Ко́рзуны, таксама Корзаны () — група шляхецкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага, якія карысталіся гербам «Марскі Кот» і ў XIX ст. дамагаліся прызнання ў дваранстве Расійскай імперыі. Асноўныя гнёзды роду знаходзіліся ў Слуцкім і Капыльскім княствах, а таксама ў Рэчыцкім і Рагачоўскім паветах.

Адзінства «роду Корзунаў» дакументальна не пацверджана, гэта некалькі асобных родаў аднаго прозвішча і аднаго герба, генеалагічную сувязь паміж імі абгрунтаваць крыніцамі пакуль не здолелі. У найноўшым зводзе — 8-м томе «Гербоўніка беларускай шляхты» (2024) — Корзунам прысвечаны пяць асобных пакаленных роспісаў, якія ахопліваюць каля 900 асоб XVII — пачатку XX ст.

Герб Усе вядомыя роды Корзунаў ужывалі герб «Марскі кот» (), у некаторых справах — у форме «Марскі кот зменены». Малюнак герба роду, зацверджаны пры вывадзе 1804 г., захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.

Польскі гісторык Станіслаў Дзядулевіч у «Гербоўніку татарскіх родаў у Польшчы» (1929) уключыў Корзунаў у лік родаў татарскага паходжання і апісаў іх герб як адмену «Марскога ката» з дадаткам разадранай рагаціны. Гэтая версія абапіраецца на дакументы, якія сучасныя даследаванні кваліфікуюць як фальсіфікаты XIX ст. (гл. ніжэй).

Паходжанне

Легендарныя версіі У вывадах шляхецтва першай трэці XIX ст. Корзуны падавалі разгорнутыя, але недакладныя ці наўпрост сфальсіфікаваныя доказы старажытнасці роду: легенда пра паходжанне з Корсікі: продак Жамамысл Корсын (Кортыш) нібыта перасяліўся ў Польшчу, а яго нашчадкі ў часы князя Кракуса сталі звацца Корзунамі; прывілей Уладзіслава II Ягайлы 1386 г. на маёнтак Монінск у Смаленскім княстве; удзел продкаў у Гарадзельскім сойме 1413 г.; запіс 1437 г. ваяводзіча кіеўскага Ерамея Стрыкініча-Корзуна (адсюль прыдомак «Стрыкініч», які фігураваў у пастанове 1835 г.); пацвярджальны прывілей Жыгімонта II Аўгуста ад 6 чэрвеня 1563 г.

Аўтар пакаленных роспісаў Яўген Глінскі паказаў, што амаль увесь гэты комплекс — фальсіфікаты, часткова складзеныя з імёнаў і рэалій радаводаў панскіх родаў ВКЛ XVI ст.; адны і тыя ж «дакументы» (з рознымі датамі) падаваліся адразу некалькімі рознымі родамі Корзунаў. Магчымую рэальную аснову мае толькі прывілей князя Сямёна Юр’евіча Алелькавіча-Слуцкага ад 8 мая 1555 года зямянам Брацлаўскага павета Івашку, Марціну, Сцяпану, Дарафею і Івану Корзунам на ўрочышча Жукаў Востраў, апублікаваны ў «Архиве Юго-Западной России», хоць і ён, верагодна, быў інтэрпаляваны.

Дакументальна пацверджаная аснова Рэальна прасочваюцца дзве розныя зыходныя групы: зямяне Слуцкага і Капыльскага княстваў — нашчадкі баяр, якія ў канцы XVI—XVII ст. перайшлі на зямянскую службу. Паводле інвентароў, ужо ў XVII ст. яны ўтваралі некалькі асобных «гнёздаў»: маёнтак Старыца Капыльскага княства (засценкі Корзуны, Лінск, Сычаўцы), маёнтак Баславічы (засценак Клешаў), маёнтак Старчыцы (засценкі Касынічы і Танежыцы), а таксама засценак Балотчыцы; экзулянты са Смаленскага ваяводства — Цімафей Корзун, які дэкрэтам камісарскага суда ад 1 чэрвеня 1668 года атрымаў кампенсацыю за страчаныя маёнткі і ў 1681—1688 гадах набыў часткі маёнткаў Рыня і Міхалёва ў Рэчыцкім павеце.

Гістарычна асноўнай формай прозвішча была «Корзун»; пры доказе шляхецтва ў XIX ст. яно пераважна перадавалася як «Корзан».

Роды і галіны У «Гербоўніку беларускай шляхты» пяць родаў Корзунаў пададзены асобнымі роспісамі без уласных назваў; ніжэй яны ўмоўна пазначаны паводле асноўнага рэгіёна рассялення. ДДС — дваранскі дэпутацкі сход.

