Воля (з 2026 года — Рух «Воля») — беларуская палітычная фракцыя ў Каардынацыйнай радзе Беларусі. Узнікла ў 2024 годзе як выбарчы спіс для ўдзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду III склікання. На выбарах 2024 года спіс атрымаў 6 мандатаў. У 2026 годзе пераемны спіс пад назвай «Рух „Воля“» атрымаў 8 мандатаў у Каардынацыйнай радзе IV склікання.
Фракцыя выступае за аднаўленне дзяржаўнага і народнага суверэнітэту Беларусі, спыненне расійскай вайсковай прысутнасці, аднаўленне канстытуцыйнага ладу, стварэнне нацыянальных узброеных сіл, правядзенне палітычных і эканамічных рэформаў і падтрымку Украіны.
Гісторыя
Выбары 2024 года і Каардынацыйная рада III склікання У 2024 годзе «Воля» была зарэгістраваная пад № 2 як адзін з выбарчых спісаў на выбарах у Каардынацыйную раду III склікання. Першапачаткова спіс узначальваў намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук, аднак 30 красавіка ён паведаміў выбарчай камісіі пра выхад са спіса. Наступным лідарам спіса стаў блогер Аляксандр Кабанаў.
Галасаванне праходзіла 25—27 мая 2024 года ў анлайн-фармаце. У ім узялі ўдзел 6723 выбаршчыкі. «Воля» атрымала 432 галасы (6,4 %) і 6 мандатаў.
Дэлегатамі Каардынацыйнай рады III склікання ад спіса сталі Аляксандр Кабанаў, Генадзь Манько, Сяргей Пятрухін, Карына Маліноўская, Максім Дзенісевіч і Аляксандр Клачко.
У кастрычніку 2025 года пяць прадстаўнікоў блока «Воля» заявілі пра выхад з Каардынацыйнай рады. Яны ўваходзілі ў групу з сямі дэлегатаў, якія пакінулі раду на працягу аднаго тыдня.
Выбары 2026 года і Каардынацыйная рада IV склікання У 2026 годзе спіс быў зарэгістраваны для ўдзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду IV склікання пад назвай «Рух „Воля“». Лідарам спіса стаў Мікіта Забуга. У яго ўвайшлі 28 кандыдатаў, сярод якіх былі Вадзім Кабанчук, Генадзь Манько, Анатоль Міхнавец, блогер Севярын Квяткоўскі і іншыя грамадскія дзеячы.
На выбарах 2026 года за «Рух „Воля“» прагаласавалі 220 выбаршчыкаў. Спіс атрымаў 10,41 % галасоў і 8 мандатаў.
Дэлегатамі Каардынацыйнай рады IV склікання сталі Мікіта Забуга, Вадзім Кабанчук, Ігар Яўгеньявіч, Анатоль Міхнавец, Вольга Галамеева, Генадзь Манько, Аляксандр Юркойць і Дзяніс Герасімчык.
1 ліпеня 2026 года Анатоль Міхнавец быў абраны першым віцэ-спікерам КР. За яго кандыдатуру прагаласавалі 55 з 75 дэлегатаў.
Пераслед з боку беларускіх уладаў У маі 2024 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі прызнаў выбарчую кааліцыю «Воля», яе Telegram-канал, чат і бот «экстрэмісцкім фарміраваннем».
21 мая 2024 года Следчы камітэт Беларусі паведаміў пра распачынанне крымінальных спраў супраць усіх удзельнікаў выбараў у Каардынацыйную раду. Кандыдатаў абвінавацілі паводле артыкулаў аб стварэнні «экстрэмісцкага фарміравання», удзеле ў ім, закліках да санкцый і змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады.
16 красавіка 2026 года КДБ асобна прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» выбарчы спіс «Рух „Воля“» на чале з Мікітам Забугам. У склад названага ў рашэнні «фарміравання» беларускія ўлады ўключылі ўсіх 28 кандыдатаў спіса.
Электаральная гісторыя Каардынацыйная рада Выбары Лідар спісу Галасоў % Колькасць мандатаў Статус 2024 Аляксандр Кабанаў 432 6,4 2026 Мікіта Забуга 220 10,41
Крыніцы
Катэгорыя:Фракцыі Каардынацыйнай рады