П’е́р-Жан дэ Беранжэ́ (, [pjɛʁ ʒɑ̃ də beʁɑ̃ʒe]; 19 жніўня 1780, Парыж — 16 ліпеня 1857, Парыж) — французскі паэт і аўтар песень, адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў французскай песеннай паэзіі XIX стагоддзя. Развіваў традыцыі французскай народнай песні. У яго творчасці спалучаліся лірычныя, бытавыя, сацыяльныя і палітычныя матывы.
Біяграфія Нарадзіўся 19 жніўня 1780 года ў Парыжы, у доме дзеда на вуліцы Мантаргей. Частку дзяцінства правёў у Пероне, дзе вучыўся ў школе, заснаванай на прынцыпах Русо, і працаваў у друкарні. У юнацтве займаўся самаадукацыяй, спрабаваў пісаць вершы ў розных жанрах. Пасля вяртання ў Парыж некаторы час жыў у цяжкіх матэрыяльных умовах.
У пачатку XIX стагоддзя Беранжэ дасылаў свае творы Люсьену Банапарту, які аказаў яму матэрыяльную падтрымку. Пазней паэт атрымаў месца ў канцылярыі, пры Парыжскім універсітэце. У 1813 годзе далучыўся да вядомага таварыства аўтараў і песеннікаў Caveau Moderne.
У 1815 годзе выйшаў зборнік «Песні маральныя і іншыя». У гэты час Беранжэ ўжо быў вядомы ў парыжскіх песенных таварыствах. Яго творы пашыраліся сярод гарадской публікі і набывалі грамадскае і палітычнае гучанне.
Пасля Рэстаўрацыі Бурбонаў у песнях Беранжэ ўзмацніліся сатырычныя, антыдваранскія і антыклерыкальныя матывы. За творы, надрукаваныя ў двухтомным выданні 1821 года, паэт быў прыцягнуты да суда, аштрафаваны на 500 франкаў і зняволены на тры месяцы ў турме Сент-Пелажы. Паўторна ён быў асуджаны пасля выхаду зборніка 1828 года — на гэты раз на дзевяць месяцаў.
Пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 года Беранжэ не прыняў дзяржаўнай пасады і працягваў жыць як незалежны літаратар. У творах 1830—1840-х гадоў ён звяртаўся да рэвалюцыйных падзей, становішча простых людзей і крытыкі Ліпеньскай манархіі.
Падчас рэвалюцыі 1848 года Беранжэ быў выбраны ва Устаноўчы сход, аднак неўзабаве адмовіўся ад дэпутацкага мандата. Апошнія гады жыў пераважна адасоблена. Памёр 16 ліпеня 1857 года ў Парыжы.
Пахаваны на могілках Пер-Лашэз.
Творчасць Раннія творы Беранжэ вылучаліся весялосцю, жыццялюбствам і пачуццёвасцю. У іх паэт звяртаўся да бытавых сюжэтаў, сяброўства, кахання і радасцей паўсядзённага жыцця. Разам з тым ужо ў ранняй творчасці з'явіліся палітычная сатыра і крытычнае стаўленне да ўлады.
У песні «Кароль Івето» Беранжэ высмеяў напалеонаўскія войны і раскошу імператарскага двара. Яе герой — сціплы і міралюбны правіцель — супрацьпастаўлены манарху, які вядзе войны і абцяжарвае народ падаткамі.
У перыяд Рэстаўрацыі Бурбонаў Беранжэ стварыў шэраг антыдваранскіх і антыклерыкальных песень. У «Маркізе дэ Караба» ён высмейваў прэтэнзіі дваранства на высокае паходжанне і прывілеі, а ў «Святых айцах» — палітычны ўплыў духавенства. Публікацыя такіх твораў стала прычынай судовага пераследу паэта.
Песні 1830—1840-х гадоў прысвечаны рэвалюцыйнай барацьбе, грамадскай няроўнасці і становішчу простых людзей. Барацьба і гераізм удзельнікаў рэвалюцый адлюстраваны ў «Ліпеньскіх магілах», а буржуазная манархія Луі-Філіпа выкрываецца ў песні «Бандзі».
Пад уплывам ідэй утапічнага сацыялізму Беранжэ выказваў спадзяванне на мірнае пераўтварэнне грамадства і дасягненне хрысціянскай ідэі роўнасці. Гэтыя погляды знайшлі адлюстраванне ў песнях «Вар'яты» і «Чатыры эпохі». У «Вар'ятах» паэт услаўляў мысліцеляў і рэфарматараў, якіх сучаснікі лічылі непрактычнымі летуценнікамі.
Значнае месца ў творчасці Беранжэ займаюць вобразы людзей з народа. Да такіх твораў належаць «Прыдворны фрак», «Разбітая скрыпка» і «Рыжая Жанна». У іх сацыяльная праблематыка спалучаецца з лірычным або гумарыстычным пачаткам.
Песні Беранжэ жанрава разнастайныя, простыя паводле зместу, злабадзённыя паводле тэматыкі, дасціпныя і іранічныя. Важную кампазіцыйную ролю ў іх адыгрывае рэфрэн, які часта становіцца сэнсавай і эмацыянальнай кульмінацыяй твора.
Паэт звычайна пісаў тэксты на ўжо вядомыя мелодыі, часта — на народныя напевы. Гэта аблягчала іх выкананне і пашырэнне сярод слухачоў. Песня стала формай непасрэднага водгуку на палітычныя падзеі і грамадскія настроі.
Беранжэ таксама працаваў над кнігай успамінаў «Мая біяграфія» (). Яна засталася незавершанай і была выдадзена пасмяротна ў 1861 годзе.
Пераклады на беларускую мову Творы Беранжэ перакладалі на беларускую мову Эдзі Агняцвет, Алесь Дудар, Аляксей Зарыцкі, Ніна Мацяш.
У 1960 годзе ў Мінску выйшла асобная кніга «Выбраныя песні» ў перакладзе Эдзі Агняцвет з французскай мовы. У яе ўвайшлі творы розных перыядаў, у тым ліку палітычныя, сатырычныя, філасофскія і лірычныя песні.
Алесь Дудар пераклаў песню Беранжэ «Белая кукарда», надрукаваную ў 1933 годзе ў часопісе «Полымя рэвалюцыі».
Выбраныя творы
«Кароль Івето» (); «Маркіз дэ Караба» (); «Святыя айцы»; «Прыдворны фрак»; «Разбітая скрыпка»; «Рыжая Жанна»; «Ліпеньскія магілы»; «Бандзі»; «Вар'яты» (); «Чатыры эпохі»; «Мая біяграфія» (, выдадзена пасмяротна ў 1861 годзе).
Крыніцы
Літаратура
Беранжэ П'ер Жан. Выбраныя песні / пераклад з французскай мовы Эдзі Агняцвет. — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1960. — 121, с. Барычэўскі Я. Песні Беранжэ: да сямідзесяціпяцігоддзя з часу яго смерці // Маладняк. — 1932. — № 7. Данилин Ю. Беранже и его песни. — 2-е изд. — Москва: Художественная литература, 1973. Муравьёва Н. И. Беранже. — Москва: Молодая гвардия, 1965.