Кароткая граматыка беларускай мовы – афіцыйная акадэмічная граматыка беларускай мовы, выдадзеная ў Мінску выдавецтвам «Беларуская навука» ў 2007–2009 гадах у дзвюх частках. Навуковы рэдактар – А. А. Лукашанец. Першая частка, Фаналогія. Марфаналогія. Марфалогія, выйшла ў 2007 годзе, другая, Сінтаксіс, – у 2009 годзе.

Граматыка падрыхтавана з улікам моўнай практыкі канца XX – пачатку XXI стагоддзя, тэндэнцый развіцця сістэмы беларускай мовы і досведу папярэдніх акадэмічных граматык – Граматыкі беларускай мовы 1962–1966 гадоў і Беларускай граматыкі 1985–1986 гадоў. Выданне мае нарматыўную накіраванасць; значная ўвага ў ім надаецца варыянтнасці сучаснага беларускага словазмянення і сінтаксісу.

Падрыхтоўка і змест

Ідэя стварэння новай кароткай акадэмічнай граматыкі і яе канцэпцыя належалі Аляксандру Падлужнаму. Пад яго кіраўніцтвам была праведзена асноўная праца над раздзеламі і першаснае рэдагаванне рукапісу. На завяршальным этапе асобныя раздзелы і рукапіс да выдання дапрацоўвала загадчыца аддзела сучаснай беларускай мовы Валянціна Паўлаўна Русак.

Першая частка была падрыхтавана ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Яна складаецца з раздзелаў «Фаналогія», «Марфаналогія» і «Марфалогія». Асобнага раздзела па словаўтварэнні няма, паколькі яго сістэма была падрабязна апісана ў Беларускай граматыцы 1985 года; звесткі пра словаўтварэнне асобных часцін мовы ўключаны ў адпаведныя марфалагічныя раздзелы.

Аўтары першай часткі: А. І. Падлужны – «Фаналогія» і «Дзеяслоў»; В. П. Русак – «Марфаналогія»; Г. У. Арашонкава – «Назоўнік»; А. А. Лукашанец – словаўтварэнне назоўнікаў; А. М. Булыка – «Прыметнік»; В. М. Нікалаева – «Лічэбнік»; Л. П. Кунцэвіч – «Займеннік» і «Прыслоўе»; П. П. Шуба – службовыя часціны мовы.

Другая частка была падрыхтавана ў Інстытуце мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі і прысвечана сінтаксісу. Яна ўключае раздзелы пра словазлучэнне, просты і складаны сказ і экспрэсіўны сінтаксіс; апошні раздзел быў новым у параўнанні з папярэднімі акадэмічнымі граматыкамі.

Аўтары раздзелаў другой часткі: А. Я. Міхневіч і Т. Р. Рамза – «Словазлучэнне»; В. П. Русак – «Сказ», «Просты сказ» і «Спосабы перадачы чужаслоўя»; Н. У. Чайка – «Эліптычныя сказы»; І. Л. Бурак – «Складаны сказ»; Т. Я. Шэмет – «Складаназалежныя сказы ўскладненай будовы»; В. У. Русак – «Экспрэсіўны сінтаксіс».

Выданні

Кароткая граматыка беларускай мовы. У 2 ч. Ч. 1. Фаналогія. Марфаналогія. Марфалогія / навук. рэд. А. А. Лукашанец. – Мінск : Беларуская навука, 2007. – 351 с. – ISBN 978-985-08-0904-9. Кароткая граматыка беларускай мовы. У 2 ч. Ч. 2. Сінтаксіс / навук. рэд. А. А. Лукашанец. – Мінск : Беларуская навука, 2009. – 240 с. – ISBN 978-985-08-1089-2.Летапіс беларускага друку. 2009. № 11. – Бібліяграфічны запіс № 9852.

Крыніцы

Гл. таксама Граматыкі беларускай мовы Граматыка беларускай мовы (1962—1966) Беларуская граматыка (1985—1986) Валянціна Паўлаўна Русак Аляксандр Іосіфавіч Падлужны Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец

Спасылкі Частка 1. «Фаналогія. Марфаналогія. Марфалогія» Частка 2. «Сінтаксіс»

Катэгорыя:Граматыкі беларускай мовы