арганізацыйна далучаны да Самарскага настаўніцкага інстытута.
Вучэбны працэс На стацыянарнае дзённае навучанне ў інстытут прымаліся выключна мужчыны праваслаўнага веравызнання. Жанчынам давалася права здаваць экзамены на права вядзення выкладчыцкай працы толькі экстэрнам. Інстытут рыхтаваў кадры для гарадскіх вучылішчаў Вільні і іншых буйных гарадоў навучальнай акругі. Аднак з-за таго, што статус «гарадскіх» атрымала толькі трэцяя частка павятовых вучылішчаў, патэнцыял інстытута выкарыстоўваўся толькі на 30—40 %, і ўстанова выпускала не больш за 10—15 настаўнікаў у год.
Уласных будынкаў інстытут не меў і размяшчаўся ў арэндных дамах. Паводле справаздачы дырэктара за 1877 год, памяшканне Віленскага настаўніцкага інстытута было вельмі зручным у гігіенічных і педагагічных адносінах, класы былі светлымі і прасторнымі, са штучнай вентыляцыяй паветра. Пазней установа размяшчалася ў каменным будынку, які належаў гораду і арандаваўся за 4300 рублёў у год.
Згодна з раскладам на 1912/1913 навучальны год, кожны дзень у кожным класе праводзілася па 5 урокаў працягласцю 55 хвілін. Заняткі пачыналіся ў 8:30 раніцы. Вучэбная нагрузка выкладчыкаў была рознай: выкладчык алгебры і геаметрыі Пятосін вёў 15 урокаў у тыдзень, рускай мовы Шастоў — 14, прыродазнаўства і фізікі Мароўскі — 13, гісторыі і геаграфіі Чачкоўскі — 11, чарчэння і малявання Южанін — 10 урокаў. Значна меншую нагрузку мелі выкладчыкі педагогікі і Закона Божага (па 4 ўрокі), а таксама спеваў і гімнастыкі (2 ўрокі). Штодзённа пасля асноўных заняткаў для жадаючых выкладалася нямецкая мова. Акрамя гэтага, выкладчыкі з’яўляліся кіраўнікамі практыкі ў прымацаваным да інстытута гарадскім вучылішчы.
Дырэктары Першым дырэктарам інстытута з 1 ліпеня 1875 года стаў этнограф і гісторык Юльян Фаміч Крачкоўскі. У 1884 годзе яго выслалі ў Сярэднюю Азію, дзе ён узначаліў Туркестанскую настаўніцкую семінарыю. З 1 жніўня 1884 года дырэктарам быў прызначаны стацкі саветнік Міхаіл Архіпавіч Дураў. З 1 ліпеня 1891 года ўстанову ўзначальваў стацкі саветнік Усевалад Сямёнавіч Богаяўленскі, а з 23 верасня 1913 года — сапраўдны стацкі саветнік Васіль Пятровіч СпаскіСписок гражданским чинам IV класса. Исправлен по 1-е марта 1916 года. ч. 1. ; Список гражданским чинам IV класса. Исправлен по 1-е сентября 1911 года. .
Вядомыя выпускнікі Іосіф Пятровіч Каранеўскі — беларускі педагог, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, правадзейны член Інстытута беларускай культуры. Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч — беларускі вучоны-мовазнавец, арганізатар і першы старшыня Інстытута беларускай культуры, акадэмік Акадэміі навук БССР. Уладзімір Мікалаевіч Сірачынскі — беларускі вучоны-фізік, Герой Працы. Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў — беларускі партыйны і дзяржаўны дзеяч, Старшыня Прэзідыума ЦВК СССР ад БССР.
Крыніцы
Катэгорыя:Віленская навучальная акруга Катэгорыя:Настаўніцкія інстытуты Расійскай імперыі Катэгорыя:Гісторыя адукацыі ў Беларусі Катэгорыя:Навучальныя ўстановы Вільні Катэгорыя:З’явіліся ў 1875 годзе Катэгорыя:Гісторыя Вільні