«Блакі́тны ліхта́р» — рукапісны літаратурны альманах, які выдаваўся ў 1971—1974 гадах на беларускай і рускай мовах у Наваполацку. Заснавальнік — Вінцэсь Мудроў. Выйшла 15 нумароў. Усе нумары сканфіскаваныя КДБ.

Гісторыя Першы нумар альманаха з’явіўся ў снежні 1971 года як рэакцыя на асвятленне 80-гадовага юбілею Максіма Багдановіча беларускімі савецкімі газетамі. Вінцэсь Мудроў ініцыяваў выданне як орган суполкі «Творчае літаратурна-мастацкае аб’яднанне імя Максіма Багдановіча». У першы нумар, які налічваў 12 старонак, увайшлі вершы Вінцэся Мудрова і Валерыя Шлыкава. Акрамя гэтага ў выданні былі разважанні Мудрова наконт беларускай мовы. У 1972 годзе выйшаў прысвечаны творчасці Якуба Коласа другі нумар, рэдактарам якога быў Валерый Шлыкаў. На вокладцы гэтага нумара ўжо з’явілася назва «Блакітны ліхтар» (па прыкладзе суполкі «Зялёная лямпа» быў зроблены малюнак ліхтара фламастарам блакітнага колеру). Аўтарамі альманаха былі наваполацкія студэнты (Вінцэсь Мудроў, Валерый Шлыкаў, Анатоль Рыбікаў) ды школьнікі (Андрэй Грабаў).

У тым жа годзе з’явіўся трэці нумар выдання, які падрыхтаваў Анатоль Рыбікаў. У 1973 годзе аўтараў альманаха пабольшала. Тады сябрамі аб’яднання імя Максіма Багдановіча сталі студэнты з Мінска Уладзімір Арлоў і Генадзь Кулажанка. У выданні публікаваліся вершы, апавяданні, артыкулы пра беларускую мову, жарты, «чарнільная лірыка», рэцэнзіі, пародыі на творы аўтараў альманаха, інфармацыя пра вандроўкі (напрыклад, у Вільню). Як адзначае Уладзімір Арлоў, часопіс чыталі ў Полацку, Наваполацку, Мінску (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы горада).

Пераслед У 1974 годзе аўтараў альманаха КДБ выклікаў на «прафілактычныя гутаркі». Усе нумары выдання (восем знаходзіліся ў Вінцэся Мудрова, чатыры — у Анатоля Рыбікава, яшчэ два нумары хадзілі па руках у студэнцкім інтэрнаце, а апошні, пятнаццаты, нумар быў у з’ехаўшага на некалькі дзён з Наваполацка сябра) былі канфіскаваныя. У пачатку 1990-х гадоў аўтары спрабавалі вярнуць выданне, аднак спроба аказалася марнай. На думку Вінцэся Мудрова, канфіскаваныя альманахі былі знішчаны.

Крыніцы

Літаратура

«Блакітны ліхтар» // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. — Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. — ISBN 985-6374-08-1. «Блакітны ліхтар» // Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі (1971—1990). Каталёг / Укладальнікі Юрась Лаўрык, Ларыса Андросік. — Менск: БГАКЦ, 1998. — С. 23. — 172 с. — ISBN 985-6012-58-9.

Спасылкі

Катэгорыя:Беларускі самвыдат Катэгорыя:Літаратурныя альманахі Катэгорыя:Часопісы Беларусі Катэгорыя:Часопісы на беларускай мове Катэгорыя:Часопісы на рускай мове