Царква́ Святы́х Кузьмы́ і Дзям’я́на () — раннебарочны храм на тэрыторыі Эмаўскага манастыра (На Слованех) у Празе (Чэхія), які сёння належыць грэка-каталіцкай царкве. Першапачаткова быў рымска-каталіцкім і выконваў функцыі парафіяльнага касцёла колішняй самастойнай вёскі Подскалі. Царква з’яўляецца важным цэнтрам духоўнага і культурнага жыцця беларускай дыяспары ў Чэхіі.
Гісторыя Невялікая раманская царква колішняга пражскага паселішча Подскалі ўпершыню згадваецца ў гістарычных крыніцах у 1178 годзе як парафіяльная. Паводле легенды, яна была заснавана яшчэ ў 928 годзе князем Вацлавам і існавала за чатыры стагоддзі да з’яўлення асноўнага манастырскага комплексу. Чэшскі пісьменнік Ёзеф Сватак у сваёй кнізе «Пражскія паданні і легенды» (1883) апісваў заснаванне храма наступным чынам:
Месца заснавання манастыра гістарычна звязваецца з першай хрысціянізацыяй Чэхіі, хоць вобраз багіні Мараны з’яўляецца пазнейшым канструктам часоў чэшскага нацыянальнага адраджэння. Згодна з іншымі паданнямі, у гэтым храме служылі літургію святы Войцех і святы Пракоп Сазаўскі. Забойства святога Вацлава каля храма ў Старай-Болеславі адбылося раніцай пасля свята Кузьмы і Дзям’яна (якое да 1969 года адзначалася 27 верасня). Эмаўскія манахі традыцыйна праводзілі тут набажэнствы ў дзень памяці гэтых святых і на працягу ўсёй актавы свята святога Вацлава.
У 1347 годзе імператар Карл IV вырашыў заснаваць кляштар са славянскай літургіяй, усведамляючы ўнікальнасць чэшскіх зямель як месца спалучэння заходняга лацінскага абраду і ўсходняй кірыла-мяфодзіеўскай традыцыі. Для гэтага ён абраў месца побач з падскальскай парафіяльнай царквой. Да завяршэння будаўніцтва галоўнага манастырскага храма Дзевы Марыі ў 1372 годзе, менавіта невялікая царква Кузьмы і Дзям’яна выкарыстоўвалася манахамі-бенедыктынцамі з Харватыі як асноўная манастырская святыня. У далейшым будынак пэўны час служыў нават для прэсавання вінаграду.
У 1611 годзе ў храме быў пахаваны абат Матуш Плацыд, паколькі галоўны касцёл манастыра быў разрабаваны і апаганены падчас ваенных дзеянняў. Сучасны выгляд у стылі ранняга барока царква набыла ў выніку перабудовы, праведзенай мансератскімі бенедыктынцамі ў 1657—1659 гадах. Храм значна пацярпеў пасля камуністычнага перавароту 1948 года і ў наступныя дзесяцігоддзі ў перыяд сацыялізму.
Архітэктура і інтэр'ер міні|злева|Інтэр'ер храма з іканастасам Пры поглядзе з боку Влтавы царква выглядае даволі непрыкметна на фоне комплексу Эмаўскага манастыра. Інтэр'ер храма выкананы ў барочным стылі, перакрыты цыліндрычным скляпеннем з багатай ляпной аздобай. У алтарнай частцы захаваўся абраз XVII стагоддзя з выявай святых Кузьмы і Дзям’яна, якія стаяць побач са святым Вацлавам.
Паколькі цяпер храм выкарыстоўваецца грэка-каталіцкай царквой, ва ўсходняй частцы інтэр'еру ўсталяваны іканастас. У яго цэнтры знаходзяцца абразы Ісуса Хрыста і Багародзіцы, злева размешчана выява святога Мікалая, а справа — святой Агнэсы Чэшскай.
У 2010—2015 гадах адбылася маштабная рэканструкцыя п’яцэты перад царквой паводле праекта архітэктурнага бюро «IXA» пад кіраўніцтвам Томаша Градзечнага. Мэтай праекта было стварэнне сучаснай геаметрызаванай структуры з традыцыйных матэрыялаў, якая б аб'яднала прастору паміж капліцай Кузьмы і Дзям’яна, касцёлам Дзевы Марыі і крылом дэрматалагічнага інстытута. Дыяганальны растр плошчы быў выкладзены з глінскай гранітнай брукаванкі і сталёвых палос, а таксама з выкарыстаннем тэхналогіі мытага бетону з рачным каменнем. З тэрыторыі былі прыбраны штучныя транспартныя бар'еры і старыя ліхтары, абмежаванне ўезду забяспечваецца высоўнымі слупкамі. Сістэма асвятлення была распрацавана ў максімальна мінімалістычным стылі.
Цэнтр беларускага жыцця Царква святых Кузьмы і Дзям’яна з’яўляецца важным асяродкам рэлігійнага і грамадскага жыцця беларусаў у Чэхіі. Тут рэгулярна праводзіць набажэнствы беларускае грэка-каталіцкае душпастырства Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы, якое ўзначальвае протапрэсвітар Андрэй Абламейка.
25 снежня 2009 года ў храме адбылася першая ў гісторыі Прагі калядная літургія на беларускай мове. З таго часу набажэнствы сталі рэгулярнымі, яны адбываюцца ў кожную апошнюю нядзелю месяца, а таксама на вялікія святы: Вялікдзень, Раство, Дабравешчанне і на Дзяды. Пры парафіі дзейнічае нядзельная школа для дзяцей.
Штогод у храме і на прылеглай тэрыторыі пражскія беларусы адзначаюць Дзень Волі. Так, у 2011 годзе святочную літургію тут наведаў грэка-каталіцкі экзарх Чэхіі біскуп Уладзіслаў Гучка, падчас службы спяваў мінскі хор «Прасфара». У свецкай частцы імпрэзы, якую вёў Сяргей Навумчык, бралі ўдзел палітыкі Аляксей Міхалевіч і Багдан Данілішын. У межах святкавання Вячаслаў Ракіцкі прэзентаваў свой тэлевізійны праект «Сцяна», а таксама адбыўся канцэрт дудара Яўгена Барышнікава.
На Дзяды пасля набажэнстваў вернікі традыцыйна наведваюць Ольшанскія могілкі, дзе ўшаноўваюць памяць прэзідэнтаў Рады БНР Пятра Крачэўскага і Васіля Захаркі, а таксама опернага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага. У 2017 годзе беларуская парафія прыняла ўдзел у агульнаеўрапейскай акцыі «Ноч храмаў», падчас якой царкву наведаў Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек. Мерапрыемства было прысвечана 500-годдзю выдання пражскага Псалтыра Францыска Скарыны.
Крыніцы
Катэгорыя:Храмы Прагі Катэгорыя:Уніяцкія храмы Катэгорыя:З’явіліся ў X стагоддзі Катэгорыя:Беларусы ў Чэхіі Катэгорыя:Збудаванні Чэхіі ў раманскім стылі Катэгорыя:Збудаванні Чэхіі ў стылі барока