Род Гнёзды Кароткая характарыстыка Прызнанне ў дваранстве Рэчыцка-рагачоўскі Рэчыцкі і Рагачоўскі паветы Ад Цімафея, экзулянта са Смаленшчыны. Засценкі Антушы (Пушкарэўшчына), Шацілкі, Старыя Сцяпы (Бабруйскі павет). Далучаныя галіны з Аршанскага і Дзісенскага паветаў — апошняя з іх род уніяцкіх святароў з в. Богіна Рагачоўскі правінцыйны земскі суд, 27.02.1775; Беларускі ДДС, 21.03.1799; Мінскі ДДС, 27.06.1830 і 28.11.1850; Магілёўскі ДДС, 1842—1849; указ Сената 30.04.1851 Нясвіжска-слуцкі Нясвіжскі і Слуцкі паветы Ад Сымона і Рыгора; у вывадзе выводзіліся ад чашніка старадубскага Сільвестра († пасля 1741). Засценкі Пляшэвічы, Кацельнікі, Востраў-Барок, Гарохаўцы, Чарнагубава. Асобная праваслаўная галіна ў засц. Меляшковічы засталася ў стане аднадворцаў Мінскі ДДС, 30.07.1804, 1832—1856; указы Сената 21.12.1860 і 28.01.1863 Мінска-барысаўскі Мінскі, Барысаўскі і Ігуменскі паветы Найменшы з роспісаў (11 асоб). З яго паходзіў Адам-Раман Корзан, бацька гісторыка Тадэвуша Корзана Мінскі ДДС, 30.07.1819; зацвярджэння Сенатам не было Слуцка-ігуменскі Слуцкі, пазней Ігуменскі павет Найбуйнейшы род: шэсць галін (I—VI) і больш за дзесяць падгалін, звыш 540 персаналій. Адна з галін у канцы XVIII ст. перасялілася на Валынь (Жытомірскі павет) Мінскі ДДС, 01.12.1825, 15.12.1832, 27.07.1840, 21.12.1844, 19.12.1849, 21.06.1860, 14.06.1889; указ Сената 23.06.1838 — адмова, 15.05.1862 і 09.10.1889 — зацвярджэнне Астравоцкі Мінскі павет Малы род (маёнткі Астравок, Світалаўка, Нізок). Згас па мужчынскай лініі Мінскі ДДС, 24.04.1829; вядзенне справы спынена 19.08.1855 у сувязі са згасаннем роду

Найскладаней уладкаваны слуцка-ігуменскі род. Вывады 1825 і 1832 гг. звялі ў адну штучную схему звесткі пра Корзунаў, якія жылі ў розных частках Слуцкага і Капыльскага княстваў, прычым генеалагічныя схемы гэтых двух вывадаў у ранніх пакаленнях значна разыходзяцца паміж сабой. Таму ў сучасным роспісе род падзелены на галіны паводле рэальнай геаграфіі рассялення: I — засц. Сычаўцы, II — засценкі Корзуны і Лінск, III — засц. Клешаў, IV — засц. Касынічы, V — засц. Танежыцы (потым Жытомірскі павет), VI — засц. Балотчыцы.

Лёс роду ў XIX стагоддзі Гісторыя Корзунаў — характэрны прыклад «разбору шляхты». Дробная засцянковая шляхта не мела прывілеяў на маёнткі і не магла падаць бясспрэчных доказаў паходжання ад ранніх пакаленняў, таму значная частка прызнанняў мясцовымі дваранскімі дэпутацкімі сходамі не была зацверджана Сенатам. Указам Сената ад 23 чэрвеня 1838 г. чатыры галіны слуцка-ігуменскага роду не зацверджаны «з прычыны адсутнасці прывілеяў на наданне маёнткаў раннім прадстаўнікам роду»; у сярэдзіне 1860-х гг. большасць прызнаных у 1840 г. Корзунаў канчаткова перавялі ў падатковы стан, а з 1865 г. яны лічыліся аднадворцамі. Асобныя сем’і, наадварот, дамагаліся зацвярджэння — так, у 1889 г. асобна прызнаны і зацверджаны ў дваранстве мінскі чыноўнік Тэафіл-Леанард Корзан з дзецьмі.

Частка Корзунаў на мяжы XVIII і XIX стст. выехала ў Валынскую і Кіеўскую губерні, дзе іх справы вяліся ў Валынскім дваранскім дэпутацкім сходзе.

Вядомыя прадстаўнікі Тадэвуш Корзан (Tadeusz Korzon; 1839, Мінск — 1918, Варшава) — польскі гісторык, аўтар «Гісторыі Польшчы ў часы Станіслава Аўгуста» і ўспамінаў пра Мінск сярэдзіны XIX ст. Сын Адама-Рамана Корзана (1804—1863), чыноўніка Мінскага губернскага праўлення (мінска-барысаўскі род). Яго галіна згасла па мужчынскай лініі. Тадэвуш-Тэафіл Корзан (1872—1943) — сын гісторыка, лекар-хірург, падпалкоўнік Войска Польскага, памочнік дырэктара Ваеннага музея ў Варшаве. Тэафіл-Леанард Корзан (1822—1892) — стацкі саветнік, малодшы рэвізор Мінскай кантрольнай палаты, гласны Мінскай гарадской думы (слуцка-ігуменскі род). Уладзіслаў Корзан (1873—1929) — інжынер-тэхнолаг Лібава-Роменскай чыгункі, гласны Мінскай гарадской думы, у 1918 г. — сябра Рады БНР ад гарадскога самакіравання. Тадэвуш Корзан (1876—1943) — інжынер-тэхнолаг, дырэктар Мінскай гарадской электрастанцыі (1905—1906, 1911—1920), у 1919—1920 гг. першы намеснік бурмістра Мінска; склаў вядомы гістарычны план Мінска другой паловы XVIII ст. Стэфан Корзан (1880—1938) — інжынер-тэхнолаг, начальнік тэхнічнага аддзела службы шляху Лібава-Роменскай чыгункі, гласны Мінскай гарадской думы.

Трох аднайменных Тадэвушаў Корзанаў — гісторыка, лекара і інжынера — у літаратуры неаднаразова блыталі паміж сабой; блізкага сваяцтва паміж гісторыкам і інжынерам не існавала.

Гл. таксама Рэчыцкая шляхта Засценак

Крыніцы

Літаратура  — С. 637—703.

Спасылкі

Катэгорыя:Вялікалітоўская арыстакратыя