Казімір Алойзы Галоўка (пол. Kazimierz Alojzy Hołowka, 3 сакавіка 1718, Пінскі павет — пасля 1787) — географ, педагог і выдавец, аўтар першага падручніка па геаграфіі ў Беларусі і Літве.

Біяграфія Магістр філасофіі і вольных мастацтваў. З шляхецкай сям’і. З 1731 езуіт. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Навагрудку, Гродне, Вільні. З 1743 святар. Выкладаў граматыку, паэзію, рыторыку, філасофію, тэалогію маральную, геаграфію, гісторыю, матэматыку ў езуіцкіх навучальных установах у Вільні (1746/47, 1749—52), Варшаве (1747—49, 1752/53). У Вільні адначасова выконваў функцыі віцэ-рэгента шляхецкага канвікта (1749-52). У 1753—55 у Вільні выхавацель сыноў рэферэндара ВКЛ Антонія Тадэвуша Пшаздзецкага. У 1756/57 выкладаў геаграфію ў Навагрудку, адначасова місіянер у Любчы, у 1757/58 выкладаў тэалогію маральную ў Вільні. З 1760 выкладаў геаграфію ў Пінскім езуіцкім калегіуме. Пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) звесткі пра Галоўку адсутнічаюць.

Аўтар першага падручніка па геаграфіі ў Беларусі і Літве (Compendium geographiae, Вільня, 1743), нарыса па геаграфіі Рэчы Паспалітай на польскай мове (перавыдаваўся 5 разоў з 1757 у дадатку да практычнай энцыклапедыі Якуба Казіміра Гаўра «Агульная эканоміка землеўласніка»), геаграфічных табліц і карт, у т.л. ВКЛ («Chartae geographicae Galliae, Germaniae, Majoris Poloniae et M. Duc. Lithuaniae», 1750, не зберагліся). З 1747 на працягу 8 гадоў выдаваў на польскай мове «Гістарычныя календары», якія мелі асветніцкі характар. Аўтар кнігі «Еўропа ў соймах» («Europa seymuiąca», Варшава, 1753) пра парламентарызм Рэчы Паспалітай і іншых еўрапейскіх краін.

Спрэчным з’яўляецца аўтарства працы «Domowe wiadomosci o Wielkim Xięstwie Litewskim z przyłączeniem historyi tegoż narodu przedrukowane […]», якую Караль Эстрайхер прыпісвае да даробку Казіміра Галоўкі, але паводле Эдварда Шнайдэра больш верагодны аўтар — езуіт Францішак Папроцкі.

Працы Compendium geographiae in versiculos dispositae e priscis novisq. scriptoribus depromptum, usui jllustrissimae florentissimaeq. juventutis in Alma Academia et Universitate Vilnensi Societatis Jesu dedicatum. 1743

Oekonomika ziemianska generalna punktami partykularnemi, interrogatoryami gospodarskiemi, praktyką miesięczną, Modelluszami albo tabulami arythmetycznemi obiasniona. 1757.

Літаратура Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя : [у 3 т.]. — Мінск, 2005. — Т. 1. — С. 487.

Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст. : энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1995. — С. 200.

Hołowka Kazimierz Alojzy, Polski Słownik Biograficzny. T.IX. S. 598—599.

Nauka i uczeni na ziemi wileńskiej od XVI w. do 1945 r. / opracował: Mieczysław Jackiewicz. Bydgoszcz : Towarzystwo Miłośników Wilna i Ziemi Wileńskiej, 2010. S. 135

Спасылкі

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1718 годзе

Катэгорыя:Географы XVIII стагоддзя Катэгорыя:Географы Катэгорыя:Езуіты Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскай езуіцкай акадэміі